Вы тут

Ці можа сельскі Дом культуры супрацьстаяць гарадскім спакусам?


Ці можа сельскі Дом культуры супрацьстаяць гарадскім спакусам і як схіліць наведвальнікаў да мясцовага культурнага адпачынку? Адказы на пытанні мы шукалі ў Вярэйках Ваўкавыскага раёна.


Вя­рэй­каў­скі Дом куль­ту­ры па­бу­да­ва­ны пяць­дзя­сят га­доў та­му, але та­га­час­ны ло­зунг на яго фа­са­дзе ак­ту­аль­ны і сён­ня.

Пад адным дахам

Акуратны, нядаўна адрамантаваны будынак кожнаму сустрэчнаму даводзіць, што «мастацтва належыць народу», праз надпіс над дзвярамі. Лозунг застаўся яшчэ з 1968 года, калі ў вёсцы з'явілася ўстанова культуры. Прыблізна ў той жа час тут будаваліся і іншыя аб'екты, вось толькі сёння некаторыя з іх напаўпустыя — будаўніцтва ішло з размахам і запасам, але цяпер колькасць жыхароў аграгарадка вагаецца на ўзроўні тысячы чалавек. Тым незвычайней, што ў Доме культуры няма запусцелых пакояў.

— Гуртаваць культуру пад адным дахам характэрна для сельскай мясцовасці, — кажа старшыня Вярэйкаўскага сельскага Савета Анатоль Стасюкевіч. — Звычайна блізкімі сферамі дзейнасці займаюцца адны і тыя ж работнікі, а разносіць па асобных будынках тую ж дыскатэку і кіназалу — навошта? Так зручна для наведвальнікаў, а кіраўніцтва эканоміць сродкі і памяшканні.

Біб­лі­я­тэ­ка До­ма куль­ту­ры на­ліч­вае 14 ты­сяч кніг і пе­ры­я­дыч­ных вы­дан­няў. Тут пра­цуе во­пыт­ны біб­лі­я­тэ­кар Та­ма­ра Вя­ліч­ка.

Сапраўды, Дом культуры ў Вярэйках нагадвае бабулін куфэрак. Пад адным дахам, акрамя згаданай танцавальнай пляцоўкі і кіназалы з магчымасцю дэманстрацыі фільмаў у 3D (пры неабходнасці зала ператвараецца ў канцэртную), знаходзяцца памяшканні для гурткоў, бібліятэка, зала для заключэння шлюбу. Дарэчы, ў Ваўкавыску пакуль толькі плануецца пабудова загса, так што маладыя пары Вярэйкаўскага сельсавета ў гэтым плане нават наперадзе райцэнтра.

Задзейнічана і прастора побач. Летам на пляцоўцы за клубам усталёўваюцца парасоны летняй кавярні, адгароджваецца ўчастак з газонам і дзіцячымі атракцыёнамі. Крыху далей, на беразе возера, — вулічная сцэна для масавых канцэртаў.

Супрацоўніцы дома культуры Алена Дзярнейка і Іна Пунько.

Дзе шукаць гледача

Пенсійнага ўзросту дасягнула прыкладна трэцяя частка жыхароў сельсавета. Моладзь у асноўным працуе ў сельскагаспадарчым прадпрыемстве «Ваўкавыскае», таксама вялікая доля занятая ў сферы адукацыі і медыцыны.

Мастацкі кіраўнік Дома культуры Алена Бязгодава кажа, што ў рабоце з вяскоўцамі ёсць свая спецыфіка:

— Стараемся кожны тыдзень праводзіць хаця б адно вялікае мерапрыемства. Падгадваем час, каб гледачам было зручна, — канцэрты на выхадных пачынаюцца прыблізна ў гадзіну дня, калі людзі паспелі скончыць ранішнія заняткі і прыйсці з храма. На мерапрыемствы збіраюцца жыхары ўсіх узростаў: ад выхаванцаў дзіцячага садка да пенсіянераў. У сакавіку, напрыклад, былі выпадкі, калі прыходзіла па 100—150 чалавек адразу. З надыходам цяпла пачынаем выезды ў суседнія вёскі з міні-канцэртамі, святамі, рознымі традыцыйнымі абрадавымі дзеяннямі або дамаўляемся з сельсаветам, і з малых населеных пунктаў жыхароў прывозяць да нас.

За До­мам куль­ту­ры — ува­ход на дзі­ця­чую пля­цоў­ку.

Асабліва перспектыўны ў плане масавасці Восеньскі кірмаш. На пляцоўку побач з возерам прыязджаюць гаспадары з раёна, каб прадаць збожжа, агародніну, мёд, рыбу... Тут жа ідзе продаж (і адначасова рэклама) прадукцыі мясцовага прадпрыемства, гандлююць госці з суседніх раёнаў. Усё гэта на фоне выступленняў нашых артыстаў.

Побач з домам культуры прасторны будынак сярэдняй школы. У створаным вучнямі і педагогамі музеі шмат экспанатаў, якія расказваюць пра побыт вяскоўцаў у мінулыя часы.

Лекцыі з пераходам у квэсты

У сельскай мясцовасці людзі на сцэне — гэта суседзі, сябры і дзеці сяброў. Напрыклад, той жа школьны баль праходзіць не ва ўстанове адукацыі, а абавязкова ў клубе, бо паглядзець на выпускнікоў збіраецца ўся вёска. Адпаведна, і работнік культуры таксама ўспрымаецца як «свой чалавек», таму ў размове з людзьмі даволі лёгка дазнацца, што хочуць бачыць і чуць аднасяльчане. Моладзь, напрыклад, цікавяць забаўляльныя мерапрыемствы, яна ахвотна ўключаецца ў інтэрактыўныя пастаноўкі. Асабліва падабаецца маладым сем'ям, калі бацькі ўдзельнічаюць у гульні разам з дзецьмі. Таксама ў пашане адукацыйна-папулярныя гутаркі з медыкамі, псіхолагамі... На 9 мая работнікі Дома культуры наогул абяцаюць наведвальнікам квэст па памятных мясцінах. У пажылых гледачоў свая спецыфіка, ім падабаецца пасядзець і паглядзець. А яшчэ, вядома, пагаварыць паміж сабой, так што падчас канцэртаў клуб ператвараецца яшчэ і ў пляцоўку для сустрэч.

Гэты край здаўна быў вядомы майстрамі ткацтва і лазапляцення.

— Пад прымусам сюды ніхто не ходзіць, — тлумачыць мастацкі кіраўнік Дома культуры. — Безумоўна, у нас са школай многа агульных мерапрыемстваў, і дзеці бываюць нашымі пастаяннымі гледачамі, але на тыя ж гурткі школьнікі запісваюцца самастойна. У нас ёсць магчымасць вучыцца танцам, майстэрству выцінанкі. Ёсць лялечны тэатр, у якім дзеці напачатку разам з вядучай гуртка робяць герояў, а потым разыгрываюць з імі пастаноўкі. Вельмі падабаецца школьнікам гурток сольных спеваў і майстэрства вядучага.

Вышыванкі і разьба па дрэву ўпрыгожвалі хаты вяскоўцаў.

Запрасіць і не адпусціць

За 7—10 кіламетраў ад Вярэек таксама ёсць сельскія клубы. Нават назіраецца канкурэнцыя, прычым аддаленасць населенага пункта ролю адыгрывае важную, але не асноўную. Моладзь дзеля адпачынку можа выехаць як у іншую вёску, так і ў іншы горад, а таму мясцовыя арганізатары імкнуцца прывабліваць гледача цікавай праграмай.

— Чым больш людзей ведае, што нешта днямі адбудзецца, тым больш шанцаў на запоўненую залу, — дзеліцца вопытам Алена Бязгодава. — Яшчэ адзін метад разбудзіць інтарэс — запрасіць паглядзець на падрыхтоўку да мерапрыемства. Чалавек мімаволі захоча даць параду, падказаць лепшы ход, а то і паказаць на ўласным прыкладзе, як трэба рабіць.

Дырэктар школы Вольга Шабат паказала нам адзін з экспанатаў — плеценую з лазы скрыначку, якая завецца «вярэйка». Магчыма ад такіх вырабаў мясцовых майстроў пераняла калісьці сваё імя вёска Вярэйкі.

Добры шанц сабраць разам некалькі дзясяткаў чалавек зладзіць дыскатэку.

— Арганізуем танцы для розных узростаў. Пік актыўнасці прыходзіцца на жнівеньскія вечары. Бываюць выпадкі, калі летам у вёску прыязджаюць гарадскія падлеткі і просяць зладзіць для іх дыскатэку. Кожны раз стараемся прыдумаць адметнасць: шоу клоўнаў, мыльных бурбалак, касцюміраваныя выступленні... Наогул, мясцоваму клубу спачатку трэба ствараць «іскрынкі» для наведвальнікаў, а потым ужо папулярнасць пачне працаваць сама на сябе.

Вясковая печка — таксама экспанат музея. Цёплы агеньчык у ёй нагадвае пра смачныя стравы вярэйкаўскай кухні.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

Мінск — Ваўкавыскі раён — Мінск

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: Культура з «іскрынкай»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».