Вы тут

Новыя радовішчы карысных выкапняў будуць распрацоўвацца ў Беларусі


Так, напрыклад, у Пінскім раёне лакалізаваны буйныя залежы базальтаў — новага віду сыравіны для нашай краіны.


Пра гэта паведаміў начальнік упраўлення па геалогіі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей МАМЧЫК. Аб'ём запасаў радовішча непадалёк ад вёскі Новы Двор папярэдне ацэньваецца прыкладна ў 30 мільёнаў тон. Спецыяліст падкрэсліў, што лакалізацыя карыснага выкапня ў гэтым рэгіёне была прадказана айчыннымі навукоўцамі, геолага-разведачныя работы толькі пацвердзілі іх прагноз.

Па словах эксперта, сыравіна будзе прыгоднай для вытворчасці мінеральных валокнаў, цеплаізаляцыйных пліт, мастацкага сартавога шкла, шклавідных пакрыццяў і іншай прадукцыі. Акрамя базальтаў, радовішча ўтрымлівае ў сабе туфы (могуць выкарыстоўвацца для вытворчасці будматэрыялаў), будаўнічыя пяскі, гравійна-пясчаныя сумесі і пароды, якія могуць быць выкарыстаны ў якасці аграхімічнай сыравіны.

— У 2017 годзе плануецца распачаць пробную распрацоўку радовішчаў бурштыну, — расказаў міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй КАЎХУТА. — Гэта яшчэ адзін з новых для Беларусі рэсурсаў, які варта асвойваць. Падчас запланаваных па праекце работ будзе вызначаны аб'ём залежаў бурштыну ў Жабінкаўскім раёне. Паводле папярэдніх звестак, ён складзе некалькі дзясяткаў тысяч тон.

Акрамя таго, у Беларусі ўжо тэсціруецца тэхналогія перапрацоўкі адходаў, якія ўтвараюцца падчас здабычы карысных выкапняў. Пра гэта паведаміла дырэктар філіяла «Інстытут па геалогіі» РУП «Навукова-вытворчы цэнтр па геалогіі» Вольга БЯРОЗКА. Паводле яе слоў, цяпер ідзе работа над тэхналогіяй выкарыстання другаснай сыравіны, што ўтвараецца пры распрацоўцы такіх выкапняў, як будаўнічы камень. Работы вядуцца сумесна з калегамі з Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, якія дапамагаюць ствараць рэцэптуры і тэхналогіі. Летась спосаб адпрацоўваўся на радовішчы Мікашэвічы, сёлета плануецца паўтарыць выпрабаванні на радовішчы Дыябазавае.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Займеем базальт і бурштын

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».