Вы тут

Беллегпрам прадставіў новыя калекцыі школьнага адзення


Да наступнага сезона канцэрн падрыхтаваў каля 500 мадэляў адзення для вучняў. У параўнанні з мінулым годам асартымент абнавілі на 90 працэнтаў. Намеснік старшыні Беллегпрама Аляксандр ЯКОЎЧЫЦ адзначыў, што калекцыі ствараліся па капсульным метадзе — гэта значыць швейныя вырабы можна лёгка камплектаваць адно з адным. Плюс дызайнеры фабрык зрабілі стаўку не толькі на экалагічна чыстыя тканіны, але і на адпаведнасць модзе.


Апошняе прыемна радуе. Калі гадоў пяць таму школьнае адзенне прызначалася быццам бы толькі для выдатнікаў на ўрачыстай лінейцы, то цяпер беларускія вытворцы пастараліся прадставіць разнапланавую форму, у якой камфортна сябе будзе адчуваць і ўзорны вучань, і «сарвігалава».

Новыя калекцыі прадставілі падчас паказу, які праходзіў у рамках выстаўкі «БелТЭКСлегпрам. Вясна — 2017». Так, фабрыка «Славянка» распрацавала некалькі кірункаў дзелавога стылю для школьнікаў: «высакародны шэры», «лэдзі ў чорным», «джынсавы стыль», «сіні дыпламат», «натуральная лінія», «камфортны трыкатаж». Кожны кірунак ахоплівае ўсе ўзроставыя групы і ўключае адзенне для поўных дзяцей. З цікавых мадэляў для дзяўчатак — надзвычай модная цяпер спадніца-плісэ і сукенка з белымі каўнерыкам і манжэтамі ў стылі «рэтра».

Прадпрыемства «Калінка» прэзентавала форму, у якой дзеці будуць адчуваць сябе камфортна і ў працэсе заняткаў, і падчас адпачынку на перапынках. Для школьніц, якім надакучылі простыя фасоны, пашылі блузы з аборкамі і пінжакі з высокімі плячыма. Навагрудская фабрыка «БелКрэда» выпусціла калекцыю «Разумнікі і разумніцы», вырабленую з паўшарсцяных і полівіскозных тканін высокай якасці. Паклапаціліся і аб аксесуарах: дзяўчаткам прапануюць дапоўніць свой вобраз гальштукамі, а хлопчыкам — матылькамі.

Базавыя рэчы дзелавога стылю прадставіла Жлобінская швейная фабрыка. Касцюм для хлопчыкаў складаецца з пінжака, камізэлькі і штаноў, а касцюм для дзяўчатак уключае жакет, спадніцу, сарафан і блузку. Навінкай калекцыі сталі трыкатажныя бомберы — цёплы і зручны варыянт на кожны дзень (прычым не толькі для школы).

Мазырскае прадпрыемства «Надэкс» распрацавала да наступнага навучальнага года вялікі асартымент блуз — з рушамі, валанамі, атласнымі стужкамі. Ёсць варыянты як для паўсядзённых заняткаў, так і для экзаменаў і ўрачыстых мерапрыемстваў. Кашулі для хлопчыкаў пашыты ў класічным стылі.

Практычныя джэмперы і камізэлькі з якаснага матэрыялу падрыхтавала трыкатажная фабрыка «Палессе». Новая лінія адзення для вучняў «Дзелавашкі» выканана ў тыповых школьных колерах: шэрым, сінім, бардо. А для вучаніц выпускных класаў строгія камплекты шукайце на фабрыцы «Вяснянка» (Магілёў). Тут ёсць і шыфонавыя блузы, і чырвоныя касцюмы, і ўкарочаныя штаны.

Што да спартыўнай формы, то аб гэтым паклапаціліся прадпрыемствы «8 Сакавіка» і «Світанак».

Частка з прадстаўленага адзення ўжо паступіла ў крамы, але актыўны перыяд продажаў пачнецца ў маі. З новымі калекцыямі на паказе азнаёміліся і прадстаўнікі навучальных устаноў, каб ужо цяпер заказаць адзіную форму для асобных класаў у рамках праекта «Школа будучыні». Летась у гэтым праекце ўдзельнічалі 38 школ (у тры разы больш, чым планавалася) і 12 тысяч дзяцей. У наступным навучальным годзе, упэўнены ў Беллегпраме, заказы на форму пакіне яшчэ больш устаноў адукацыі: попыт адназначна расце.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubnеuskауа@zvіаzdа.bу

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: Форма для выдатнікаў і хуліганаў

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.