Праўду кажуць: наглядзішся розных там «Разбітых ліхтароў» ды іншых крымінальных серыялаў, — уласнага ценю пачнеш баяцца. Як, напрыклад, мая даўняя сяброўка, што жыве на Кубані. Мы з ёй часта размаўляем (гэта не праблема цяпер). Так што гісторыя ад яе і, вядома ж, цалкам праўдзівая.
Іду я, значыць, неяк дадому, на выкліку была, — расказвала Вольга (яна ветэрынарам працуе). — Вечар на дварэ досыць позні, цемнавата, але ж дарога мне добра знаёмая, таму ліхтарык не ўключаю, крочу сабе, слухаю цішыню... Аж раптам — галасы. Ці здалося, бо вакол жа — адны гароды, жыллё далекавата...
Спынілася, прыслухалася — не, так і ёсць: нехта размаўляе. Мужчыны... Двое... Ужо і постаці бачу: адна — высокая, мажная, другая — наадварот — дробная.
— Чаму спазніўся? — пытаецца здаравяк. — Я думаў, падманеш, зусім не прыйдзеш... А я ж у гэтай справе навічок ды і рады адзін не дам.
— Дзіва што, — прызнаецца худзенькі, — гэткі фрукт... Я такіх і не бачыў. Цёмны нейкі... І ўжо ж здаравенны...
— Але расколецца?
— Як піць даць расколецца! Проста прыбраць яго трэба!
— Лёгка сказаць — прыбраць... Такога грамілу!
— Але ж ён адзін, а нас — двое. Ды і гэта...
(У руках каранастага бліснуў... нож.)
— Ну тады пайшлі, — нарэшце гаворыць шчуплы. — Секанём ды ў склеп яго.
На вось гэтых словах бандыты і праўда сыходзяць — у бок бахчы. Сяброўка, ледзьве жывая ад страху, ідзе дадому...
А назаўтра — чуе — лямант на ўсю аколіцу: з грады ў бабы Аўгінні прапаў найбольшы кавун! Бяда, можна сказаць, бо ўсё лецейка бабуля трэслася над ім (насенне ўнучка з-за мяжы прывезла), песціла-даглядала, ды не ўпільнавала: нехта іншы з'есць... Хто?
Вольга, як той казаў, магла б унесці хоць нейкую яснасць, але маўчала. Страху ёй хапіла і так, бо меркавала ж, што тыя двое на «макруху» ідуць — чалавека прыкончыць збіраюцца.
З таго самага вечара крымінальныя серыялы Вольга не глядзіць. І іншым не раіць.
Лілія Васілеўская, Іўеўскі раён
Свет, як вядома, вялікі і людзей там — лікам не злічыць, прычым самых розных: мужчын і жанчын, старэйшых і маладзейшых, разумных і, скажам так, не вельмі. Бываюць, напрыклад, рэдкія самалюбцы і (вядома ж) самалюбкі. Яны жывы не будуць, пакуль некага не прынізяць, а сабой — наадварот — не павыхваляюцца, не пакажуць сваіх пераваг ды сваёй выключнасці.
Акурат такую вось ганарліўку «занесла» некалі ў наш калектыў. З першых дзён здзівіла: тым найперш, што на работу стала хадзіць, як мы ў тэатр альбо ў госці — заўжды прыбраная (кожны дзень у нешта новае), заўжды нафарбаваная, з прыгожым манікюрам... Да таго ж убачыла, напрыклад, што зрэдку мы гарбатку п'ём і таксама «далучылася». Назаўтра ж чайную пару з сабой прынесла, ды такую, што мы свае рабоча-сялянскія кубачкі-талерачкі ледзь пад стол не схавалі.
Але і гэтага ганарліўцы замала было: яна хацела ўражваць далей. А тут якраз і нагода — дзень нараджэння ў яе: запрашае нас да сябе дамоў.
Разам думаем, што ж рабіць: адмовіцца, як быццам, не выпадае (законы ветлівасці ніхто не адмяняў). Значыць, трэба ісці? А як, калі ногі не нясуць? Ну, хіба што з цікаўнасці?..
А да яе — як сказала імянінніца, і сюрпрыз прыгатаваны: будзе за сталом нештачка такое... Ну такое...
Мы ведалі ўжо, што муж нашай новенькай досыць вялікі начальнік (асабнякоў ды яхтаў яны тады не куплялі, але ж жылі куды багацей...). А таму даўмецца не маглі: чаго чакаць, якое каленца там могуць выкінуць?
І вось мы ў гасцях ужо. Найперш на пяць дарэформенных балаў (а інакш і быць не магло!) ацэньваем жытло і досыць багаты стол, потым — нешта незнаёмае выпіваем і па чарзе каштуем, выслухоўваем, дзе што куплялася і колькі каштавала, ды што там — нават «закругляемся» — збіраемся сыходзіць, а таго абяцанага сюрпрызу ўсё няма і няма.
Але ж вось, можна сказаць, нарэшце, гаспадыня ўстае, просіць хвілінку ўвагі і з чарговай пераможнай усмешкай абвяшчае, што зараз будзе частаваць нас блінамі... з чорнай ікрой.
Падобны далікатэс у той час (як, зрэшты, і ў гэты) няшмат хто еў. Ды што там — многія нават не бачылі! А тут і сапраўды, нібы ў кіно якім, на стале — прыгажэнная талерка з высокай горкай залацістых блінкоў, а побач з ёй — невялікая бляшаначка, трэба разумець той самай ікры?
Каб лепей разгледзець «працэс» яе адкрыцця, мы павыцягвалі шыі і сталі ўважліва сачыць за кожным рухам гаспадыні.
Яна ж, ацаніўшы ўражанне, якое зрабіла абвесткай, трохі памаўчала, а потым спытала:
— Ну што, будзем адкрываць бляшанку? Ці можа... абыдземся? Бо ўсе ж пад'елі?
Ежы на стале і сапраўды хапала, мы былі не галодныя, а таму... ахвотна прызналі, што ікру адкрываць, можа, і не варта: бліноў жа, хто хоча, з'есць і так?
Факт, што замест сюрпрызу мы ў гасцях убачылі... фокус. А што — ікра на стале была? Была. Ёю нас частавалі? Частавалі.
Толькі вось пакаштаваць не ўдалося.
Раіса Васільева, г. Гомель
Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар
Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.
Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».