Вы тут

Дачны сезон як павышаная нагрузка на экалогію


У нядзелю ўвечары прыпынак прыгараднага транспарту — гэта міні-палігон: акрамя пакетаў са смеццем там можна ўбачыць зламаную мэблю, бытавую тэхніку. Дачнікі ды іншыя адпачывальнікі наўпрост выкідваюць смецце ў лесе. І гэта не адзіная экалагічная праблема, якая з'яўляецца з адкрыццём дачнага сезона.


Падобная карціна назіраецца вакол вялікіх гарадоў паўсюдна.

Начальнік Пухавіцкай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Юрый Кур'яновіч расказаў пра тое, як не лепшыя прадстаўнікі класа дачнікаў уплываюць на экалагічнае становішча ў прысталічным рэгіёне.

— Па дарозе з Мінска ў Мар'іну Горку ўбачыла білборд: яркія вясёлыя мяшкі са смеццем просяць давезці іх да кантэйнера. Як часта іх не давозяць?

— У выхадныя і асабліва, калі яны даўжэйшыя за кошт свят, безумоўна, павялічваецца нагрузка на кантэйнерныя пляцоўкі. Многія дачнікі ў лепшым выпадку выкідваюць смецце на прыпынках прыгараднага транспарту — там яно хоць бы спакаванае. У мінулым годзе, дзякуючы фотапасткам, мы прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці ўсяго толькі трох грамадзян за тое, што яны выкінулі смецце ў забароненым месцы. Парушальнікаў значна больш, аднак іх цяжка ідэнтыфікаваць — фактычна толькі па нумарах аўтамабіляў.

Яшчэ да пачатку сёлетняга дачнага сезона мы правялі сход старшынь садовых таварыстваў, абмеркавалі ўсе надзённыя пытанні, нагадалі пра адказнасць за адміністрацыйныя правапарушэнні ў частцы прыродакарыстання.

— Ці забяспечаны садовыя таварыствы кантэйнерамі для збору смецця ў дастатковай колькасці?

— Наш раён — адзін з першых у вобласці, дзе ў сельскай мясцовасці былі ўстаноўлены кантэйнеры для паасобнага збору смецця, гэта дазволіла закрыць міні-палігоны. Цяпер у раёне ўстаноўлены 2362 кантэйнеры — у райцэнтры, вёсках, гаражных кааператывах і садовых таварыствах. Як імі карыстаюцца, шмат у чым залежыць нават не ад экалагічнай, а ад агульнай культуры людзей. Шлях смецця да урны праходзіць праз нашу свядомасць. І вось яе змяніць цяжэй за ўсё. Але мы працуем і разумеем, што людзям цяжка адмовіцца ад звычак, якія складваліся дзесяцігоддзямі, тым не менш пэўныя вынікі ёсць.

— Старшыня нашага садовага таварыства заўсёды нагадвае, каб скошвалі траву на ўчастках, не захламлялі агульную тэрыторыю, а сарціроўцы смецця быў прысвечаны асобны сход. Пры гэтым старшыня ўсіх нас палохае «экалагічнай інспекцыяй».

— Мы сапраўды ўдзяляем вялікую ўвагу тэрыторыям садовых таварыстваў. Па статуце, СТ абавязана даглядаць у тым ліку плошчу ў 50 метраў за агароджай таварыства. Мы глядзім, ці няма сметнікаў у зоне адказнасці СТ, а калі яны ёсць, то складаем пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. Штрафныя санкцыі, якія накладаюцца на юрыдычную асобу, а садовае таварыства такой і з'яўляецца, даволі адчувальныя. Напрыклад, адно з садовых таварыстваў раёна было аштрафавана на суму 1470 дэнамінаваных рублёў. Пакаранне рублём, а менавіта, калі памер штрафу ад 50 да 100 базавых велічынь, дае добры выхаваўчы эфект — людзі пачынаюць думаць: выкінуць смецце за плот ці ўсё ж такі данесці яго да кантэйнера.

Што датычыцца скошвання травы, то ў садовых таварыствах, як і на тэрыторыях сельскагаспадарчых кааператываў, сур'ёзную праблему ствараюць шкодныя расліны. Як толькі зямлю перастаюць апрацоўваць, дык адразу на палях распаўсюджваецца сумнік канадскі. Гэта вельмі небяспечнае пустазелле, яго насенне разносіцца ветрам на вялікую адлегласць. Калі сумнік трапіў на поле, праз 3—4 гады там нічога, акрамя яго, расці не будзе. Мы ведаем, як змагацца з баршчэўнікам — вядомыя месцы яго дыслакацыі, пустазелле скошваецца, не паспеўшы падрасці. З сумнікам справа ідзе горш: людзі ўспрымаюць яго як дзікарослую кветку, а не пустазелле. У гэтым годзе мы плануем усталяваць два білборды з тлумачэннямі пра шкоду сумніку.

— Але ж на дачах і акрамя смецця хапае праблем з пункту гледжання экалагічнай бяспекі?

— Так, вось у мінулым годзе з'явілася новая праблема. Пасля ўраганаў дачнікі раптам вырашылі самавольна спілаваць дрэвы, маўляў, наступны ўраган іх паваліць, і яны ўпадуць на дом. Замест таго, каб застрахаваць дом ад стыхійных бедстваў, людзі хочуць знішчыць жывое дрэва. За самавольнае спілоўванне дрэў таксама прадугледжана адміністрацыйная адказнасць, і два таварыствы былі пакараныя. Кіраўніцтва яшчэ некалькіх СТ звярталася па дазвол спілаваць дрэвы, але такі дакумент яны не атрымалі, таму што дрэвы былі абсалютна здаровыя. Нас вельмі натхніла патрабаванне Прэзідэнта аб спыненні практыкі знішчэння дрэў уздоўж ліній электраперадачы і лесаахоўных палос уздоўж дарог. Лесаахоўныя палосы ў свой час прыдумалі дасведчаныя людзі. Высаджаныя ўздоўж дарог дрэвы абараняюць глебу ад шкодных аўтамабільных выкідаў, а падчас буйства стыхіі, як напрыклад, цыклон Хаўер — ад гурбаў на дарозе.

— На тэрыторыі раёна пяць заказнікаў рэспубліканскага значэння і чатыры — мясцовага. Напэўна, дачнікі таксама праяўляюць цікавасць да гэтых тэрыторый?

— Асаблівых праблем тут як раз няма, усё ж такі заказнікі — гэта асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі. Зрэшты, і дачнікі, і мясцовыя жыхары нярэдка выходзяць збіраць журавіны раней дазволенага тэрміну. Што характэрна, для сябе збіраюць журавіны, калі яны паспелі, а на продаж бяруць яшчэ белыя ягады, якія потым дзесьці на падворках даспяваюць у мяшках. Пажыўная карысць такіх ягад імкнецца да нуля, але людзі, якія купляюць журавіны на рынках, прыдарожных базарах, нават не здагадваюцца пра гэта. Таму мая парада: хочаце добрыя ягады, — збірайце самі ва ўстаноўленыя тэрміны.

На жаль, прыцягнуць да адказнасці асоб, якія парушаюць тэрміны збору журавін і іншых дароў лесу, складана. Патрэбна важкая доказная база. Калі чалавек знаходзіцца на тэрыторыі балота за два тыдні да пачатку сезона збору ягад, фармальна ён нічога не парушае, а вось калі ў яго за плячыма мех з ягадамі, тады ёсць падстава для разбіральніцтва.

— Думаю, у кожным садовым таварыстве ёсць некалькі чалавек, якія ўвесь час пішуць у розныя інстанцыі скаргі на суседзяў. Ці паступаюць да вас такія звароты?

— У год мы атрымліваем прыкладна 30 зваротаў грамадзян. Па кожным праводзіцца праверка. Часцей за ўсё скаргі пішуць дачнікі, а па выніках праверкі парушэнне выяўляецца не толькі ў таго, на каго скардзіліся, але і ў самога заяўніка. Каля 1/3 скаргаў наогул не абгрунтаваныя, тым не менш праверку гэта не адмяняе. На яе сыходзіць працоўны час спецыялістаў, які яны маглі б выкарыстоўваць значна больш эфектыўна.

У Пухавіцкім раёне 167 садовых таварыстваў, у іх размяшчаецца 22 тысячы ўчасткаў. У дачны сезон, асабліва ў выхадныя дні, насельніцтва раёна павялічваецца прыкладна на 50 тысяч чалавек, што крыху менш за колькасць пастаянных жыхароў рэгіёна.


Як змагацца з сумнікам канадскім

На працягу некалькіх гадоў у маі і жніўні рэкамендуецца скошваць сумнік або перакопваць глебу ў летні час у сухое надвор'е.

Прымяненне гербіцыдаў, у тым ліку і гліфасатзмяшчальных, эфектыўна пры вышыні раслін 10—15 см, пазней адчувальнасць сумніку да іх значна зніжаецца.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

yanovskaya@zviazda.by

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: За маім плотам — хоць трава не расці?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».