Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына сёння правяла сустрэчу з дакладчыкам па Беларусі Камісіі па палітычных пытаннях і дэмакратыі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ) Андрэа Рыгоні.
"Галоўным чынам спадара Рыгоні цікавіў лёс тых рашэнняў, якія выпрацавала міжведамасная група (экспертная рабочая група па разглядзе рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ па пытаннях удасканалення выбарчага працэсу ў Беларусі. - Заўвага БЕЛТА). Я расказала, што прапановы па змяненні выбарчага заканадаўства ў нашай краіне ўнесены на разгляд кіраўніка дзяржавы. Мы чакаем па гэтым пытанні нарады", - адзначыла Лідзія Ярмошына.
Андрэа Рыгоні таксама цікавіла, чаму ў Беларусі не адмяняюць права грамадзян галасаваць на выбарах супраць усіх кандыдатаў, калі суседнія краіны ўжо зрабілі гэты крок. "На тых участках, дзе яму давялося назіраць за ходам галасавання, на яго думку, вельмі шмат грамадзян галасавалі супраць усіх", - растлумачыла старшыня ЦВК. Паводле яе слоў, у цэлым па краіне лічба атрымалася некрытычная. "Што ж датычыцца нашых суседзяў, у іх, па-першае, знізіўся бар'ер яўкі выбаршчыкаў, а па-другое, адбыўся пераход ад мажарытарнай сістэмы да прапарцыянальнай, дзе няма галасавання за персанальнага кандыдата. Таму там галасаванне супраць усіх не мае сэнсу", - расказала Лідзія Ярмошына.
Як паведамлялася, на пасяджэнні экспертнай групы, якое адбылося 31 студзеня, выпрацаваны асноўныя напрамкі, па якіх плануецца палепшыць выбарчы працэс у Беларусі. Пры гэтым за аснову былі ўзяты рэкамендацыі АБСЕ, а таксама рэкамендацыі Цэнтрвыбаркама, якія прымяняліся ў Беларусі ў час парламенцкіх выбараў 2016 года. Размова ідзе, у прыватнасці, аб рэйтынгавым галасаванні па складзе камісій, прысутнасці наглядальнікаў пры іх утварэнні, празрыстым падліку галасоў ва ўмовах, што даюць магчымасць удзельнікам маніторынгу бесперашкодна выконваць свае абавязкі. Адначасова прапануецца рэфармаваць інстытут члена камісіі з правам дарадчага голасу, для кандыдатаў у дэпутаты - павялічыць тэрмін утварэння выбарчых фондаў і самі памеры фондаў, а таксама магчымасць узносаў з боку грамадзян і юрыдычных асоб. Акрамя таго, плануецца палепшыць вядзенне перадвыбарнай агітацыі, г.зн. прадугледзець ільготныя ўмовы для арганізацыі мітынгаў і сустрэч у гэты перыяд.
Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.
Прафесійна, аператыўна, па-добраму.