Вы тут

У новым спектаклі лялечнага тэатра ёсць усё, што трэба гледачу


У рэпертуары Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек з'явілася пяшчотная, кранальная, вельмі мілая і ў гэты ж час шматгранная камедыя «Пансіён Belvedere», героямі якой з'яўляюцца старыя жыхары пансіёна, яго персанал і рэдкія візіцёры з «загранічнага» свету. Адзінства часу, месца і дзеяння, унікальнае рэчышча для раскрыцця кожнага з галоўных герояў, уласныя драмы і магчымасць кожнаму з персанажаў адчуць сябе шчаслівым. І горкі, і салодкі адначасова, але на працягу ўсіх сваіх сямідзесяці хвілін смешны і сентыментальны спектакль пастаўлены італьянскім рэжысёрам Матэа Сп'яцы, для якога «Пансіён Belvedere» стаў трэцяй работай для беларускай сцэны.


 

Мы ўжо расказвалі, як усё пачыналася: у час, калі Італія старшынствавала ў Еўрасаюзе, Матэа Сп'яцы і драматург Рыкарда Піпа ў рамках культурнай праграмы Італіі правялі ў Мінску шэраг майстар-класаў, у выніку чаго нарадзілася ідэя супрацоўніцтва з Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатрам імя Горкага ў Мінску. Гэта вылілася ў пастаноўку «Vіvа соmmеdіа!», прэм'ера якой адбылася яшчэ ў 2014 годзе. Прайшоў час, і пачатак 2017-га прынёс навіну пра чарговы спектакль Матэа Сп'яцы на сцэне таго ж тэатра — аўтарскі варыянт «Карчмаркі» па Карла Гальдоні. Нарэшце італьянскі рэжысёр паспрабаваў сябе ў лялечным тэатры (у Італіі рэпертуарных лялечных тэатраў няма): прэм'ерны паказ «Пансіёна Belvedere», ужо трэцяй камедыі Матэа Сп'яцы ў Беларусі, адбыўся 24 сакавіка.

Назіраць за ўсім гэтым цікава. Мы памятаем арыгінальнае спалучэнне традыцыйнага італьянскага жанру камедыі дэль артэ і ўсіх яе характэрных персанажаў з беларускім асяроддзем у «Vіvа соmmеdіа!». Потым было нечаканае ўвасабленне «Карчмаркі» Карла Гальдоні — спектакль пра рэпетыцыі спектакля, які нам падаўся «не вельмі». Цяпер жа мы прыйшлі ў лялечны тэатр на «Пансіён Belvedere» і проста атрымалі задавальненне: лёгкая пастаноўка ўмясціла ў сябе ўсё, што трэба гледачу, — камедыйнасць, драматычнасць, сентыментальнасць, загадкавасць, душашчыпальнасць, фантастычныя элементы і нарэшце магію тэатра, якая дазваляе сумясціць гэта ўсё на адной сцэне.

У пансіёне Belvedere жыве некалькі даволі каларытных персанажаў, фізічныя якасці якіх таксама становяцца падставай пакпіць. Іх нязграбныя рухі, хваробы, слабасці абыгрываюцца ў шэрагу анекдатычных сітуацый, якія ў выніку складваюцца ў бессюжэтны — у сэнсе, без класічных завязкі, кульмінацыі і развязкі — спектакль. Ідэя структуры заключаецца ў тым, каб кожны з галоўных герояў атрымаў свой «першы план» і раскрыў у гэты момант характар і, магчыма, частку свайго лёсу. А«фішкай» спектакля з'яўляецца яго мова — дзеянне разыгрываецца без адзінага слова, а сэнсы перадаюцца рухамі, жэстамі, выдатнай музычнай падборкай і ўвогуле дзіўнымі маскамі (маскі спецыяльна для спектакля стварала галоўны мастак Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек Таццяна Нерсісян). Акцёры камунікуюць між сабой толькі целам, і кантакт між імі сапраўды ўстанаўліваецца. Напэўна, прычынай гэтага з'яўляецца пэўная свабода ў працы на сцэне: акцёры пачуваюць сябе вольна (прынамсі так падаецца), і кожны рух для іх становіцца быццам цікавай гульнёй, а не адрэпеціраванай чарговасцю. Можна меркаваць таксама, што многія жарты нараджаліся падчас рэпетыцый у калектыўнай аднадушнасці, таму што, напрыклад, трохлітровы слоік салёных агуркоў ці сумка-шатландка наўрад ці з'явіліся ў пансіёне з бэкграунда італьянскага рэжысёра.

Як ужо адзначалася, спектакль вытрымлівае адзінства часу, месца і дзеяння — усе семдзесят хвілін пастаноўка разыгрываецца ў адным памяшканні з мінімалістычнай абстаноўкай, у якім ёсць толькі адзін партал у знешні свет — акно, у якім таксама часам нешта адбываецца. Гэта выключна функцыянальны антураж: няма тут такога элементу (апроч, напэўна, табліцы з распарадкам дня), які б не быў задзейнічаны ў спектаклі — не толькі стол, крэслы і тэлефон, але і ў шуфлядках абавязкова нешта ляжыць, і вазон з кветкай таксама спатрэбіцца. У «Пансіёне Belvedere» іграюць усе і ўсё, нават сцены, адна з якіх вядзе ў прыбіральню (а з гэтым звязаны шэраг жартаў), праз акенца ў другой сцяне падаюць абед (што таксама смешна), ну а трэцяя становіцца экранам і тым самым «правадніком» у наваколле. Адбываецца пастаянны кантакт адушаўлёнага і неадушаўлёнага, а сувязь і абыходжанне акцёра з атрыбутыкай, што патрабуе асаблівага спрыту, — тэма для асобнай размовы, тым больш што ў «Пансіёне Belvedere» на гэтым будуецца ўсё дзеянне.

Усё ўжо згаданае — і структура, і свабода рухаў, і функцыянальнасць антуражу, добра карэлюе і ўзаемна абумоўлівае складаную мізансцэну. Дастаткова сказаць, што снуюць паміж сцэнай і закуліссем толькі медсёстры, а жыхары пансіёна — іх тут пяць чалавек — прысутнічаюць на сцэне ў поўным складзе амаль заўсёды. Гэта значыць, што на сцэне не проста нешта бесперапынна адбываецца, што можна сказаць пра любы спектакль, а нават больш — пляцоўка перапоўнена дзеяннем, якое можа развівацца адразу ў некалькіх месцах. І зноў з'яўляецца падстава адзначыць майстэрства «хормайстра»: вока гледача не прапусціць жарт з-за дбайнай працы з саліраваннем і размеркаваннем «актыўнасцяў».

«Пансіён Belvedere» створаны ў, напэўна, адзіным жанры, у дачыненні да якога дакладна можна сказаць, што ён патрабуе божага дару, — прынамсі, пачуцця гумару. Мне падабаецца просты, тактоўны, вытанчаны гумар спектакля, хай часам ён і падсоўвае гледачу ўжо вядомыя гэгі. Такая лёгкая ўсмешка ў бок сучаснасці, што нараджаецца ў адказ на паказушнасць «афіцыйных» мерапрыемстваў, алкагалізм, спекуляцыю, сексізм, папулярнасць тэлебачання і гэтак далей, як бачым, ахоплівае немаленькае кола пытанняў, якія гледачу трэба толькі заўважыць.

Тут знаходзіцца месца для драм, прычым даволі шчымлівых. Да гераіні на інваліднай калясцы прыходзіць сваяк, прыносіць «дзяжурную» шакаладку і падсоўвае на подпіс дакументы, канкрэтнае значэнне якіх не важнае, але пра яго можна здагадацца. Другая жанчына — мая любімая гераіня, з бутэлькай моцнага алкаголю і слоікам агуркоў — нечакана праяўляецца падчас праекцыі здымкаў на сцяну, калі бачыць сваё вясельнае фота. О, які гэта кранальны момант: яна падыходзіць да сцяны, падстаўляе крэсла, становіцца на яго і прыпадае тварам да свайго каханага (я ўжо згадвала выдатна падабраную музыку, дзякуючы якой каштоўнасць моманту яшчэ больш вырастае). Для гэтай выявы, дарэчы, сфатаграфаваўся сам Матэа Сп'яцы.

Нарэшце, вянчае спектакль усё ж каханне, нягледзячы на меркаваны цяжкі бэкграунд кожнага з герояў. Аж да фінішнай прамой «Пансіёна Belvedere» любоў тут раскіданая толькі намёкамі, пакуль для яе не адводзіцца ганаровая галоўная роля. Сапраўды, у гэтым спектаклі ёсць усё.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovіch@zvіazda.by

Фота Віктара ВЕДЗЕНЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?