Вы тут

У Мінску прайшоў чарговы «Дударскі фэст»


Вясёлая танцавальная вечарына ў клубным фармаце і традыцыйная канферэнцыя-абмеркаванне для кола даследчыкаў і майстроў. Здаецца, што за ўсе гады існавання «Дударскі фэст» зусім не змяніўся. Але па-ранейшаму ўсё засталося толькі па форме, змястоўна фэст усё ж такі стаў іншым, як і яго ўдзельнікі. Дударскі клуб папоўніўся новымі музыкамі і майстрамі, хтосьці са сталых яго сяброў ужо стаў кандыдатам навук, абараніўшы дысертацыю менавіта па тэме свайго захаплення. Нехта застаецца прыхільнікам традыцыйнай школы інструмента, а іншы — не баіцца эксперыментаў з матэрыяламі і музыкай, што выконваецца. Нязменным можна лічыць толькі адно — вялікую любоў і захапленне сакральным інструментам беларусаў — дудой.


Дуэт РіоbRОСK і гурты Lіtу Tаlеr, Hаrd Wооd, карыфеі жанру «Стары Ольса», этнадыскатэка Раwа, а таксама метал-каманды Trоllwаld і Sаkrаmаnt, народжаныя з «астанкаў» некалі досыць вядомых Lіtvіntrоll, чарговы раз даказалі на фэсце, што дуда можа цалкам лагічна ўпісвацца ў музыку розных стыляў і кірункаў. А вось падчас другой часткі фэсту — навуковай, якая прайшла ў закрытым фармаце, даследчыкі і майстры падзяліліся сваімі адкрыццямі і напрацоўкамі ў галіне тэарэтычнага вывучэння вытокаў беларускага дударства і практыкі майстравання інструмента і грання на ім.

Так, студэнтка Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Вольга Фёдарава прааналізавала чатыры вядомыя найгрышы беларускіх дудароў, зробленыя з 1908 па 1939 год, і зрабіла спробу вызначыць агульнае ў строях інструмента. Малады майстар Сяргей Чубрык расказаў пра выкарыстанне новага матэрыялу — карбону — у канструкцыі дуды, а аспірантка Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Алена Ляшкевіч падказала даследчыкам, якія карысныя для беларускага музыказнаўства матэрыялы могуць захоўвацца ў архівах Санкт-Пецярбурга.

— Некалі, яшчэ ў 1980-х гадах, калі мы толькі пачыналі адраджаць дуду, я марыў, што інструмент стане аднаўляцца, будзе пашырацца кола зацікаўленых, якія будуць і рабіць інструменты, граць на іх і даследаваць традыцыі, — зазначыў майстар, музыка Алесь ЛОСЬ. — Мы пачыналі практычна з нуля. Трэба згадаць Уладзіміра Бярберава, Тодара Кашкурэвіча, Алеся Журу, з якімі мы некалі пачыналі працу. Сёння ж маем вельмі цікавы рух даследчыкаў, майстроў, музыкаў, якія аднаўляюць наш сакральны інструмент. Сабрана багата матэрыялаў, знойдзены запісы, відэаматэрыялы, добра развіваюцца і новыя тэхнікі выканання, і трыдыцыйны падыход застаецца запатрабаваным. Думаю, што ў плане жанру дуда можа існаваць у многіх формах.

Дарэчы, «Дударскім фэстам» толькі пачаўся фестывальны сезон — 2017, і на гэтым сустрэчы з нашым сакральным інструментам не скончацца. Так, ужо 6—7 мая ўсіх аматараў дуды і традыцыйнай культуры ў цэлым запрашаюць у Глыбокае на «Дударскі рэй». Тут збяруцца беларускія майстры і выканаўцы, завітаюць дудары з Польшчы, Чэхіі, Бельгіі, Шатландыі.

А сам «Дударскі фэст» можа вярнуцца ў фармат оўпэн-эйра. Як падкрэсліў арганізатар, лідар гурта «Стары Ольса» Зміцер САСНОЎСКІ, фэст у клубным фармаце ўжо не ўспрымаецца так яскрава, як некалі. Таму дударам варта зноў выходзіць на адкрытыя пляцоўкі.

Марына ВЕСЯЛУХА

vеsіаluhа@zvіаzdа.bу

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: «Эх, скручу я дудку!»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».