Напярэдадні Радаўніцы прадстаўнікі Цэнтра экалагічных рашэнняў выказалі сваю занепакоенасць праблемай масавага выкарыстання штучных кветак на могілках.
— Нягледзячы на сваю прывабнасць і прастату выкарыстання штучныя кветкі ўяўляюць сабой сур'ёзную небяспеку для навакольнага асяроддзя і здароўя чалавека, — тлумачыць пазіцыю эколагаў кіраўнік праграмы па экалагічна дружалюбным ладзе жыцця Дар'я ЧУМАКОВА. — Як правіла, кветкі вырабляюць са штучных матэрыялаў. Пялёсткі — з сінтэтычных тканін, напрыклад, з паліэстару, латэксу, арганзы, апрацаваных рознымі хімічнымі саставамі для надання ім пластычнасці і трываласці. Для афарбоўвання часцей за ўсё выкарыстоўваюцца анілінавыя фарбы, якія ўяўляюць сабой досыць таксічныя злучэнні, што могуць аказваць негатыўнае ўздзеянне на здароўе, выклікаючы галавакружэнне, галаўны боль, слабасць.
Сцябло, бутоны і іншыя дэкаратыўныя элементы штучных кветак у большасці выпадкаў вырабляюцца з пластыку, часцей за ўсё ПВХ, які таксама даволі таксічны.
Асяродак кветак і дробны дэкор можа вырабляцца з афарбаванага ці неафарбаванага пенапласту. Пенапласт пры награванні (напрыклад, на сонцы) можа вылучаць канцэрагеннае рэчыва — стырол.
Штучныя кветкі, гэтак жа як і іншыя штучныя пахавальныя ўпрыгажэнні, рана ці позна аказваюцца на сметніку. Выкінутыя штучныя кветкі могуць працягваць вылучаць таксічныя рэчывы, забруджваючы глебу, паветра і грунтавыя воды. А пры іх спальванні ў навакольнае асяроддзе могуць выдзяляцца цяжкія металы і дыяксіны.
Эколагі папярэджваюць: перапрацоўцы штучныя кветкі не паддаюцца, паколькі складана ўстанавіць тып пластыку для адпаведнага сартавання адходаў. Да таго ж яны ўтрымліваюць шмат пабочных матэрыялаў, якія цяжка раздзяліць. Такім чынам, што б мы ні рабілі са штучнымі кветкамі, пазбавіцца ад іх, не нашкодзіўшы прыродзе і чалавеку, не атрымаецца. Такім чынам, купляючы штучныя кветкі, мы ўкладваем свае грошы ў смецце...
Па статыстыцы за 2015 год у Беларусі на Радаўніцу могілкі наведала каля 1,5 мільёна чалавек. Нават калі траціна з усіх, хто наведае могілкі, прынясе з сабой хоць бы дзве штучныя кветкі, то на магілах нашых памерлых акажацца каля аднаго мільёна штучных кветак! А гэта прыблізна 10 тон пластыку!
Да таго ж традыцыя штучных кветак не мае глыбокіх гістарычных каранёў і налічвае не больш як 10—15 гадоў. Прынята лічыць, што штучныя кветкі каштуюць танней за сапраўдныя і даўжэй захоўваюць сваю знешнюю «свежасць». Часткова — гэта міф. На адкрытай прасторы і сонцы яны даволі хутка страчваюць свой таварны выгляд. Лепш пасадзіць побач з магілай жывыя кветкі, якія будуць доўга яе ўпрыгожваць.
«Ёсць і яшчэ адна важная акалічнасць, — падкрэслівае Дар'я Чумакова. — Кідкія штучныя кветкі зусім не адпавядаюць атмасферы могілак у яе хрысціянскім разуменні. Гэта не пляцоўка для дэманстрацыі яркіх «кіслотных» фарбаў і безгустоўных штучных упрыгожванняў, а месца, дзе жывыя могуць у цішыні ўспомніць у малітве памерлых і, не адцягваючы сваю ўвагу, пабыць разам з імі».
Надзея НІКАЛАЕВА
Фота Анатоля КЛЕШЧУКА
А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.
Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.
«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».
Каментары