Вы тут

Здаровая глеба без «хіміі» дазволіць атрымаць высокі ўраджай


Каб павысіць урадлівасць глебы і палепшыць яе структуру, трэба толькі не перашкаджаць дажджавым чарвякам і глебавым мікраарганізмам выконваць сваю работу.

Шмат гадоў у адным з амерыканскіх універсітэтаў вяліся даследаванні складу глебы і шляхоў паляпшэння яе характарыстык без угнаенняў і прымянення «хіміі». У выніку былі выведзеныя некалькі рэкамендацый, якія дазволяць усім ахвотным атрымаць высокі ўраджай.


Арганічная дыета

Перасадзіце глебу на арганічную дыету

Для паспяховага існавання «жывой глебы» патрэбныя 4 складальнікі: вада, паветра, пажыўныя рэчывы і абарона ад знешніх негатыўных фактараў. Каб пасяліць мікраарганізмы ў сябе на ўчастку, трэба нарыхтаваць кампост. Рабіць гэта лепш з восені, калі арганічных адходаў сабралася дастаткова. Можна дадаць апалае лісце, смецце з саду, харчовыя адходы і нават яблыкі, якія праляжалі некалькі дзён на зямлі.

Здрабніце арганічны склад пры дапамозе цяжкай металічнай матыкі так, каб ён пакрываў глебу роўным пластом у 5—7 сантыметраў, і прыкрыйце яе мульчай. Дадайце канцэнтраваных угнаенняў і вапны. Робіцца гэта для таго, каб глеба набралася гэтых рэчываў да вясны і вы больш не выкарыстоўвалі іх.

Дапамога дажджавых чарвякоў

Яны пушаць глебу лепш за інструмент

Як бы старанна вы ні перакопвалі глебу, дамагчыся поўнага разрыхлення будзе вельмі складана. Значна лепш з гэтым справяцца прыродныя памочнікі — дажджавыя чарвякі. Асабліва калі ўжыць адмысловую тэхніку мульчыравання.

Павярхоўнае мульчыраванне — гэта працэс стварэння пажыўнага пласта проста на паверхні глебы. У новым садзе на верхні пласт глебы накладваюць паслядоўна «зялёны» і «карычневы» пласты кампосту. Наяўнасць дадатковых слаёў прымушае чарвякоў закопвацца глыбей у глебу і пераносіць туды часціцы кампосту, які яны перапрацоўваюць. Прычым робяць гэта яны значна хутчэй, чым мікраарганізмы. Адначасова з пераносам пажыўных рэчываў адбываецца разрыхленне глебы.

Выкарыстоўваць павярхоўнае мульчыраванне можна як перад закладкай новых агародаў, так і за некалькі месяцаў да пасадкі раслін у наяўныя агароды. У любым выпадку працэнт пажыўных рэчываў у глебе павялічыцца, а пустазелле не зможа прарасці.

Стварыце ўласную глебу

Падрыхтоўка глебавай сумесі дазволіць дамагчыся выдатных вынікаў

Сідэраты і прамежкавыя культуры — такія як грэчка і фацэлія ў летні час, гарох, дайкон і канюшына восенню —
выдатны спосаб паляпшэння характарыстык глебы. Кожны раз перад пасадкай асноўных культур высаджвайце покрыўныя культуры. Яны дададуць у глебу арганіку, асветляць і аблегчаць структуру глебы і ўзбагацяць агарод пажыўнымі рэчывамі. Прамежкавыя культуры выступаюць у ролі жывой мульчы і служаць для барацьбы з пустазеллем у міжсезонне.

Не забывайце ўносіць азот

Азот — адзін з самых распаўсюджаных элементаў на зямлі, але яго пастаянна не хапае

З усіх неабходных раслінам пажыўных рэчываў азот заслугоўвае асаблівай увагі. Працэс росту раслін, у тым ліку іх надземнай часткі, залежыць ад яго колькасці ў глебе. Улічвайце ўсе крыніцы, з якіх азот можа трапіць у глебу. Імі з'яўляюцца арганічныя ўгнаенні, бабовыя культуры, якія выдатна назапашваюць азот у глебе. Кампост не адносіцца да прамых крыніц фарміравання азоту, ён служыць толькі дадаткам.

Сачыце за пустазеллем

З пустазеллем трэба змагацца, пакуль яно слабае і не мае насення

Мульчыраванне градак і прыствольных кругоў дазваляе атрымаць верх над пустазеллем. Калі ўсё ж праб'ецца некалькі раслін пустазелля, то неадкладна выдаліце іх, пакуль яны маленькія і з імі лёгка справіцца. Калі не вельмі жывучыя экземпляры — у іх неразвітая каранёвая сістэма і слабая аснова, — іх можна здрабніць і ўнесці ў глебу ў якасці мульчы, выклаўшы невялікім слоем.

Пускайце ў справу зрэзаныя галінкі і апалае лісце

На ўчастку маса гатовых угнаенняў — галінак, парасткаў, ствалоў

Атрыманая пасля абрэзкі і драбнення мульча з'яўляецца каштоўнай крыніцай азоту і іншых пажыўных рэчываў. Збольшага яна імітуе натуральныя працэсы раскладання і ўгнаення глебы, якія і без таго адбываюцца ў прыродзе.

Дайце глебе высахнуць

Вільготную гліну лёгка вызначыць навобмацак

Празмернае ўвільгатненне, як і перасыханне, негатыўна адбіваецца на глебе. Каб праверыць гатоўнасць глебы, трэба ўзяць жменю зямлі і сціснуць яе ў далоні. Калі атрымліваецца выціснуць кроплі вады, значыць, глебе трэба падсохнуць яшчэ тыдзень або каля таго. Тое ж датычыцца і выпадкаў, калі з глебы можна зляпіць шар і ён не рассыплецца.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».