Вы тут

Чым ганарацца жыхары «вёскі будучыні» і на што спадзяюцца


Згодна з даручэннем кіраўніка дзяржавы ў лістападзе мінулага года, у кожным рэгіёне краіны вызначаны вёскі-«маякі», якія павінны стаць прыкладам для іншых. У Гродзенскай вобласці ў перспектыўны план «Вёска будучыні» ўвайшоў аграгарадок Абухава Гродзенскага раёна.


Даехаць да Абухава з Гродна асаблівых праблем няма. Населены пункт знаходзіцца за сотню метраў ад трасы М6. Ходзяць аўтобусы, маршруткі, за хвілін 20—25 можна дабрацца. Многія адтуль ездзяць у Гродна на працу сваім транспартам. Так рабілі і Кацярына з мужам, пакуль не нарадзілася дачка. Зараз маладая маці шпацыруе з каляскай па вуліцах аграгарадка, дзе мы і сустрэліся сонечным ранкам.

Кацярына ахвотна расказала, што яны з мужам купілі тут год назад кватэру, хоць абое гараджане. Муж — гродзенец, а сама яна з Мінска, прывыклі да камфорту. Калі разглядалі варыянты, убачылі, што ў Абухаве ўмовы пражывання такія, як у горадзе, а цана на кватэру ніжэйшая. З плюсаў Кацярына адзначыла лепшую экалогію, добрую інфраструктуру, для дзяцей — магчымасці творчага і спартыўнага развіцця. Тут ёсць спартыўная і мастацкая школы.

— Дзіўна, што сюды не дайшлі супермаркеты, — кажа маладая жанчына, — але ёсць крама мясцовага СВК, дзе можна набыць якасныя мясныя прадукты, якія і ў Гродне добра ведаюць. Часта прадаюць мясцовую агародніну. Вунь яблыкі танныя, па 13 капеек за кілаграм.

Як гаспадыня Каця задаволена, а як маці хацела б бачыць больш дзіцячых пляцовак у «вёсцы будучыні». Наўрад ці яны будуць пуставаць — мамы з дзіцячымі каляскамі на вуліцах Абухава сустракаюцца паўсюдна. У сельскім Савеце расказалі, што якраз днямі яшчэ адна пляцоўка ўладкуецца ў жылым квартале, а ўсяго іх пяць.

Па гарадскіх мерках у Абухаве пачалі жыць яшчэ ў 70-х гадах. Менавіта ў той час было задумана пабудаваць пасёлак, набліжаны да гарадскога асяроддзя. Ва ўзорна-паказальнай вёсцы жыхары пазбаўлены бытавых праблем. Для работнікаў сельскай гаспадаркі адзін за адным вырасталі пяці-, шасці- і васьміпавярховыя дамы. У вясковым асяроддзі з'явілася цэлая вуліца шматпавярховікаў. Гэты кірунак працягваецца цяпер. У мінулым годзе гаспадарка засяліла новы 16-кватэрны жылы дом. Праўда, многія высоткі даўно патрабуюць рамонту.

Крыху ў бок ад цэнтральнай вуліцы пачынаецца прыватны сектар. Тамара Іванаўна прыводзіць у парадак свой кветнік. Заўважаю, што ў пасёлку вельмі чыста. Па словах жанчыны, тут заўсёды на вуліцах парадак, а як толькі трошкі прагрэецца зямля, будуць высаджваць паўсюдна кветкі — і самі гаспадары, і камунальныя службы.

— Прыгажосць наводзяць такую, што і горад пазайздросціць, — усміхаецца Тамара Іванаўна. — А вось быт наш ад эстэтыкі адстае. І газ цэнтральны не ўсюды ёсць, і па медыцынскім абслугоўванні ёсць пытанні.

У мясцовай амбулаторыі чакаюць яшчэ аднаго лекара агульнай практыкі. Загадчыца Алла ЯНУЛЕВІЧ новую канцэпцыю развіцця аграгарадка звязвае з рэканструкцыяй сельскай медустановы. Кажа, што патрэбны лабараторны корпус, койкі дзённага стацыянара, некалькі асобных кабінетаў. І ўчастак для гэтага ёсць у двары амбулаторыі, былі б толькі сродкі...

Пакуль генеральны план будучага пасёлка толькі складаецца, паведамілі ў аддзеле архітэктуры і будаўніцтва Гродзенскага райвыканкама, затым пачнецца адвод зямлі. Гэта работа вядзецца сумесна з СВК. Асноўны акцэнт будзе зроблены на будаўніцтва жылля з адпаведнай інфраструктурай — паркоўкамі, дзіцячымі пляцоўкамі, зонай адпачынку. Самым маштабным праектам сёлета можа стаць рэканструкцыя ачышчальных збудаванняў.

Спыняюся каля спартыўнай школы, дзе аб нечым спрачаюцца трое мужчын, адзін прытрымлівае веласіпед. Для вёскі гэта хутчэй транспарт, чым спартыўны інвентар. Таму пра веладарожкі тут пакуль не задумваюцца. Большая патрэба ёсць у стадыёне. Дырэктар Мікалай ЯНУШКЕВІЧ азартна дэманструе ўчастак каля спартыўнай школы, дзе можна гэты аб'ект размясціць:

— Мы даўно гэту ідэю даносім, сюды будуць прыходзіць жыхары Абухава, каб у валейбол, баскетбол згуляць, зімой — каток можна заліць.

У Абухаве ганарацца валейбольнай камандай, якая ўваходзіць у вышэйшую лігу. Мясцовыя спартсмены — валейбаліст і сем барцоў — у складзе нацыянальных зборных краіны. А вось для масавага адпачынку патрэбны вулічныя гульні, многія хацелі б бачыць у аграгарадку адноўлены басейн.

— Тры гады не працуе, — кажа Мікалай Янушкевіч. — З таго часу як гаспадарка перадала яго на баланс райвыканкама. Пачалі рабіць рамонт, так і стаіць... Раней цэлымі сем'ямі сюды хадзілі...

Як хутка адрамантуюць басейн — невядома. Бо сродкі на развіццё вёскі будучыні прыйдзецца шукаць на месцы — у раёне і СВК.

Затое няма праблем з грамадскай лазняй. Жыхары задаволены, што ў аграгарадку ёсць такі важны сацыяльны аб'ект, і гатовы заплаціць пяць рублёў за добрую пару.


У тэму

Яўген САДОХА, галоўны архітэктар Гродзенскай вобласці:

— Аграгарадок Абухава — самы іміджавы ў рэгіёне. Па-першае, тут ёсць неабходная інфраструктура, моцны СВК, які забяспечвае развіццё аграгарадка. Па-другое, вакол населенага пункта склалася спрыяльнае асяроддзе. Гэта блізкасць магістралі Гродна — Мінск, аэрапорт, які знаходзіцца за некалькі кіламетраў ад Абухава, а таксама тэрыторыя Гродзенскай ГЭС, дзе ў далейшым можна развіваць турызм. Дарэчы, план забудовы трох зон ужо распрацаваны.

Валерый СМАЛЕЙ, старшыня Абухаўскага сельвыканкама:

— Пакуль невядома, ці будзе ўлічана ў генеральным плане індывідуальнае будаўніцтва. Участкі тут не распрацоўваліся ўжо больш за 10 гадоў, хоць чарга на іх складае 120 чалавек. Атрымаць надзел праз аўкцыён можна толькі ў навакольных вёсках, аднак ахвотных практычна няма. У той жа час у самім Абухаве ёсць прыдатная для забудовы тэрыторыя, продаж якой можа прынесці значныя сродкі ў раённы бюджэт.

Маргарыта УШКЕВІЧ

margo@zviazda.by

Загаловак у газеце: Погляд з вясковай «высоткі»

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.