Вы тут

5 пытанняў пра пасылкі


Расказваем пра тое, колькі часу даецца, каб забраць з пошты пасылку, што рабіць, калі тая згубілася, і як падпісаць адпраўленне, каб яно дайшло да сваяка ў Польшчы.


1. Як доўга будзе ісці пасылка?

Тэрміны перасылкі па тэрыторыі Беларусі ўключаюць дзень адпраўкі (Д) плюс колькасць працоўных дзён, неабходных для перасылкі і дастаўкі адрасату. Паміж абласнымі цэнтрамі гэты тэрмін не павінен перавышаць Д+2, паміж астатнімі населенымі пунктамі — Д+3.

Колькі да вас будзе дабірацца пасылка з-за мяжы, залежыць ад часу апрацоўкі і адпраўкі з краіны падачы, адлегласці і перавозчыка.

На сайце Белпошты ў рубрыцы «Сачэнне за паштовымі адпраўленнямі» кожны кліент можа паглядзець, на якім этапе знаходзіцца яго пасылка. Для гэтага неабходна ведаць трынаццацізначны трэкавы нумар паштовага адпраўлення. Звесткі на сайце носяць інфармацыйны характар.

2. Колькі пасылка можа захоўвацца ў аддзяленні ў чаканні свайго атрымальніка?

Пры немагчымасці ўручэння паштовых адпраўленняў карыстальніку яны захоўваюцца ў аб'екце сувязі на працягу 30 дзён. Гэты тэрмін дзейнічае і для ўнутрырэспубліканскіх, і для міжнародных пасылак і вылічаецца з дня, наступнага пасля дня паступлення пасылкі. Праўда, бясплатна захоўваць пасылку будуць толькі першы тыдзень, пасля з адрасата бяруць плату ў адпаведнасці з устаноўленымі тарыфамі — 36 капеек за дзень.

Па заяве адрасата ці адпраўніка тэрмін можа быць працягнуты да 60 дзён. Не паспееце забраць пасылку і за гэтыя два месяцы — яе вернуць адпраўніку.

3. На якой мове падпісваць пасылку, якую адпраўляеш у іншую краіну?

Адрас атрымальніка павінен быць напісаны на мове краіны назначэння або на адной з міжнародных моў — англійскай ці французскай. Назва населенага пункта і краіны пазначаецца вялікімі літарамі. Назва краіны назначэння абавязкова таксама дубліруецца на беларускай ці рускай мове.

4. Кошт пасылкі з-за мяжы большы за 22 еўра — які падатак давядзецца заплаціць?

Калі на працягу аднаго месяца да вас паступілі паштовыя адпраўленні, сума якіх перавышае 22 еўра ці агульная вага якіх большая за 10 кілаграмаў, то на такія тавары налічаюцца мытныя плацяжы — пошліна і збор. Мытная пошліна (30 працэнтаў) налічаецца на суму, якая перавышае 22 еўра. А мытны збор — гэта фіксаваная велічыня ў памеры 5 еўра.
Для прыкладу, калі ваша пакупка каштавала 52 еўра, то мытныя плацяжы на яе складуць 14 еўра (9 еўра пошліны плюс збор).

Кошт перасылкі не ўваходзіць у суму бяспошліннага ўвозу тавараў, што перамяшчаюцца ў міжнародных паштовых адпраўленнях.

5. Што рабіць, калі пасылка згубілася ў дарозе?

Неабходна з пісьмовай заявай звярнуцца ў найбліжэйшае аддзяленне пошты і прад'явіць работніку дакумент, які сведчыць асобу. У заяве трэба пазначыць даныя прад'яўленага дакумента, від паштовага адпраўлення, яго нумар па квітанцыі, дату і месца прыёму, месца назначэння, пры неабходнасці — аб'яўленую цэннасць пасылкі і вагу, а таксама іншую інфармацыю. Да заявы прыкладаецца квітанцыя ці яе копія.

Звароты ў сувязі са стратай пасылак, парушэннем тэрмінаў дастаўкі прад'яўляюцца на працягу шасці месяцаў з дня, наступнага пасля дня падачы паштовага адпраўлення. Правіламі прадугледжана маёмасная адказнасць аператараў за невыкананне ці неналежнае выкананне абавязкаў па аказанні паслуг, у тым ліку за пашкоджанне ці згубу пасылак.

Разам з тым у Белпошце адзначаюць, што страта пасылкі ў дарозе выключана, паколькі з моманту яе прыёму да моманту ўручэння прадпрыемства кантралюе кожны этап апрацоўкі і перасылкі адпраўлення.

З нацыянальным каларытам

Белпошта выпусціла для пасылак стыльныя ўпакоўкі з эка-матэрыялу. Набыць іх можна ў любым аддзяленні сувязі, а таксама ў паштовай інтэрнэт-краме shop.belpost.by.

На новыя каробкі нанесены адны з самых распаўсюджаных элементаў нацыянальнага арнаменту — «зорка» (ці «сонца») і «вясенняя зямля», якія сімвалізуюць росквіт і маладосць. Таксама ў элементах дэкору прысутнічае сегмент арнаменту сцяга Беларусі. У яго аснове ляжыць узор «узыходзячае сонца», які азначае дабрабыт і багацце, а цэнтральны ромб, намаляваны на арнаменце, — пажаданне спрыяльнага развіцця падзей, яго называюць ключом да шчасця.

Эка-каробкі прадстаўлены ў пяці самых запатрабаваных памерах: ад маленькага (165х115х50) да вялікага (600х320х230).

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».