Вы тут

Cіnema Perpetuum Mobіle сёння пакажа беларускае кіно


Адна з найцікавейшых кінападзей праходзіць цяпер у Мінску — штогадовы міжнародны кінафестываль кароткаметражнага кіно Cіnema Perpetuum Mobіle 5 красавіка распачаў свае паказы ў Культурным цэнтры «Корпус». Анімацыйнае, дакументальнае кіно, эксперыментальныя праграмы, балтыйскі дзень, майстар-клас — нарэшце сёння арганізатары плануюць паказаць беларускую конкурсную праграму, якую назвалі «Іронія і праўда», і так званы Belaruskі No Wave.


Кінафестываль, што праходзіць ужо шосты раз, трымаецца на энтузіязме аматараў кіно і арганізуецца як некамерцыйнае мерапрыемства, на шчасце, заняў трывалую і працяглую ў часе нішу беларускага, калі можна так сказаць, фестывальнага руху. Дарэчы, ён не адзіны даказвае жывучасць ініцыятыў, створаных без удзелу дзяржаўных інстытуцый: у сістэму ўпісваюцца, напрыклад, фестываль беларускага кіно «Бульбамуві» альбо фестываль кіно скандынаўскіх краін «Паўночнае ззянне», які, дарэчы, абяцае адбыцца ўжо ў гэтым месяцы.

У структуру Cіnema Perpetuum Mobіle ўваходзяць асобныя праграмы беларускага кіно, адна з якіх — конкурсная. Сёлета журы будзе ацэньваць восем работ. Некаторыя з кароткаметражак уперад былі паказаныя ў праграме «Бульбамуві» — напрыклад, «Адамаў яблык» Алены Ясінскай з небезвядомага альманаха «Хранатоп» (кожная «акцыя» якога праводзіцца пад куратарствам Андрэя Кудзіненкі) ці дакументальны фільм «Музыка пад Брайлем» Вольгі Пятровай пра сляпога хлопчыка-спевака.

Знамянальна, што ў праграмы беларускіх кароткаметражак увайшло некалькі работ найцікавейшых сучасных беларускіх фатографаў (гэта з'ява не новая) — Сяргея Гудзіліна, Аляксандра Васюковіча, Максіма Сарычава. Усе тры аўтары ўключаны ў праграму Belaruskі No Wave, якая збірае работы, што сумяшчаюць у сабе «сродкі выразнасці «старога» кінематографа, відэаблогаў, фатаграфіі, інтэрнэт-серыялаў, арт-перфомансаў і відэаарта». І ўсё ж гэта кіно — не ў класічным разуменні вялікай індустрыі, а ў больш глыбокім, калі фільмам з'яўляецца «фатаграфія, што рухаецца», то-бок сам цуд руху, жыцця на экране, з якога аўтары пачынаюць свае пошукі сродкаў выказвання.

Сёння ж пройдзе майстар-клас па анімацыі для дзяцей, будзе паказана яшчэ адна анімацыйная праграма (для дзяцей ад сямі гадоў), паказы «Балтыйскага дня» і конкурсная ігравая праграма. Аб выніках конкурсаў мы даведаемся ўжо заўтра — на 9 красавіка прызначана закрыццё фестывалю. А больш дэталёвы разбор беларускага кіно, якое мы ўбачым на Cіnema Perpetuum Mobіle, будзе апублікаваны пазней.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.