Вы тут

Што вы не ведаеце пра сваіх дзяцей?


Ранейшыя метады прафілактыкі не прыносяць плёну ў сучасных умовах

Вынікі даследавання па ўжыванні псіхаактыўных рэчываў падлеткамі і моладдзю, праведзенага летась у краіне па ініцыятыве Міністэрства аховы здароўя і Прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Рэспубліцы Беларусь, паказваюць, што нам трэба шукаць новыя рашэнні ў прафілактыцы шкодных захапленняў.


У апошнія гады ў Беларусі рэгіструецца значная колькасць непаўналетніх, якія маюць вопыт ужывання псіхаактыўных рэчываў. Толькі ў невялікай колькасці сфарміраваўся пры гэтым сіндром залежнасці, як правіла, размова ідзе пра ўжыванне са шкоднымі наступствамі. Гэта ранняя і высокая смяротнасць сярод залежных, рост колькасці суіцыдальных спроб (Беларусь займае 6-е месца сярод 53 краін СААЗ па колькасці суіцыдаў сярод 15—19-гадовых юнакоў), павелічэнне колькасці дарожна-транспартных здарэнняў, вытворчага траўматызму і г. д.

Паводле слоў прадстаўніка Дзіцячага фонду ААН у Рэспубліцы Беларусь Рашэда Мустафы САРВАРА, даступнасць медыцынскай і асабліва кансультацыйнай дапамогі гэтай катэгорыі застаецца на высокім узроўні — у Беларусі адна з самых развітых сетак цэнтраў, дружалюбных да падлеткаў, іх 55 па ўсёй краіне. Працуюць такія ўстановы на базе дзіцячых паліклінік, кансультацыі даступныя маладым людзям ва ўзросце да 24 гадоў. Аднак неабходна працягваць удасканаленне заканадаўчай базы і распрацоўваць самыя сучасныя падыходы для стратэгіі ўмацавання здароўя дзяцей і падлеткаў.

Сёлета пад назіраннем урачоў псіхіятраў-нарколагаў знаходзяцца амаль 15 тысяч непаўналетніх. Сіндром залежнасці ў большасці яшчэ не сфарміраваўся (такіх усяго 33 чалавекі), а вось шкодных наступстваў нямала.

14,4 тысячы ўжываюць алкаголь, 202 — наркатычныя сродкі. Найбольшая колькасць тых, хто ўжывае алкаголь, — у сталіцы, найменшая — у Гродзенскай вобласці. Самы высокі ўзровень ужывання алкаголю сярод моладзі ва ўзросце 15—19 гадоў у краінах Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі ў 2010 годзе быў адзначаны менавіта ў Беларусі (28,3 л чыстага спірту ў год на душу насельніцтва).

Наркатычныя сродкі са шкоднымі наступствамі больш ужываюць у Гомельскай вобласці, найменш — у Мінскай. Рэзкі пад'ём новых выпадкаў наркаманіі сярод падлеткаў зафіксаваны ў 2014 годзе, што было звязана з масіўным распаўсюджваннем сінтэтычных канабіноідаў (спайсаў). Ранейшыя сацыялагічныя даследаванні паказваюць, што ад 2 да 17 працэнтаў маладых людзей маюць вопыт ужывання наркатычных або таксікаманічных рэчываў.

Што паказала праведзенае ў 2016 годзе апытанне 14—24-гадовай моладзі?

Цікава, што 55 працэнтаў ацэньваюць сябе як «практычна здаровы», але 35 працэнтаў указалі, што для іх тыповымі будуць знясіленне і моцная стомленасць, яшчэ столькі ж адзначылі працяглае ўнутранае напружанне і неспакой, крыху менш — апатыю і абыякавасць да ўсяго, трывогу і страх, пачуццё адзіноты, бяссонніцу, працяглую страту апетыту, адчай і безнадзейнасць. Між тым стрэсы і дрэннае псіхалагічнае самаадчуванне ў пэўнай ступені могуць штурхаць да ўжывання псіхаактыўных рэчываў. У чарговым даследаванні, дарэчы, ЮНІСЕФ больш глыбока плануе даследаваць псіхасацыяльны стан падлеткаў.

25,4 працэнта маладых людзей кураць: 31 працэнт юнакоў і амаль 20 працэнтаў дзяўчат. Кураць 20 працэнтаў 14—17-гадовых. 25 працэнтаў або лічаць, што курэнне ніяк не ўплывае на іх здароўе, або нічога не могуць сказаць пра гэта. 40 працэнтаў непаўналетніх асабіста набываюць сабе цыгарэты, а 42 працэнта ўказалі на тое, што такім пакупкам садзейнічаюць іншыя людзі.

Хоць бы аднойчы алкаголь ужывалі 70 працэнтаў маладых людзей, гэты працэнт аднолькавы сярод юнакоў і дзяўчат. Праўда, сярод непаўналетніх гэта 46 працэнтаў, а сярод тых, каму 18—24 — ужо 85.

Большасць ужывалі спіртныя напоі ў апошнія 12 месяцаў, з чаго вынікае, што ў большасці выпадкаў ужыванне алкаголю не абмяжоўваецца першай спробай, а паспяхова працягваецца. Самыя распаўсюджаныя напоі — піва, віно, гарэлка і кан'як. 20 працэнтаў з рознай частатой ужываюць самагон і дамашняе віно. 76 працэнтаў асабіста набываюць спіртное ва ўстановах гандлю (сярод тых, каму 14—17, такіх 25 працэнтаў). 40 працэнтаў заказваюць самі ў кафэ, рэстаране. Акрамя таго, дапамагаюць з такой пакупкай і «добрыя людзі». Цікава, што для многіх гэта нармальнае адзначэнне сямейных свят і дзён нараджэння, а значыць, зноў жа, пад наглядам ці нават пры пэўным падбухторванні з боку блізкіх дарослых. 17 працэнтаў тых, хто ўжываў алкаголь цягам апошніх 12 месяцаў, адчувалі жаданне, што ім варта скараціць ужыванне спіртных напояў, 12 працэнтаў адчувалі віну, звязаную з гэтым.

Эксперты мяркуюць, што стратэгіі процістаяння курэнню, ужыванню алкаголю і наркотыкаў сярод падлеткаў павінны ахапіць і дарослых. Абмежаванне доступу непаўналетніх падлеткаў да алкаголю застаецца найважнейшым элементам. Пры гэтым патрабуецца і перагляд некаторых нормаў. Так, напрыклад, адказнасць за распіванне алкагольных напояў у грамадскіх месцах наступае ў нашай краіне толькі з 16 гадоў, а летась было зафіксавана звыш 2 тысяч такіх фактаў сярод 14—16-гадовых. Відавочна, адміністрацыйную адказнасць неабходна распаўсюдзіць на ўсіх непаўналетніх і пашырыць само паняцце грамадскіх месцаў, бо пакуль той жа інтэрнат такім месцам чамусьці не з'яўляецца.

23 працэнты юнакоў і 14 працэнтаў дзяўчат сутыкаліся з прапановай пакаштаваць курыльныя сумесі, «траўку», таблеткі і інш. Ужывалі гэта каля 5 працэнтаў тых, каму 14—19 і 9 працэнтаў 20—24-гадовых. 1,5 працэнта спрабавалі адзін або некалькі разоў ужываць наркотыкі. 10 працэнтаў сцвярджаюць, што ў іх горадзе гэта не праблема. Большасць рэспандэнтаў не ведаюць адказу на гэта пытанне. Узровень ведаў па пытаннях наркаспажывання, рызыках і небяспеках, звязаных з гэтым, даволі нізкі. Досыць вялікая доля маладых людзей не ўсведамляе небяспекі аднаразовай, эпізадычнай спробы наркотыка, ужывання неін'екцыйных наркотыкаў.

53 працэнты рэспандэнтаў мелі сексуальныя кантакты (у 14—19 гадоў — 26 працэнтаў, 20—24 гады — 78).

Ва ўзросце да 15 гадоў першы сексуальны кантакт быў у 6 працэнтаў. Заўсёды выкарыстоўваюць прэзерватыў усяго 43 працэнты тых, хто ўказаў на наяўнасць непастаяннага сексуальнага партнёра на працягу апошніх 12 месяцаў.

Атрыманыя даныя апытання стануць інфармацыйнай базай для далейшага маніторынгу бяспечных паводзін моладзі. У хуткім часе плануецца распрацаваць навукова абгрунтаваную мадэль ранняй прафілактыкі ўжывання псіхаактыўных рэчываў у падлеткавым узросце. Спецыялісты звяртаюць увагу на неабходнасць распрацоўкі сістэмы ранняга выяўлення груп рызыкі, укаранення ў адукацыйных установах дыягностыкі схільнасці да алкагольнай і наркатычнай залежнасці (для гэтага ў свеце існуюць спецыяльныя тэсты).

З аднаго боку, неабходна поўнасцю перагледзець падыходы ва ўстановах адукацыі і па месцы работы, дзе ажыццяўляецца так званая прафілактыка, якая, як бачна, ужо не прыносіць плёну ў сучасных умовах. З другога боку, важна звярнуцца і да адказнага бацькоўства. Трэба шукаць адказы на пытанні: як павысіць кампетэнтнасць бацькоў у тых працэсах, якія адбываюцца навокал? Як падштурхнуць да таго, каб яны былі зацікаўленымі сябрамі і дарадцамі, здольнымі прапаноўваць прывабную альтэрнатыву згубным звычкам? Бо сёння адбываецца так, што вырваныя з багны шкодных рэчываў дзеці вырашаюць праблему зняцця стрэсу і атрымання новых адчуванняў у інтэрнэце, а там знаходзяць на сваю галаву іншыя велізарныя праблемы.

Добра сябе паводзіць — дрэнна

Аліс МІЛЕР, аўтар кнігі «Драма адоранага дзіцяці», найбуйнейшы сусветны спецыяліст па праблеме дзіцячага насілля:

1. Гнеў бацькоў — вынік іх уласных праблем. Але віну за гэта дарослыя ўскладаюць на дзіця.

2. Дрэнныя паводзіны — адзін з нямногіх спосабаў, якія выкарыстоўвае дзіця для пакарання дарослага.

3. Менавіта тое, што бацькі хаваюць, больш за ўсё хвалюе дзіця.

4. Для большасці людзей думка аб тым, што бацькі іх не любілі, невыносная. Чым больш доказаў нелюбові, тым мацней людзі чапляюцца за ілюзію таго, што яны былі любімымі.

5. Патрабаванні «добра сябе паводзіць» не маюць нічога агульнага з самім жыццём. Многім людзям гэтыя ўстаноўкі перакрываюць шлях да свабоды.

6. Маралізатарства толькі зводзіць дзіця з вернага шляху і перакрывае яму шлях да самапазнання. Цела, у рэшце рэшт, не разумее маральныя запаведзі.

7. Тыран — гэта траўмаванае ў дзяцінстве дзіця, якога білі і прыніжалі бацькі. Калі чалавеку з дзяцінства было дазволена адчуваць сябе свабодным і моцным, то пазней у яго не ўзнікне патрэбы прыніжаць іншых.

8. Поўнае падпарадкаванне волі выхавацеляў цягне за сабой гатоўнасць дарослага чалавека поўнасцю падпарадкавацца чужой палітычнай волі.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.