Вы тут

Апантанасць правіламі


Калі вам падалося, што ўсе навокал зацыкліліся на здаровым ладзе жыцця, то... вам не падалося. Калега нядаўна вырашыла харчавацца правільна. Праз месяц паскардзілася: «Раней, калі сустракаліся з сяброўкай, выбіралі кавярні па прынцыпе «што б нам хацелася з'есці: бліны, пасту, піццу?» А цяпер думаем, куды б на гарбату схадзіць».


Пра складаныя вугляводы, клятчатку і біцэпс бядра ведае, бадай, кожны другі. І ў прынцыпе клапаціцца пра свой арганізм — гэта добра. Пакуль справа не даходзіць да фанатызму.

Насамрэч апантанасць правільным харчаваннем (па-навуковаму — артарэксія) са здароўем мае мала агульнага: жорстка спланаваны рацыён, абмежаваная колькасць прадуктаў (прычым часта незразумела, па якой логіцы праводзіўся адбор), харчаванне па гадзінах і панічны страх з'есці што-небудзь забароненае.

Адна дзяўчына, якая падсела на здаровы лад жыцця, расказвала ў сацсетках, як тыдзень рыхтавалася да таго, каб пакаштаваць торт у кавярні, што вельмі хваліла яе сяброўка. Калі дзень «ікс» настаў, Насця з раніцы зрабіла працяглую трэніроўку і не ела ўвесь дзень. А пасля таго як нарэшце адведала доўгачаканы дэсерт, запанікавала, што калорый у ім было ў два разы больш, чым яна разлічвала. «У той дзень я прайшла 28 кіламетраў. Торт я ела днём, а пасля з'ела на вячэру салату з курыцай без запраўкі і ўсё. Я не парушыла свой дзённы калараж. Я была проста шчаслівая... І гэта апісанне толькі аднаго моманту з тортам! Колькі тут мітусні, пустых думак, трывогі, перажыванняў», — дзеліцца Насця сваёй гісторыяй.

Сацыяльныя сеткі, дарэчы, толькі «падаграваюць» залежнасць. Складана спыніцца, калі кожнае тваё фота ў трэнажорцы ці здымак адварной курыцы з агароднінай набірае процьму «лайкаў». (Хоць калі вы, як у анекдоце, фатаграфуеце для Інстаграма клубніцы, а самі тым часам уплятаеце пельмені, то хвалявацца няма чаго.) Даследчыкі артарэксіі якраз адзначаюць, што да новай хваробы схільныя маладыя, няўпэўненыя ў сабе дзяўчаты. Той факт, што яны ўжываюць правільную ежу і захоўваюць дысцыпліну, дае ім магчымасць адчуць гордасць за сябе і перавагу над астатнімі.

«Мяне бесіць мая знаёмая. Усе яе размовы — толькі пра трэніроўкі і калорыі», — пішуць на форумах. Гэта яшчэ адзін пабочны эфект артарэксіі. І справа зусім не ў зайздрасці. Ну, немагчыма доўга вытрымаць кампанію чалавека, у прысутнасці якога нельга з'есці круасан і не выклікаць асуджэння!

На нашым імкненні да здаровага — не, хутчэй, правільнага — ладу жыцця, упэўнена, нядрэнна зарабляюць маркетолагі. Чытала неяк пра рацыён адной расійскай тэлевядучай. Вада з хларафілам, чайны грыб, грачаная локшына з авакада, салата з фенхелю з марскімі грабянькамі... Не самае таннае меню.

Ці ўзяць бялковыя кактэйлі. На ўпакоўцы вялікімі літарамі напісана, што ў іх змяшчаецца палова дзённай нормы бялку. Прывабна. Але столькі ж пажыўнага рэчыва можна атрымаць, з'еўшы звычайны пачак тварагу. Толькі апошні больш танны і натуральны. Увогуле, этыкеткі прадуктаў з надпісамі «фітнес» і «малакаларыйны» трэба вывучаць удвая больш уважліва.

У ідэале здаровая ежа і спорт павінны паляпшаць жыццё, а не абмяжоўваць яго. Калі вы не прафесійны атлет, то памятаць колькасць бялкоў, тлушчаў і вугляводаў у кожным прадукце і штодзень праводзіць трэніроўкі на ўсе групы мышцаў неабавязкова. Дастаткова ведаць, што замест таго, каб ляжаць у выхадныя на канапе, лепш пагуляць у валейбол, а пірожнае ўвечары карысна замяніць на кефір. Хоць пішуць, што і 50 грамаў сала ў дзень не пашкодзіць фігуры. А ў дыетычным меню знаходзіцца месца нават для масла і какавы з цукрам. Напэўна, таму, што яго складалі ўрачы, а не маркетолагі.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».