Вы тут

Ці можа атрымаць возера «другое дыханне»?


Пра масавую гібель рыбы ў возеры Карасёва, што ў Сенненскім раёне, паведаміў чытач. Расказаў пра тое, што турбуе неабыякавых тутэйшых і прыезджых рыбакоў. Яны цікавяцца, у чым сапраўдная прычына мору рыбы ў вадаёме? Паводле слоў суразмоўцы, надзвычайная экалагічная сітуацыя паўтараецца штогод.


Ходзяць чуткі, што...

Побач няма ачышчальных збудаванняў, прадпрыемстваў, фермаў. Такім чынам, напэўна, версію наконт атручвання бруднымі водамі можна не разглядаць.

У СМІ, паводле разважанняў заяўніка, сёлета была распаўсюджаная супярэчлівая інфармацыя. У прыватнасці, дасталася і лясгасу, які адказвае за возера. Маўляў, чаму не зрабілі лункі, каб рыба магла дыхаць, калі вада пакрываецца лёдам? У выніку штогод назіраецца вялікая колькасць мёртвай рыбы. І ўжо на падыходзе да берага адчуваецца непрыемны пах.

Вінавацілі ў інтэрнэце і работнікаў экалагічнай інспекцыі. Ім, на думку «апанентаў», быццам бы ўсё роўна, што з рыбай, а галоўнае — «выканаць план па «лоўлі» браканьераў»...

Пры гэтым насамрэч ёсць нямала прыкладаў, калі рыбу ловяць з выкарыстаннем забароненых рыбацкіх сродкаў. Дарэчы, у якасці апраўданняў парушальнікі спасылаюцца на маленькую зарплату. Накшталт, «рыбай, бывае, толькі і харчуемся».

Самыя «гарачыя галовы» зацікавіліся, які прыблізна памер фінансавай страты ад мору? І няўжо эколагам, уладзе насамрэч усё роўна?

Кампетэнтны каментарый

У Віцебскім камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя без валакіты пагадзіліся праясніць сітуацыю.

— Карасёва знаходзіцца на тэрыторыі Багушэўскага лясніцтва аднайменнага лясгаса. Плошча воднай роўнядзі — 12,1 гектара. Яно ў лесе, магчымасць пад'езду аўтатранспартам адсутнічае. Возера ў стадыі зарастання. Тоўшча вады складае 1,2—1,5 метра, — канстатавалі ў прыродаахоўным ведамстве.

Наконт самой рыбы, яе відаў. У асноўным у Карасёве плавае карась (адсюль і назва возера). Водзяцца плотка, краснапёрка, акунь, рэдка — шчупак.

Супрацоўнікі Сенненскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя 11 сакавіка правялі абследаванне і мёртвай рыбы ў возеры не знайшлі: ні ў прасвідраваных рыбакамі лунках, ні ў прамывінах каля берагоў...

— Яна была знойдзена ў пратоцы, за 70—100 метраў ад возера. Бліжэй трапляліся толькі адзінкавыя асобіны. Па сведчанні рыбакоў, рыба пайшла ў пратоку прыкладна ў сярэдзіне студзеня. У гэты час наступілі вялікія маразы, і пратока цалкам прамерзла разам з рыбай. Калі растаяў лёд, яна апынулася на паверхні. Па прыблізных падліках, на момант абследавання, у вадзе знаходзілася каля 200 кіло мёртвай рыбы, — паведамілі ў інспекцыі.

Карасёва злучана з іншымі азёрамі пратокамі шырынёй 1,5—3 метры і глыбінёй — у перыяд нізкага ўзроўню вады — не больш за 0,6—0,7 метра.

І рыбе, і дзяржаве будзе добра...

Асаблівасць і каштоўнасць возера, як ні дзіўна, не ў рыбе. А ў сапрапелі. Па інфармацыі органа мясцовай улады, Карасёва вельмі прывабнае для прамысловай здабычы.

Цікава, што яшчэ 25 гадоў таму прадстаўнікі навукова-даследчага інстытута са Смаленска працавалі на возеры. Навукоўцы вызначылі, што паклады сапрапелю маюць «вышыню» прыкладна 7,5—9,5 метра. Быў распрацаваны адпаведны праект для ахвотных інвеставаць у іх здабычу.

— Летам водная роўнядзь на Карасёве практычна адсутнічае, бо зарастае воднай расліннасцю, — дадалі ў інспекцыі.

Канешне, у такіх умовах здабываць каштоўнае прыроднае ўгнаенне можна пры мінімуме выдаткаў. Тым больш, што інвестарам у нашай краіне «зялёнае святло». Умовы для дзейнасці вельмі прыцягальныя і падтрымка гарантуецца на самым высокім узроўні мясцовай улады.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

pukshanskі@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Сумны «рыбны дзень»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?