Вы тут

Як кіруюць айчынным спадарожнікам сувязі?


Больш за год таму Беларусь займела ў касмічнай прасторы сваё другое «прадстаўніцтва» — спадарожнік Белінтэрсат-1 быў выведзены на арбіту кітайскай ракетай-носьбітам «Чаньчжэн-3В» (у перакладзе — «Вялікі паход»). Ад першага айчыннага касмічнага апарата ён адрозніваецца кардынальна. У першую чаргу па прызначэнні, задача сатэліта — аказваць тэлекамунікацыйныя паслугі: спутнікавае тэле- і радыёвяшчанне, доступ у інтэрнэт... Для кіравання спадарожнікам у вёсцы Станькава быў створаны наземны комплекс кіравання і невялікі «касмічны гарадок». Напярэдадні Дня касманаўтыкі карэспандэнты «Звязды» пабывалі ў «беларускім Каралёве» і паназіралі, як апаратам паспяхова кіруюць нядаўнія студэнты.


Усе ан­тэ­ны скі­ра­ва­ны ў бок эк­ва­та­ра — ме­на­ві­та там зна­хо­дзіц­ца бе­ла­рус­кі спа­да­рож­нік су­вя­зі.

«Казармы» для інжынераў

— Гэты будынак — былая казарма, — паказвае на новенькі трохпавярховік начальнік Цэнтра кіравання палётам спадарожніка Алег ВІНЯРСКІ. — Ад яе пакінулі, па сутнасці, толькі нясучыя канструкцыі, усё астатняе перарабілі. Атрымалі 32 якасныя сучасныя кватэры, у іх жывуць многія супрацоўнікі ЦКП, у тым ліку і я. Увогуле, для работы цэнтра тут пабудавалі ўсю інфраструктуру. Мы маем уласную падстанцыю, якая сілкуецца ад дзвюх незалежных гарадскіх ліній. Нават калі раптам здарыцца такое, што абедзве крыніцы энергіі выйдуць са строю, у нас ёсць дзве аўтаматычныя дызель-генератарныя ўстаноўкі, якія спрацоўваюць праз 6—8 секунд адсутнасці сілкавання. Ёсць і ўласная кацельня, якая забяспечвае цёплай вадой асноўны будынак і інтэрнат, свая сістэма пажаратушэння ў кожным памяшканні, сваё кандыцыяніраванне, гаражы, склады... Прасцей кажучы, мы можам працаваць абсалютна аўтаномна нават у самых неспрыяльных умовах.

Навошта такія выдаткі? Усё проста: адна з галоўных характарыстык спадарожніка сувязі — надзейнасць. Заказчыкі, якія плацяць грошы за паслугі Белінтэрсат-1, павінны быць упэўненыя, што сігнал заўсёды стабільна дойдзе да спажыўца, незалежна ад знешніх фактараў. Акрамя таго, не сакрэт, што сатэліт іграе не апошнюю ролю ў сістэме ваеннай абароны краіны.

Асноўны будынак знаходзіцца за некалькі крокаў ад інтэрната. За ім — ідэальна роўная пляцоўка з газонам. Тут размяшчаецца цэлы комплекс з велізарных антэн, кожная з якіх мае сваё прызначэнне: 11-метровая для паслуг DTH, прасцей кажучы — спадарожнікавага тэлевяшчання, 13-метровая — для кантролю якасці сігналу ў C-дыяпазоне і кіравання самім сатэлітам, 9-метровая — для тых жа мэт у KU-дыяпазоне, яшчэ дзве меншага памеру — для перадачы даных, у тым ліку доступу ў інтэрнэт. Такім чынам, напрыклад, супрацоўнікі беларускіх пасольстваў за мяжой могуць заўсёды мець бяспечны доступ у сеціва без пасрэднікаў. Яшчэ ёсць функцыі ІP-тэлефаніі і так званага стрымінгу, або прамой трансляцыі відэа ў інтэрнэт — апошнім разам яе выкарыстоўвалі для паказу чэмпіянатаў па таэквандо.

Пад кожнай антэнай знаходзіцца тэхнічнае памяшканне, дзе ўсталяваны сістэмы пажаратушэння і кантролю мікраклімату. Ёсць тут і ўласная метэастанцыя, бо надвор'е можа паўплываць на аказанне паслуг — пад уздзеяннем тэмпературы, ветру і вільгаці антэны скажаюць сігнал, гэта застаўляе павялічваць магутнасць перадатчыка. У Станькаве працуе і ўласная служба дэратызацыі ў асобе... рудога ката. Жарты жартамі, але мышы ўяўляюць сур'ёзную небяспеку для начыненага тысячамі правадоў будынка, таму дапамозе з боку вусатага ахоўніка тут толькі рады.

Ва ўсіх тэх­ніч­ных па­мяш­кан­нях на­зем­на­га комп­лек­су кі­ра­ван­ня пра­цу­юць сіс­тэ­мы філь­тра­ван­ня па­вет­ра, вен­ты­ля­цыі, пад­тры­ман­ня мік­ра­клі­ма­ту і па­жа­ра­ту­шэн­ня.

Х'юстан, у нас няма праблем!

Калі спадарожнік БДА мае ўласную арбіту і траекторыю руху, то Белінтэрсат-1 знаходзіцца на так званай геастацыянарнай арбіце — гэта значыць, ён амаль не рухаецца адносна зямной паверхні, бо яго хуткасць роўная хуткасці абарачэння планеты вакол восі. Спадарожнік знаходзіцца за 36 тысяч кіламетраў над экватарам прыкладна на 51,5 градуса ўсходняй даўгаты (гэта раён Індыйскага акіяна непадалёк ад берагоў Афрыкі), а таму можа перадаваць сігнал у любую кропку Усходняга паўшар'я. Тым не менш сатэліт патрабуе пастаяннага нагляду, бо на яго ўплывае гравітацыя самых розных аб'ектаў. Пяць сотых градуса — менавіта такі «люфт» дазволены для Белінтэрсат-1. У метрычнай сістэме гэта прыкладна 75 кіламетраў — не надта шмат у арбітальных маштабах.

Менавіта наглядам і маніпуляцыямі з «курсам» спадарожніка і займаецца цэнтр кіравання палётамі. Дастаткова вялікае памяшканне на першым паверсе асноўнага будынка, канешне, наўрад ці можа параўнацца з ЦКП у Каралёве і Х'юстане, але знешне ўсё нагадвае пра гэтыя знакавыя для касманаўтыкі месцы: велізарны гадзіннік з часам у розных паясах, шэрагі сталоў з безліччу камп'ютараў (дарэчы, дзе яшчэ ў Беларусі знойдзеш клавіятуру без кірыліцы, але з іерогліфамі), цэнтральны манітор з картай свету і, вядома, уважлівыя супрацоўнікі, якія сочаць за інфармацыяй на дысплэях.

— Мая работа заключаецца ў маніторынгу звестак са спадарожніка — так званай тэлеметрыі, — тлумачыць інжынер аддзела аналізу і планавання Валянціна ПАПІША. — Аналізуем яе за розныя перыяды, каб убачыць пэўны трэнд. Чатыры разы за змену праводжу праверку карыснай нагрузкі — ці ўсё працуе нармальна, ці не перавышаюць кліенты дазволены ўзровень магутнасці. Але самае цікавае — падрыхтоўка працэдур па кіраванні спадарожнікам. Якраз сёння будзе адна з іх — ідзе сезон зацьменняў, і Сонца ўздзейнічае на зямны датчык. Каб выключыць магчымасць памылак у замерах і пераходу апарата ў аварыйны рэжым, нам трэба будзе адключыць гэты індыкатар. Калі спадарожнік выходзіць з «бокса» — дазволенай траекторыі, праводзім манеўры для вяртання. Але здараецца гэта рэдка, у сярэднім раз на два тыдні.

Перад аналітыкам — адразу чатыры маніторы, бо часам прыходзіцца праглядаць дзясяткі графікаў і табліц. Работа, безумоўна, напружаная, тым больш, што адна змена тут цягнецца адразу 12 гадзін.

Дзве начныя, дзве дзённыя змены, пасля чаго — чатыры выхадныя. Адначасова на змене ў ЦКП знаходзіцца ўсяго тры спецыялісты, менавіта на іх плячах ляжыць адказнасць за «выжывальнасць» спадарожніка. Усяго ж у наземным комплексе кіравання працуе 52 чалавекі.

— Апошняй інстанцыі, якая прымае канчатковыя рашэнні, тут не існуе, — кажа Алег Вінярскі. — Усё робіцца толькі калегіяльна, бо адзін чалавек заўсёды можа памыляцца. Вядома, ёсць яшчэ тэхпадтрымка вытворцы, куды заўсёды можа звярнуцца па кансультацыю — яны не зацікаўленыя ў страце апарата, бо для іх гэта таксама пытанне іміджу.

Ад­на­го ма­ні­то­ра для ра­бо­ты ана­лі­ты­ка Ва­лян­ці­ны Па­пі­шы не­да­стат­ко­ва.

Мільёны ў руках моладзі

Першае, што кідаецца ў вочы ў наземным комплексе кіравання спадарожнікам, — сярэдні ўзрост супрацоўнікаў. Па словах Алега Вінярскага, гэта прыкладна 25 гадоў. Яшчэ да запуску Белінтэрсат-1 дэлегацыя з 25 чалавек адправілася на вучобу ў Кітайскую аэракасмічную акадэмію. Там з імі працавалі стваральнікі спадарожніка, якія вучылі беларусаў тонкасцям «касмічнай справы» на тэхніцы, блізкай па характарыстыках да будучага беларускага апарата. Таму ніякага мандражу падчас перадачы кіравання ў Станькава не было — досведу хапала ва ўсіх.

Што датычыцца новых супрацоўнікаў, то ў будынку ёсць усё для іх навучання. Напрыклад, сімулятар ЦКП — поўная копія памяшкання, пра якое ішла размова вышэй. Адзінае адрозненне — тут кіруюць не рэальным спадарожнікам, а віртуальным. На вуліцы ёсць такія ж «трэніровачныя» антэны, на якіх навічкі практыкуюцца ў настройцы, выхадзе на сувязь са спадарожнікам і іншых працэдурах.

— Мы адсочваем стан абсталявання на Белінтэрсат-1, падтрымліваем яго працаздольнасць, працуем з кліентамі, — кажа начальнік аддзела маніторынгу і кіравання карыснай нагрузкай Цэнтра наземнага прымянення спадарожніка Юрый БАБРОЎ. — У першую чаргу апарат арыентаваны на міжнародны рынак, таму шмат камунікуем з замежнікамі. Без праблем бяром на практыку студэнтаў, якраз цяпер стажыруецца моладзь з БДУ. Усё гэта інжынеры, якім трэба не толькі вырашаць рознага кшталту тэхнічныя праблемы, але і працаваць з кліентамі. Ніякіх праблем не ўзнікае, многія ездзяць на стажыроўкі ў замежжа, таму досведу маладой камандзе хапае.

Белінтэрсат-1 створаны на кітайскай платформе DFH-4, але гэта не значыць, што апарат — чужая распрацоўка.

— Мы не проста эксплуатуем чужую тэхніку, — тлумачыць начальнік ЦКП. — Супрацоўнікі прымалі ўдзел у стварэнні гэтага будынка разам з кітайцамі, манціравалі, падключалі і тэсціравалі абсталяванне, пракладвалі кабелі... Ездзілі на завод падчас зборкі спадарожніка, інспектавалі працэс вытворчасці, размаўлялі з канструктарамі, выказвалі свае прапановы. Таму і сам сатэліт, і наземны комплекс кіравання па поўным праве могуць лічыцца беларускімі.

Падчас арбітальных манеўраў на магутным рухавіку было выкарыстана 60 працэнтаў паліва — гэта неблагі паказчык, бо рухавікі малой цягі маюць значна меншы расход. Першапачаткова Белінтэрсат-1 быў разлічаны на 15 гадоў работы, але, па сцвярджэнні спецыялістаў ЦКП, яго можа хапіць і на большы тэрмін — усё дзякуючы эканомнаму і ашчаднаму падыходу падчас манеўраў.

— Калі першапачаткова спадарожнік быў у многім праектам прэстыжу, то цяпер мы разумеем, што гэта неблагі спосаб атрымання грошай, — кажа Алег Вінярскі. — Акрамя таго, калі ты паказваеш, што можаш апраўдаць такія вялікія ўкладанні, даражыш давераным табе абсталяваннем, умееш ім правільна карыстацца, то ствараеш сабе пэўны імідж. Ужо цяпер мы працуем над пытаннем міжнароднага тэхнічнага супрацоўніцтва, маем шэраг падпісаных мемарандумаў з Ганконгам, Нігерыяй, Казахстанам. Мэта — расказаць пра свой досвед і пераняць замежны, бо грош цана тым ведам, якімі вы не гатовы дзяліцца. У будучыні ўвогуле плануем стварыць адзіную сістэму падрыхтоўкі кадраў, заснаваную на стажыроўцы ў замежных кампаніях. Мы хочам, каб кваліфікацыйныя патрабаванні былі паўсюды аднолькавымі, і мы маглі без праблем браць да сябе на стажыроўку спецыялістаў з замежжа і адпраўляць узамен сваіх. Такім чынам, мы будзем заўсёды забяспечаны якаснымі кадрамі, гэтак жа, як буйныя касмічныя дзяржавы, якія выдаткоўваюць на гэта шмат грошай.


Спадарожнік у фармаце «нана»

Наземная інфраструктура, што была створана для забеспячэння дзейнасці першага беларускага касмічнага апарата, можа быць эфектыўна выкарыстана для кіравання эксплуатацыяй другога спадарожніка дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, работа над якім ужо пачалася. Пра гэта паведаміў дырэктар УП «Геаінфармацыйныя сістэмы» Сяргей ЗАЛАТЫ. Работы па стварэнні вядуцца сумесна з Расійскай Федэрацыяй, працэс праходзіць у штатным рэжыме, але пра вынікі гаварыць яшчэ рана.

— Яшчэ летась мы пачалі выконваць праект па развіцці наземнай інфраструктуры, — сказаў спецыяліст. — Дастаткова сказаць, што прыёмная станцыя, якая была створана яшчэ 12 гадоў таму, прайшла працэдуру падаўжэння тэрміну эксплуатацыі і цяпер можа выкарыстоўвацца яшчэ 10 гадоў. Для гэтага была праведзена замена электронікі і механічных вузлоў, якія адпрацавалі свой рэсурс. Усе работы на сённяшні дзень завершаны.

Акрамя таго, па словах Сяргея Залатога, сёлета Беларусь плануе запусціць універсітэцкі нанаспадарожнік, распрацаваны ў БДУ. Такі апарат па тэхнічных характарыстыках падобны да сваіх «вялікіх пабрацімаў», але мае невялікія памер (20x20x10 см) і вагу (усяго 2 кг). Адпаведна, непараўнальна ніжэйшы і кошт спадарожніка. У БДУ створаны цэнтр кіравання і станцыя прыёму, працаваць тэхніка будзе ў аматарскім радыёдыяпазоне.

— Наша задача цяпер — не толькі ствараць спадарожнікі, але і распрацоўваць механізмы па прымяненні гэтых тэхналогій у разнастайных адгалінаваннях, — падкрэсліў кіраўнік апарата Нацыянальнай акадэміі навук, акадэмік Пётр ВІЦЯЗЬ. — Мы кааперуемся з міністэрствамі і ведамствамі краіны, узаемадзейнічаем з 20 айчыннымі і 40 расійскімі прадпрыемствамі. Мікраэлектроніка, інфармацыйныя тэхналогіі, новыя матэрыялы — гэта тыя кірункі, які развіваюцца дзякуючы дасягненням у касмічнай сферы. Акрамя таго, нам разам з Міністэрствам адукацыі трэба развіваць сістэму падрыхтоўкі кадраў для гэтага адгалінавання, у тым ліку і пры дапамозе нанаспадарожнікаў

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Мінск — Дзяржынскі раён — Мінск

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Беларускі Каралёў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».