Вы тут

Выдадзена кніга «Рускай Бібліі» Францыска Скарыны — 500 гадоў»


У бібліятэцы імя Урублеўскіх Літоўскай акадэміі навук нядаўна была выдадзена кніга «Рускай Бібліі» Францыска Скарыны — 500 гадоў» («Prancіskaus Skorіnos «Rusenіskajaі Bіblіjaі» — 500»).


Яе аўтарамі з'яўляюцца даследчыкі гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, гісторыі кнігі, літаратуры і мовы, якія прадстаўляюць розныя еўрапейскія краіны: Сігітас Нарбутас, Дайва Нарбутэне, Сяргеюс Цемчынас, Рыма Цыцэнене (Літва), Пётр Войт, Ілья Лямешкін (Чэхія), Аляксандр Груша (Беларусь). Прэзентацыя выдання адбылася ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі.

Пра тое, што можна ўбачыць у кнізе, расказаў дырэктар бібліятэкі Акадэміі навук Літвы імя Урублеўскіх, рэдактар выдання Сігітас НАРБУТАС:

— Скарына з'яўляецца адным з самых велічных людзей у сферы кнігавыдання. Мы задумалі гэты праект, каб паспрабаваць зноў перачытаць тыя дакументы, якія захаваліся, хоць і раскіданыя па розных кнігасховішчах, архівах Беларусі, Польшчы, Чэхіі, Італіі, Германіі, іншых краін, і паспрабаваць абнавіць уяўленні пра Скарыну і яго Біблію. Кніга, якую мы выпусцілі, з'яўляецца навукова-папулярным выданнем. Мы сабралі разам усе тыя звесткі, якія сучаснаму культурнаму чалавеку трэба ведаць пра Скарыну, пра абставіны і час, у якія ён тварыў. Таму ў кнізе, добра ілюстраванай, найперш прадстаўлена багатая традыцыя Вялікага Княства Літоўскага, з якой вырас Скарына. Даецца яго кароткая біяграфія, дзейнасць у Празе. А затым апісваецца кнігадрукаванне ў Вялікім Княстве Літоўскім пасля Скарыны, у поўным аб'ёме і на ўсіх мовах. Напрыканцы ў трох нарысах расказваецца, як цяпер успамінаюць Скарыну ў Беларусі, Літве і Чэхіі.

На прэзентацыі выдання ўпершыню была прадстаўлена карціна, створаная сёлета чэшскімі мастакамі па замове даследчыка Ільі Лямешкіна. На ёй Скарына выяўлены... без вусоў. Бо ёсць меркаванне: тое, што мы прызвычаіліся бачыць на гравюры Скарыны ў яго на твары — гэта насамрэч не вусы, а ўсяго толькі цень ад носа. Таму чэшскі мастак і паспрабаваў стварыць новы вобраз.

Яшчэ адна аўтарка выдання пра Скарыну, супрацоўніца бібліятэкі імя Урублеўскіх Дайва НАРБУТЭНЕ сказала:

— Пасля Скарыны кнігадрукаванне стала вельмі шматгранным па мовах, тэмах, змесце. У сваім артыкуле, змешчаным у гэтай кнізе, я стараюся прааналізаваць сітуацыю ў кнігадрукаванні XVІ стагоддзя, якая склалася пасля Скарыны. Як вы ведаеце, кнігадрукаванне аднавілася толькі праз 50 гадоў пасля прац Францыска. Кнігі выдавалі па-польску, па-лацінску, на царкоўнаславянскай мове і іншых.

Кніга выйшла на літоўскай мове. А цяпер рыхтуецца яе беларускае выданне, як адзначыў на прэзентацыі адзіны беларус у аўтарскім калектыве Аляксандр Груша, дырэктар Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі. Праўда, пакуль не вырашана, выйдзе яно па-беларуску ці па-руску.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Загаловак у газеце: Еўрапейскі погляд

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.