Вы тут

Колькі ў краіне такавішчаў і нетутэйшых відаў рыб?


Наша краіна па праве славіцца прыроднымі багаццямі. Але гэты рэсурс не бясконцы, асабліва калі ставіцца да яго не па-гаспадарску. Ад дзейнасці чалавека часта залежыць вельмі многае. Сёння спецыялісты Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь раскажуць, якія віды рыб можна здабываць пры аматарскім рыбалоўстве і колькі ў нашай краіне налічваецца рыб-чырванакніжнікаў. Нагадаюць, чым небяспечная на вынікі нарыхтоўка звыш нормы такой папулярнай прынады, як матыль. Таксама чытачы даведаюцца, якія ўмовы патрэбны для гнездавання і размнажэння цецерукоў і глушцоў і колькі ў нас гэтых птушак.


Пра рыб-абарыгенаў і не тутэйшых

Беларусь — край азёр і рэк, нездарма яе называюць Сінявокай. Акрамя таго, краіна мае значную колькасць вялікіх і малых штучных вадаёмаў — вадасховішчаў, сажалак, каналаў, залітых вадой пясчаных і тарфяных кар'ераў. І практычна ва ўсіх ёсць рыба. У цяперашні час навукоўцамі адзначана 65 відаў і падвідаў рыб, якія насяляюць водныя прасторы Беларусі.

Цяперашні відавы склад шмат у чым створаны дзейнасцю чалавека. З-за ўмяшання людзей у натуральны ход прыродных падзей на працягу апошніх стагоддзяў з нашай іхтыяфаўны зніклі прахадныя асятровыя і выразуб, некаторыя віды сталі рэдкімі.

За гэты ж час іхтыяфаўна Беларусі папоўнілася новымі відамі, да распаўсюджвання якіх у той ці іншай ступені зноў жа мае дачыненне чалавек.

Так, 16 відаў рыб, якія жывуць у беларускіх рэках і вадаёмах, не з'яўляюцца абарыгеннымі і трапілі да нас з прычыны натуральнага заходу альбо перанесены чалавекам. Найбольш вядомым акліматызантам з'яўляецца карась сярэбраны, які паспяхова натуралізаваўся. Колькасць асобных відаў (таўсталобік, амур, вугор) падтрымліваецца штучна за кошт зарыблення. Сярод рыб, якія трапілі да нас, ёсць і чужародныя віды. Напрыклад, галавешка-ратан ужо практычна цалкам выцесніў азёрнага гальяна, які цяпер занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь як рэдкі від, што знаходзіцца на мяжы знікнення.

Згодна з Правіламі рыбалоўства, аб'ектамі аматарскай лоўлі могуць быць любыя віды рыб, за выключэннем відаў, занесеных у Чырвоную кнігу, а таксама відаў, лоўля якіх забаронена або часова абмежавана. Такім чынам, пры аматарскім рыбалоўстве фактычна могуць здабывацца 55 відаў рыб, якія належаць да розных атрадаў і сямействаў.

На падставе пастановы Мінпрыроды ад 9.06.2014 года №26 у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь уключаны: сцерлядзь, атлантычны ласось, кумжа, фарэль ручаёвая, еўрапейскі харыус, рыбец (сырць), еўрапейская корушка, вусач, гальян азёрны (выключаны рапушка і падуст). У выпадку вылаву такой рыбы яна павінна быць выпушчана ў рыбалоўныя ўгоддзі ў жывым выглядзе. Да чырванакніжнікаў адносяцца і іншыя прадстаўнікі водных жывёл: рачная мінога (атрад міногападобных) і рак шыракапальцы. Аматарская лоўля вугра ў Беларусі таксама пад забаронай. Азнаёміцца з відамі рыб і водных жывёл, здабыча якіх забаронена, можна ў выдадзеным Дзяржаўнай інспекцыяй календары на 2017 год.

За кожную асобіну незаконна вылаўленай чырванакніжнай рыбы спаганяецца шкода. Яе памер роўны трохразова памножанай таксе. Устаноўленыя заканадаўствам таксы: вусач — 12 базавых велічынь, сцерлядзь — 10, рыбец — 9, стронга ручаёвая і харыус — 6, атлантычны ласось, кумжа, еўрапейская корушка — 3, азёрны гальян — 0,3 базавай велічыні. Вугор падпадае пад дзеянне Канвенцыі аб міжнародным гандлі відамі флоры і фаўны, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення (СІТЕС). Пры вылаве вугра шкода спаганяецца ў падвоеным памеры, за адну асобіну — 30 базавых велічынь.

Лічынкі як крыніца прыбытку

Не кожны рыбак ведае, што лічынкі хіранамід або лічынкі камароў-званцоў — гэта не што іншае, як звычайны матыль, які выкарыстоўваецца паўсюдна рыбакамі. Сярод аматараў падлёднай лоўлі попыт на матыля зімой досыць высокі. І гэта зразумела, бо матыль з'яўляецца адной з найлепшых прынад для лоўлі рыбы.

Купляючы матыля, мала хто задумваецца пра законнасць яго здабычы. На жаль, не рэдкія выпадкі, калі лічынак здабываюць з перавышэннем устаноўленых заканадаўствам нормаў для далейшага іх продажу. У асобных выпадках маса лічынак, здабытых адным парушальнікам за суткі, дасягае 10 кілаграмаў, што перавышае сутачную норму ў 100 разоў. Наўрад ці такая колькасць прынады патрабуецца для ўласных патрэб рыбака.

У адпаведнасці з правіламі здабычы, нарыхтоўкі і (або) закупкі дзікіх жывёл, якія не адносяцца да аб'ектаў палявання і рыбалоўства, зацверджаных пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 02.06.2006 года №699, сутачная норма здабычы лічынак хіранамід грамадзянамі ў асабістых мэтах складае 0,1 кілаграма. Акрамя таго, матыля забараняецца здабываць у цёмны час сутак, а таксама ў час нерасту асноўных відаў рыб. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 08.12.2005 года №580 устаноўлена такса за незаконную здабычу матыля ў памеры шасці базавых велічынь за кілаграм.

Менавіта попыт на матыля падахвочвае асобных грамадзян парушаць закон. Аднаго з іх у канцы мінулага года затрымалі работнікі Верхнядзвінскай міжраённай інспекцыі на возеры Расона Расонскага раёна. Замест належных 100 грамаў ён паспеў намыць 350 грамаў матыля. Быў распачаты адміністрацыйны працэс па частцы 4 артыкула 15.32 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь, санкцыя артыкула прадугледжвае накладанне штрафу ў памеры да 20 базавых велічынь. Усяго за мінулы год на тэрыторыі зоны адказнасці Верхнядзвінскай міжрайінспекцыі выяўлена 16 выпадкаў незаконнай здабычы лічынак хіранамід.

Варта адзначыць, што працэс здабычы матыля дастаткова няпросты і патрабуе значных часавых выдаткаў, пэўных ведаў тэхналогіі самой здабычы і далейшага захоўвання.

Як там справы на такавішчах?

Цецеруку і глушцу, якія аднесены да паляўнічай жывёлы, для гнездавання і размнажэння неабходныя спецыяльныя ўмовы. Менавіта таму Правілы вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання забараняюць знішчаць расліннасць і праводзіць рубкі галоўнага карыстання лесу, лесааднаўленчыя і лесаахоўныя работы ў месцах знаходжання глушцовых і цецеруковых такавішчаў, а таксама ў 300-метровай паласе вакол іх (выключэнні складаюць мерапрыемствы па прадухіленні зарастання такавішча). Такія асабліва ахоўныя ўчасткі павінны выдзяляць усе карыстальнікі паляўнічых угоддзяў, на тэрыторыі якіх ёсць такавішчы.

Як выконваюцца гэтыя патрабаванні заканадаўства, інспектары правяралі ў ходзе рэйдаў на працягу мінулага года, а спецыялісты Дзяржінспекцыі абагульнілі інфармацыю пра колькасць і месцы размяшчэння глушцовых і цецеруковых такавішчаў, колькасць улічаных на іх птушак.

Такім чынам, на тэрыторыі паляўнічых угоддзяў Беларусі налічваецца 577 глушцовых і 1841 цецеруковых такоў. Колькасць улічаных у веснавы перыяд 2016 года на гэтых такавішчах птушак складала 6,4 тысячы асобін глушца і 35,1 тысячы асобін цецерука.

У цэлым знакавых парушэнняў заканадаўства падчас праверак выяўлена не было. Разам з тым, вывучыўшы матэрыялы адводу на правядзенне высечак галоўнага карыстання ДЛГУ «Гарадоцкі лясгас», дзяржінспектары ўстанавілі, што тэрыторыя асабліва ахоўных участкаў уключана ў ведамасць разліковай лесасекі на 2016 год. А дакументацыя некаторых карыстальнікаў паляўнічых угоддзяў (напрыклад, у Лёзненскім, Смаргонскім, Глыбоцкім раёнах) і зусім не змяшчала звестак пра выдзяленні асабліва ахоўных участкаў. Кіраўнікам гэтых устаноў прадпісана ліквідаваць парушэнні.

У якасці адной з мер, накіраваных на ахову цецеруковых, Дзяржінспекцыя прапанавала стварыць рэспубліканскі рэестр асабліва ахоўных участкаў у месцах знаходжання глушцовых І цецеруковых такавішчаў (у рамках дзяржаўнага кадастру жывёльнага свету). Ініцыятыва знайшла сваё адлюстраванне ў пастанове Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Загаловак у газеце: Каб на такавішчах заўсёды было «густа»

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.