Вы тут

Якія распрацоўкі беларускіх навукоўцаў укараняюцца ў прамысловасці?


Сёлета ў краіне пачалася рэалізацыя праграмы развіцця машынабудаўнічага комплексу, разлічаная на перыяд да 2020 года. Дакумент прадугледжвае стварэнне інавацыйнай прадукцыі новага тэхналагічнага ўзроўню і прагрэсіўных тэхналогій, што немагчыма без дапамогі навукоўцаў. Першыя вынікі ў шырокай аўдыторыі ўжо на слыху: нядаўна быў выпрабаваны беларускі электробус, вядзецца работа над стварэннем айчыннага электрамабіля. Чым яшчэ могуць пахваліцца айчынныя машынабудаўнікі, расказалі прадстаўнікі Міністэрства прамысловасці, Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях, Нацыянальнай акадэміі навук.


— У гэтую праграму ўваходзіць адразу некалькі знакавых праектаў, — паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення інавацыйнай і інвестыцыйнай дзейнасці Мінпрама Валерый ФІШМАН. — Гэта, напрыклад, арганізацыя вытворчасці сартавога пракату на ААТ «БМЗ», асваенне выпуску малалітражных дызельных рухавікоў на Мінскім маторным заводзе і стварэнне высокадакладнага і высокатрывалага чыгуннага ліцця на базе філіяла гэтага ж прадпрыемства ў Стоўбцах, а таксама выраб штучных механічных клапанаў сэрца новага пакалення з палепшанымі характарыстыкамі на заводзе «Электронмаш». На слыху праект па арганізацыі зборкі легкавых аўтамабіляў на ЗАТ «БелДжы» — 1 ліпеня першая чарга завода будзе запушчана.

На «Амкадоры» ствараюць сучасны комплекс гідраўлічнай апаратуры, ужо завершана распрацоўка лінейкі гусенічна-колавых экскаватараў (такія ніколі не выпускаліся ў Беларусі) і машын лесапрамысловага комплексу. На ўжо згаданым маторным заводзе асвойваюць вытворчасць рухавікоў стандартаў Еўра-5 і Еўра-6.

— У межах дзяржаўных навукова-тэхнічных праграм мы займаемся стварэннем новай тэхнікі сумесна з айчыннымі прадпрыемствамі, забяспечваем праектаванне, віртуальныя і натурныя выпрабаванні, — адзначыў генеральны дырэктар Аб'яднанага інстытута машынабудавання НАН Сяргей ПАДДУБКА. — Сярод апошніх праектаў адзначыў бы завершаную распрацоўку электрамоста новага пакалення для кар'ерных самазвалаў БелАЗ, запушчаны праект электрамабіля на базе аўтамабіляў «БелДжы».

Наперадзе рэалізацыя праекта гібрыднага аўтобуса (які выкарыстоўвае як рухавік унутранага згарання, так і электрарухавік. — Аўт.). Таксама мы распрацавалі электрычны модуль, які дазваляе пераўтварыць звычайны грузавік у гібрыдны практычна без унясення змяненняў у канструкцыю. Яшчэ адзін знакавы праект — сумесная з НВЦ па матэрыялазнаўстве распрацоўка беларускага накапляльніка электраэнергіі (так званага суперкандэнсатара) на базе графенападобных матэрыялаў. Гэта вельмі перспектыўны кірунак, бо ўсё ідзе да таго, што электрычны прывад хутка стане асноўным у машынабудаванні.

Адна з апошніх распрацовак, з якімі ўжо хутка змогуць пазнаёміцца жыхары беларускіх гарадоў, — камунальная машына для дваровых тэрыторый, Інстытут машынабудавання перамог у тэндары на яе распрацоўку. Яна ўяўляе з сябе рухомы каркас з розным навясным абсталяваннем: для ўборкі смецця, прыбірання снегу, паліву раслін і іншага. Аналагаў у СНД праект не мае. Плануецца, што да канца года будзе гатовы доследны экзэмпляр, пасля чаго машына паступіць у серыйную вытворчасць. У перспектыве разглядаецца магчымасць пераводу яе на электрычную цягу.

Паводле слоў начальніка аддзела дзяржаўных і навукова-тэхнічных праграм асноўных сектараў эканомікі ўпраўлення навукова-тэхнічных праграм Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Андрэя СКУРАТОВІЧА, да 2020 года запланавана распрацоўка кар'ерных самазвалаў грузапад'ёмнасцю 450 тон з прымяненнем электрамеханічнай трансмісіі, асобных дэталяў і вузлоў для грузавых аўтамабіляў, а таксама рэалізацыя іншых праектаў. Спецыяліст падкрэслівае, што ўся гэта прадукцыя мае вялікі экспартны патэнцыял і разлічана, у першую чаргу, на расійскі рынак.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Ад клапанаў сэрца да электрамабіляў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».