Вы тут

Работа з людзьмі — галоўны прыярытэт парламентарыяў


Падчас нарады ў кіраўніка дзяржавы, прысвечанай актуальным пытанням развіцця краіны, Прэзідэнт падзякаваў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў за тое, што яны літаральна адзіныя ўніклі ў сутнасць дэкрэта №3 і правільна яго зразумелі. Відаць, гэта яшчэ адзін доказ таго, што парламентарыі рэальна выконваюць адну са сваіх найважнейшых функцый — сувязнога звяна паміж выбаршчыкамі і ўладай. Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімір АНДРЭЙЧАНКА расказаў «Звяздзе», як дэпутаты Палаты прадстаўнікоў выбудоўваюць адносіны з выбаршчыкамі.


Дзякуючы рабоце парламентарыяў у акругах, пастаяннаму кантакту з выбаршчыкамі дэпутаты паднялі пытанне аб недасканаласці некаторых пунктаў дэкрэта...

— Так. Дэпутаты не па чутках ведаюць праблемы, з якімі звяртаюцца грамадзяне. Непасрэдная работа з людзьмі заўсёды была і застаецца галоўным прыярытэтам парламентарыяў. Асаблівая ўвага пры гэтым удзяляецца тым, хто больш за ўсё мае патрэбу ў падтрымцы, — шматдзетным сем'ям, старым, сіротам, інвалідам. І, вядома, вопыт вырашэння такіх праблем улічваецца ў нашай заканадаўчай дзейнасці. Дарэчы, яшчэ дэпутаты пятага склікання, каб прадугледзець мноства магчымых няпростых момантаў у жыцці людзей, прапанавалі даць мясцовым Саветам дэпутатаў права вызваляць грамадзян, якія трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю, ад выплаты збору на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў. Сёння гэта палажэнне замацавана ў дэкрэце №3.

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў шостага склікання з улікам вопыту сваіх папярэднікаў прапанавалі значна пашырыць пералік грамадзян, якія могуць быць вызвалены ад выплаты гэтага збору. Прапанавана таксама ўвядзенне механізму адтэрміноўкі ці растэрміноўкі выплаты збору на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў па аб'ектыўных прычынах. У цяперашні час дэпутаты актыўна дапамагаюць мясцовым уладам удакладняць спісы такіх людзей, весці растлумачальную работу па дэкрэце №3. Як вынік, колькасць грамадзян, якія прыходзяць на прыём з падобнымі пытаннямі, пастаянна зніжаецца. Трэба сказаць, што велізарную работу ў гэтым напрамку праводзіць Пастаянная камісія па працы і сацыяльных пытаннях і непасрэдна яе старшыня Тамара Красоўская. Менавіта ў гэтай камісіі акумулюецца ўся інфармацыя аб правапрымяненні дэкрэта.

— Дапамога людзям у пошуках працы — адна з галоўных задач, якую Прэзідэнт паставіў перад мясцовымі ўладамі. Да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў таксама нярэдка звяртаюцца з адпаведнай просьбай. Ці атрымліваецца дапамагчы?

— Кожны канкрэтны выпадак патрабуе асаблівага разгляду. І дэпутаты, дзейнічаючы ў прававым полі, робяць усё, каб дапамагчы людзям. Але рашэнне гэтай праблемы ў цэлым патрабуе комплекснага падыходу. Гэта разняволенне дзелавой ініцыятывы, мадэрнізацыя вытворчасці, стварэнне новых працоўных месцаў, арганізацыя перападрыхтоўкі кадраў. Нарэшце, вялікае значэнне мае і зацікаўленасць саміх людзей у працаўладкаванні. У адзіночку ўсе гэтыя пытанні не вырашыць. Таму дэпутаты працуюць у цесным кантакце з мясцовымі органамі ўлады, кіраўнікамі прадпрыемстваў, структурамі грамадзянскай супольнасці, шукаюць новыя формы работы.

Возьмем хоць бы апошні прыклад. Па ініцыятыве дэпутата Максіма Місько мінскія парламентарыі сабраліся са сваімі калегамі гарадскога і раённага ўзроўняў, запрасілі на гэтую сустрэчу кіраўніка адміністрацыі Першамайскага раёна сталіцы, работнікаў службы занятасці і кіраўнікоў працоўных калектываў. У ходзе сустрэчы было ўдакладнена, колькі жыхароў раёна маюць патрэбу ў працаўладкаванні і якія месцы ім могуць прапанаваць прадпрыемствы. Пасля гэтага ў раёне правялі кірмаш вакансій, дзе было прапанавана больш за 870 працоўных месцаў у самых розных сферах. Прычым разам са спецыяльнасцямі накшталт дворніка ці грузчыка былі прапановы, якія патрабуюць ад саіскальнікаў досыць высокай кваліфікацыі, напрыклад інжынер-электрык, галоўны бухгалтар, галоўны эканаміст. Толькі на працягу гадзіны пасля адкрыцця на кірмаш прыйшло больш за дзве сотні чалавек. Важна, што ўсе людзі маглі непасрэдна пагаварыць з работадаўцамі, распытаць пра ўмовы, аплату працы. Зразумела, што прапанаваныя вакансіі прыйшліся даспадобы не ўсім, і ўсё ж дзясяткі людзей змаглі ў гэты дзень вырашыць свае праблемы з працаўладкаваннем. Ацаніўшы эфект мерапрыемства, адміністрацыя раёна вырашыла праводзіць падобныя кірмашы кожны тыдзень.

Такая работа ў той ці іншай форме актыўна праводзіцца сёння ва ўсіх рэгіёнах. Важна, што дэпутаты не сядзяць у кабінетах, а ідуць да людзей і высвятляюць, што іх турбуе.

Зразумела, сярод беспрацоўных ёсць людзі, якіх можна аднесці, скажам так, да групы рызыкі. Гэта, напрыклад, тыя, хто вярнуўся з месцаў пазбаўлення волі. Усе ведаюць, што ім цяжэй за ўсё працаўладкавацца. З іншага боку, ёсць і тыя, хто працаваць не прывык і не жадае. Але ўсё ж гэта нашы грамадзяне, і ім трэба прынамсі прапанаваць працоўныя месцы, хай нават не самыя прэстыжныя, але якія даюць сталы прыбытак. Можа быць, гэта дапаможа камусьці змяніць сваё жыццё да лепшага. І дэпутаты ва ўзаемадзеянні з праваахоўнымі органамі таксама займаюцца такімі праблемамі. Гэта ўсяго толькі некалькі прыкладаў, але яны тыповыя і даюць магчымасць уявіць сабе агульную карціну той работы, якую сёння дэпутаты Палаты прадстаўнікоў праводзяць у сваіх выбарчых акругах.

— Як было адзначана на нарадзе, кіраўнікам трэба шчыра гаварыць з людзьмі, унікаць у іх праблемы. Наколькі даверным атрымліваецца дыялог з людзьмі ў дэпутатаў?

— Такі дыялог ідзе пастаянна: у рамках асабістых прыёмаў, у ходзе сустрэч з насельніцтвам, працоўнымі калектывамі, падчас правядзення прамых тэлефонных ліній і, нарэшце, у медыясферы. Дэпутаты актыўна ўключаюцца ў дыскусіі па самых вострых пытаннях, інфармуюць насельніцтва аб рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі, тлумачаць заканадаўства, прыцягваюць грамадзян да абмеркавання законапраектаў. Тыя ж сталічныя дэпутаты сфарміравалі дэпутацкі клуб. Яны сустракаюцца на пляцоўцы інфармацыйнага агенцтва «Мінск-Навіны», дзе з удзелам журналістаў і экспертаў абмяркоўваюць самыя гарачыя тэмы, якія хвалююць не толькі мінчан, але і ўсіх жыхароў Беларусі. Гэта і развіццё эканомікі, і падатак на дармаедства, і фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці, і іншыя не менш важныя пытанні. Важна, што дзякуючы журналістам меркаванні дэпутатаў адразу ж становяцца здабыткам грамадскасці.

Не сакрэт, што незадаволенасць дэкрэтам №3 была выклікана перш за ўсё недасканалай пастаноўкай растлумачальнай работы. Гэтым і скарысталіся некаторыя апаненты ўлады, якія імкнуцца любымі сродкамі зарабіць сабе палітычны капітал. Пры гэтым ніякай пазітыўнай праграмы ў іх, зразумела, не было і няма. Іх галоўная мэта — пасеяць недавер да ўлады і расхістаць сацыяльна-палітычную абстаноўку ў краіне. У адрозненне ад гэтых палітыкаў парламентарыі, такія, напрыклад, як Ігар Марзалюк, выходзілі да пратэстоўцаў не з пустымі лозунгамі, а каб пачуць грамадскую думку і прапанаваць канкрэтныя шляхі вырашэння існуючых праблем.

І ўсё ж людзей, якія незадаволены жыццём, але нічога не робяць, каб яго змяніць, у нас меншасць. Значна больш грамадзян, якія неабыякава ставяцца да свайго лёсу, лёсу сваёй краіны. Яскравым доказам гэтага стала акцыя «Наш дом», арганізаваная ў Магілёве дэпутатам Вольгай Петрашовай. Жыхары мікрараёнаў, моладзь, пенсіянеры, грамадскія актывісты з задавальненнем адгукнуліся на заклік дэпутата зрабіць свой горад больш утульным, прыгожым і ўласным прыкладам паказалі, як можна спакойна і вынікова вырашаць надзённыя праблемы, не чакаючы, пакуль нехта зробіць гэта за іх.

А ў цэлым, вядома, дыялог з грамадствам — гэта не разавая акцыя, а штодзённая карпатлівая праца, ад якой шмат у чым залежыць прававая і палітычная культура грамадства, кансалідацыя народа і яго здольнасць супрацьстаяць самым няпростым выпрабаванням у жыцці краіны. І дэпутаты да такой працы гатовы.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.