Вы тут

У Магілёве праходзіць ХІІ Міжнародны маладзёжны форум «М.art.кантакт»


Адны рэжысёры ставяць спектаклі ў гарах, другія — у студэнцкіх аўдыторыях. Адны ператвараюць тэатр у кабарэ, другія разыгрываюць «Братоў Карамазавых» у Музеі этнаграфіі. Адным патрэбна новая драма. Напрыклад, гісторыя патрыятычнага беларускага сантэхніка, які выйграў конкурс па саломапляценні ў Лондане. Другія звяртаюцца да класікі — Талстой, Тургенеў. На працягу тыдня тэатры з 10 краін пакажуць у Магілёве 22 спектаклі.


За 11 гадоў крытэрый «маладзёжнасці», які з'яўляецца пропускам у фестывальную праграму, займеў досыць шырокія межы. Так ХІІ «М.art.кантакт» адкрылі спектаклем вядомага расійскага рэжысёра Яўгена Марчэлі «Месяц у вёсцы» (Расійскі дзяржаўны акадэмічны тэатр драмы імя Фёдара Волкава). З аднаго боку, уключэнне ў праграму маладзёжнага форуму работы рэжысёра такога ўзроўню можна ўспрымаць як майстар-клас. З іншага — Марчэлі ў камедыі Івана Тургенева даследуе феномен маладосці: яна сыходзіць ад дзяўчынкі, да якой толькі-толькі мусіла прыйсці, і, наадварот, вяртаецца да кабеты, што мусіла з ёй развітацца.

Дабратворная атмасфера летняга дня ў маёнтку. Нехта гуляе ў карты, нехта чытае французскі раман, чуецца рыпенне крокаў па пяску, якім засыпана сцэна. Але рэжысёр імгненна разбурае гэтую толькі што створаную ім самім ідылію. Свет падзяляецца на моцных жанчын і бязвольных мужчын. Наталля Пятроўна (Анастасія Святлова) прагне кахання, але варты аб'ект, улічваючы і кандыдатуру мужа, усё ніяк не знаходзіцца. У адной з мізансцэн мужчыны літаральна стаяць шарэнгай перад Наталляй Пятроўнай, але выбраць няма каго. І тут на вочы гаспадыні трапляе першая сімпатыя яе сямнаццацігадовай выхаванкі Верачкі... Спачатку Верачка з'яўляецца перад гледачом гарэзай-падлеткам, што прыкладае да залітай крывёю каленкі ліст трыпутніку, але стасункі са студэнтам Бяляевым, які наняты настаўнікам маленькага Колі, ператвараюць яе ў дзяўчыну (візуальна ўзроставыя і настраёвыя пераўтварэнні гераінь адразу заўважны для гледача праз змену касцюмаў). А Наталля Пятроўна, ці то адчуўшы дух суперніцтва, ці то зацікавіўшыся матывамі выбару Веры, таксама абірае Бяляева каханым. У выніку перад гледачом паўстае гісторыя адабранай маладосці. У пераказе яна выглядае меладраматычнай, але спектакль Марчэлі вырашаны хутчэй у жанры трагіфарсу — трагедыю кахання абрамляюць гратэск, адсылкі да маскульту, «бенефісныя нумары», у якія ператвораны асобныя сцэны.

Варта зазначыць, што на форуме пашыраюцца не толькі межы крытэрыяў, але і геаграфічныя межы. Сёлета ў «М.art.кантакце» ўпершыню ўдзельнічаюць тэатры з Аўстрыі, Грузіі ды ЗША. Аўстрыйскі тэатр «Caprіle», напрыклад, вызначаецца адметным стылем і яго радыкальнымі зменамі. Заснаваны на пачатку 1990-х, ён праявіў сябе як прыхільнік тэатра абсурду. Асабліва яго заснавальнікі цікавіліся творчасцю Данііла Хармса і Аляксандра Увядзенскага. Пасля была сучасная драматургія краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, праекты, створаныя ў музеях і барах. А ў 2013 годзе тэатр рэалізаваў праект «На ўцёках», падчас якога гледачы становяцца актыўнымі ўдзельнікамі дзеяння і разам з акцёрамі адпраўляюцца ў горы. На форуме тэатр «Caprіle» прадставіў гісторыю сталай пары, што плыве на караблі ў Мантэвідэа, успамінае жыццё і намагаецца выратаваць каханне.

Традыцыйна ўважліва «М.art.кантакт» ставіцца і да тэатраў з узроставымі акцэнтамі ў назве. У афішы: «Дарагая Алена Сяргееўна» (Тэатр юных гледачоў імя А. Бранцава, Расія), «Як я стаў ідыётам» (Расійскі акадэмічны маладзёжны тэатр), «Саша, вынесі смецце» і «Прадметная размова» (Беларускі дзяржаўны маладзёжны тэатр).

Штодня у Майстэрні маладой рэжысуры репеціруе Таццяна Ларына — разам з акцёрамі Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра яна працуе над эскізам спектакля «Бзік» паводле п'есы Аляксея Макейчыка. Малады драматург не так даўно звярнуў на сябе ўвагу тэатральнай супольнасці дзвюма вострасацыяльнымі п'есамі: «Сорам» і «Бзік». Для лабараторыі рэжысёр Таццяна Ларына выбрала гісторыю пра наркаманаў, якая выступае метафарай любой чалавечай залежнасці, асэнсоўвае чалавека як залежную істоту. Паказ адбудзецца 27 сакавіка ў апошні фестывальны дзень, які традыцыйна прыпадае на Міжнародны дзень тэатра.

Падводзіць вынікі пакуль рана — форум у разгары. Конкурснага складніка гэтым разам не будзе. Але на прэс-канферэнцыі дырэктар «М.art.кантакту» і Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра Андрэй Новікаў падкрэсліў, што фестываль дапамагае тэатру трымаць узровень. І, відаць, чым мацней уздымаецца планка, тым лепш.

Алена Мальчэўская

Мінск — Магілёў

Фота Аксаны Залатых

Загаловак у газеце: Маладосць ведае, сталасць можа

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

З 2000 года ў Беларусі выяўлена 4421 злачынства, звязанае з гандлем людзьмі.

Эканоміка

Дзесяць пытанняў пра крэдыты, або Што трэба ведаць аб крэдыце, каб ён стаў сродкам рэалізацыі мэт, а не цяжарам на плячах

Дзесяць пытанняў пра крэдыты, або Што трэба ведаць аб крэдыце, каб ён стаў сродкам рэалізацыі мэт, а не цяжарам на плячах

Пра што абавязкова трэба падумаць перад тым, як браць на сябе фінансавыя абавязацельствы перад банкам?