Вы тут

«Еўрабачанне-2017»: Расія пад пытаннем, а букмекеры ставяць на Італію


Гурт Navіband завяршыў здымкі часткі відэавізітоўкі, якая прадставіць сёлета нашу краіну на конкурсе ў Кіеве. Галоўнай тэмай роліка сталі шчырыя эмоцыі і пачуцці артыстаў. Каб паказаць іх як мага паўней, здымачная група зазірнула ў Пакой ілюзій у сталічным Музеі папулярнай навукі, а таксама ў адну з гісторыка-культурных славутасцяў Беларусі — музейна-палацавы комплекс «Мір», зладзіла пікнік на прыродзе і праехалася разам з выканаўцамі па мінскіх вуліцах на... скейтах.


«Канчатковы варыянт візітоўкі падрыхтуюць кіеўскія рэжысёры, калі ўсе дэлегацыі прыбудуць ва Украіну і будзе знята другая частка відэа. Мы ж выканалі ўсе пажаданні арганізатараў і па тэматыцы, і па якасці здымак», — адзначыў каментатар «Еўрабачання», журналіст Агенцтва тэленавін Яўген Перлін.

Днямі таксама стала вядома пад якім нумарам беларускія музыкі выйдуць на сцэну «Еўрабачання-2017». У другім паўфінале, які адбудзецца 11 мая, Арцём Лук'яненка і Ксенія Жук з песняй «Гісторыя майго жыцця» выступяць 15-мі з 19 удзельнікаў.

Адкрые другі паўфінал Сербія, а апошнія акорды ў ім возьме Ізраіль. У першым паўфінальным канцэрце, які пройдзе 9 мая, выступіць 18 краін, першай з якіх стане Швецыя, а апошняй — Латвія.

Заўважым, што арганізатары шоу — а менавіта яны апошнія некалькі гадоў вызначаюць парадак конкурсных нумароў, каб выключыць збег падобных кампазіцый і зрабіць тэлеэфір больш цікавым, — улічылі ў размеркаванні і Расію. Паводле рашэння арганізатараў, Юлія Самойлава будзе спяваць у паўфінале разам з беларусамі, 11 мая, пад нумарам 3. Праўда, дагэтуль так і не стала зразумела, якім чынам здзейсніцца гэта выступленне, — Служба бяспекі Украіны на 3 гады забараніла расійскай удзельніцы ўезд на тэрыторыю краіны за парушэнне ўкраінскага заканадаўства (маецца на ўвазе наведванне Крыма некалькі гадоў таму). Расійскія тэлевізійнікі ў адказ заявілі, што абраная спявачка прадставіць краіну ў 2018 годзе, калі не будзе дапушчана да ўдзелу ў конкурсе сёлета. Еўрапейскі вяшчальны саюз, са свайго боку, афіцыйна абвясціў, што імкнецца стварыць для ўсіх удзельнікаў роўныя ўмовы ў адпаведнасці з правіламі конкурсу і стараецца вырашыць сітуацыю такім чынам, які задаволіў бы абодва бакі. Зрэшты, адзін з «нейтральных» варыянтаў — арганізаваць выступленне расійскай спявачкі прамым уключэннем праз спадарожнік — і Расія, і Украіна адхілілі. На дадзены момант кропка ў гэтай справе так і не пастаўлена, але дыялог працягваецца.

Між тым букмекерскія канторы, якія працягваюць прымаць стаўкі на магчымых пераможцаў «Еўрабачання-2017», чарговы раз ператасавалі тройку лідараў.

Паводле найбуйнейшай брытанскай канторы Wіllіam Hіll, найбольшыя шанцы на трыумф захоўваюцца ў «хлопца з малпай» — прадстаўніка Італіі Франчэска Габані, а на другім і трэцім месцах могуць апынуцца яшчэ два салісты — выканаўцы са Швецыі і Балгарыі.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

tselyashuk@zviazda.by

Фота прэс-службы БТРК

Загаловак у газеце: Беларусь зладзіла пікнік на ўзбочыне

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.