Вы тут

Дзень з жыцця талента


У мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» пачала працаваць фотавыстаўка «Валянцін Елізар'еў. Рэпартаж з цяперашняга часу».


Сёлета народны артыст СССР Валянцін Елізар'еў адзначае юбілей. Уладальніку найпрэстыжнейшай балетнай прэміі Benoіs de la Danse ад міжнароднай асацыяцыі танца, ордэна Францыска Скарыны, ордэна Айчыны ІІІ і ІІ ступені, медаля ЮНЕСКА «Пяць кантынентаў» ды мноства іншых ганаровых адзнак спаўняецца 70 гадоў. Напярэдадні юбілею вядомы балетмайстар атрымаў незвычайны падарунак: фотавыстаўку-прысвячэнне ад маладога фатографа Мікіты Фядосіка.

— Выстаўка адметная тым, што тут няма ніводнага пастановачнага кадра, — кажа Валянцін Елізар'еў. — Усе фотаздымкі рэпартажныя: сюжэт нараджаецца і фіксуецца за адну секунду. Гэта — жыццё і творчасць, прыпыненыя на імгненне.

Пасля сыходу з Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі ён працягвае працаваць на карысць балета, але ўжо ў якасці педагога. Сёння Валянцін Мікалаевіч — прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Студэнты, што вучыліся ў майстра, часта становяцца лаўрэатамі прэстыжных міжнародных конкурсаў. Педагагічная дзейнасць Елізар'ева — таксама мастацтва, якое заслугоўвае выхад да аўдыторыі. Сямнаццацігадовы фатограф Мікіта Фядосік прызнаецца, што задумы зрабіць выстаўку адразу не было: хацелася навучыцца чамусьці новаму, убачыць славутага балетмайстра за работай.

— Творчасцю Валянціна Елізар'ева цікаўлюся даўно: бачыў усе яго балеты, заўсёды марыў пазнаёміцца з творцам і паздымаць балет, — расказаў Мікіта Фядосік. — Калі я даведаўся, што цяпер ён прафесар акадэміі музыкі, папрасіў Валянціна Мікалаевіча папрысутнічаць на яго занятках. Нейкім цудам ён пагадзіўся. З цягам часу я зразумеў, што здымаць трэба не балет, а самога балетмайстра.

Вынік сустрэчы з майстрам — 54 «жывыя» фотаздымкі, змешчаныя ў чатырох памяшканнях галерэі «Універсітэт культуры». На іх адбітак штодзённага жыцця Елізар'ева: балетная студыя, вучні, развагі і, галоўнае, імкненне перадаць маладым вопыт і эстэтыку танца разам з любоўю да балета. Валянцін Елізар'еў упершыню апынуўся перад аб'ектывам фотакамеры ў якасці настаўніка і вельмі задаволены ажыццёўленым праектам.

— Я пагадзіўся на здымкі, бо малады чалавек мне спадабаўся. У першыя дні ён крыху бянтэжыў сваёй прысутнасцю, але пасля я прызвычаіўся і перастаў звяртаць на яго ўвагу. Цяпер, калі здымкі скончыліся, нават нечага не хапае, — кажа Валянцін Елізар'еў.

На працягу 35 гадоў творца займаў высокія пасады ў Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі. Валянцін Елізар'еў паставіў шмат балетаў у Мінску, супрацоўнічаў з тэатрамі Еўропы, Кітая, Японіі, краін Блізкага Усходу. «Кармэн-сюіта», «Балеро», «Стварэнне свету», «Спартак», «Тыль Уленшпігель», «Шчаўкунок», «Страсці» («Рагнеда»), «Карміна Бурана», «Вясна святая», «Дон Кіхот», «Жар-птушка», «Рамэа і Джульета» ды іншыя пастаноўкі трапілі ў пералік яго дасягненняў. Арганізатары выстаўкі не маглі не згадаць бліскучы творчы шлях Валянціна Елізар'ева: на вернісажы змешчаны афішы да спектакляў балетмайстра з архіва Дзяржаўнага музея тэатральнай і музычнай культуры Беларусі і асабістай калекцыі артыста.

Дар'я ЧАРНЯЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.