Вы тут

Міхаіл Мясніковіч узяў удзел у адкрыцці Гарлыкскага ГАК


На мінулым тыдні адной з ключавых навін стала адкрыццё Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната ў Туркменістане Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам і Прэзідэнтам Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедавым. Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаіл Мясніковіч падчас нядаўняга візіту ў гэтую краіну ўжо наведваў вытворчасць. У сувязі з гэтым парламентарый за некалькі дзён да афіцыйнага візіту кіраўніка дзяржавы далажыў Аляксандру Лукашэнку аб выніках рэалізацыі беларуска-туркменскага праекта.


Так, на думку старшыні Савета Рэспублікі, будаўніцтва Гарлыкскага ГАК з'яўляецца выгадным для беларускага боку. "Гэта іміджавы праект", — падкрэсліў ён. Да таго ж беларускі бок паставіў на камбінат шмат абсталявання сваіх прадпрыемстваў: асобныя віды праходчых камбайнаў, электрычнае і механічнае абсталяванне, тэхніку МАЗ і "Амкадор". Акрамя таго, Міхаіл Мясніковіч не выключыў, што Гарлыкскі горна-абагачальны камбінат можа стаць партнёрам "Беларуськалія".

Навукоўцы дапамогуць заканатворцам

Такім чынам, лічаць у верхняй палаце, гэта зробіць законы больш эфектыўнымі.

У Савеце Рэспублікі адбылося пашыранае пасяджэнне навукова-кансультатыўнага савета па пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі пры Прэзідыуме Савета Рэспублікі. Падчас яго парламентарыі прапанавалі навукоўцам у сферы права больш цесна супрацоўнічаць пры падрыхтоўцы законаў.

Галоўнай тэмай пасяджэння сталі законы: працэдура, схема іх стварэння, практыкапрымяненне. Зараз у парламенце якраз разглядаецца законапраект "Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь", які непасрэдна тычыцца арганізацыі праватворчага працэсу.

На думку Алы Бодак, старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве, менавіта прававой навуцы павінна належаць адна з галоўных роляў у працэсе стварэння нормаў права. Гэта дазволіць мець дакладна акрэсленыя крытэрыі эфектыўнасці законаў. Акрамя таго, старшыня Пастаяннай камісіі лічыць, што аўтар-распрацоўшчык закона павінен сачыць, як дакумент прымяняецца на практыцы. Не лішнім будзе падключыць да маніторынгу недзяржаўныя структуры, якія спецыялізуюцца на канкрэтных праваадносінах.

Скарыстаем мадэльны закон

Распрацаваны мадэльны закон можа стаць асновай для беларускага заканадаўчага акта.

У Санкт-Пецярбургу адбылося пасяджэнне Пастаяннай камісіі Міжпарламенцкай асамблеі дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў (МПА СНД) па эканоміцы і фінансах. Падчас мерапрыемства былі разгледжаны праекты Канцэпцыі мадэльнага Падатковага кодэкса для дзяржаў — удзельніц СНД, Кіраўніцтва па развіцці і выкарыстанні механізмаў публічна-прыватнага партнёрства ў дзяржавах-удзельніцах, прапановы ў праект Перспектыўнага плана мадэльнай заканатворчасці ў СНД на 2016—2020 гады. Акрамя таго, на пленарным пасяджэнні Міжпарламенцкай асамблеі прыняты шэраг мадэльных законаў: "Аб дзяржаўнай уласнасці", "Аб дзяржаўным рэгуляванні цэнаўтварэння".

На думку намесніка старшыні Пастаяннай камісіі МПА СНД па эканоміцы і фінансах, старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Уладзіміра Панцюхова, сярод прынятых мадэльных нарматыўных прававых актаў адно з найважнейшых месцаў займае закон "Аб дзяржаўнай прамысловай палітыцы". У Рэспубліцы Беларусь сёлета прыступілі да распрацоўкі канцэпцыі адпаведнага закона. Таму мадэльны закон будзе служыць добрай асновай для распрацоўкі нацыянальнага заканадаўчага акта, а таксама спрыяць рабоце па ўніфікацыі і гарманізацыі заканадаўства як краін СНД, так і Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі.

Вераніка ПУСТАВІТ

pustavіt@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.