Вы тут

Як «Звязда» пісала гісторыю (1946 — 1953)


Аднаўленне разбуранай у гады Вялікай Айчыннай вайны народнай гаспадаркі стала беспрэцэдэнтным подзвігам мірнага часу. «Звязда» піша, як паўстаюць з руін гарады, уздымаюцца з папялішчаў цэлыя вёскі, вяртаюцца з эвакуацыі заводы і фабрыкі, будуюцца новыя прадпрыемствы, дзеці ходзяць у першыя пасляваенныя школы, працуюць крамы, дамы культуры, бібліятэкі... На старонках газеты — гераічныя справы людзей, якія дапамагаюць беларускай зямлі залечваць раны.


Ад­ра­джэн­не раз­бу­ра­най пад­час вай­ны на­род­най гас­па­дар­кі — у аб'­ек­ты­ве фо­та­ка­рэс­пан­дэн­таў.

На мірны лад

Пасляваенная «Звязда» мае тыраж у 110 тысяч экзэмпляраў. Выходзіць на чатырох палосах фармату А2, шэсць разоў на тыдзень. Героі публікацый — колішнія франтавікі, а цяпер перадавыя людзі фабрык і заводаў, саўгасаў і калгасаў, тэхнікумаў і інстытутаў.

Тэхнічны прагрэс суправаджае ўсе галіны народнай гаспадаркі: краіна атрымлівае новыя тыпы высокапрадукцыйных станкоў, маркі аўтамабіляў. З нумара ў нумар чытачы даведваюцца пра адкрыццё новых заводаў і электрастанцый, шахтаў і чыгуначных ліній, заснаванне саўгасаў і машынна-трактарных станцый. «Вялікае будаўніцтва» суправаджаецца высокім ідэйным узроўнем і шырокім размахам выхаваўчай работы.

«...Год гераічнай стваральнай працы прынёс нашай рэспубліцы сур'ёзныя поспехі ў аднаўленні разбуранай ворагам народнай гаспадаркі. Мінулы год і яго бліскучыя вынікі яшчэ раз прадэманстравалі перад усім светам веліч і непераможнасць Савецкага Саюза», — піша «Звязда» ў нумары ад 1 студзеня 1947 года.

1946 год — перыяд поспехаў савецкай дзяржавы і ў галіне міжнародных адносін. Праходзяць нарады савета міністраў замежных спраў, Парыжская мірная канферэнцыя, шматлікія пасяджэнні Савета бяспекі і сесія Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, заснавальніцай якой разам з Украінай стала БССР. «Новы, 1947 год, свет сустракае ў абставінах узаемаразумення, якое ўмацавалася паміж вялікімі дзяржавамі і перш за ўсё паміж СССР, Англіяй і ЗША», — пішуць журналісты.

Мінск прыгажэе на вачах. «Стварэнне новага цэнтра горада з яго плошчамі, вуліцамі, паркамі ярка адлюстроўвае ідэйную мэтанакіраванасць і велізарны практычны размах савецкага градабудаўнічага мастацтва», — піша ў сваёй справаздачы адзін з заснавальнікаў беларускага горадабудаўніцтва, начальнік упраўлення па справах архітэктуры пры Савеце Міністраў БССР Уладзімір Кароль.

Але не толькі сталіца абрастае новымі будынкамі. Дзякуючы спецыяльнай рубрыцы становіцца вядома, што «калектыў трэста «Буддзяржстанкабуд» закончыў будаўніцтва інтэрната на 25 пакояў і 12-кватэрнага жылога дома для рабочых і інжынерна-тэхнічных работнікаў мінскага станкабудаўнічага завода імя Варашылава», «калгас «Ударнік» Сапоцкінскага раёна многае зрабіў у падрыхтоўцы да ўборкі ўраджаю», «у раённым цэнтры Мір здадзены ў эксплуатацыю завод па вырабе сухога малака», а «ў калгасах Рэчыцкага раёна будзе пабудавана 6 цагельных заводаў...»

Рэ­кла­ма — аба­вяз­ко­вая част­ка га­зет­на­га ну­ма­ра.

Адной з прыярытэтных задач у адраджэнні разбуранай у гады вайны Беларусі становіцца і адукаванасць насельніцтва. Ужо ў 1950 — 1951 навучальным годзе дзейнічае звыш 11 600 школ, у тым ліку 2935 сямігадовых і 899 сярэдніх. Праз год сямігадовых школ стане больш на 65, сярэднюю адукацыю пачалі атрымліваць яшчэ ў 141 установе.

Разам з народнай гаспадаркай адраджаецца і культура. У кожным нумары, за рэдкімі выключэннямі, друкуецца афіша спектакляў і кінапрэм'ер, анансуюцца цыркавыя прадстаўленні. Чытачы знаёмяцца з новымі творамі беларускіх пісьменнікаў: Максіма Танка, Аркадзя Куляшова, Пімена Панчанкі, Тараса Хадкевіча... Прычым часта іх творчасць накіравана на актуаліі дня. У прыватнасці, у разгар уборачнай кампаніі Пімен Панчанка піша верш «Ураджаі», а Максім Танк прысвячае Усесаюзнай канферэнцыі прыхільнікаў міру паэму пад назвай «Дзённік міру».

У культурным жыцці ўдзельнічаюць і карэспандэнты газеты. Друкуюцца справаздачы аб гастролях тых ці іншых тэатраў. Рэцэнзія становіцца адным з папулярных жанраў. Шмат матэрыялаў, прысвечаных гадавіне з дня нараджэння або смерці вядомых грамадскіх дзеячаў, палкаводцаў, прадстаўнікоў навукі і мастацтва.

Акрамя тэмы «вялікага будаўніцтва», газета піша і пра надзённае: пасяўную і ўборачную кампаніі, работы па меліярацыі, партыйнае жыццё калектываў... Шырока асвятляюцца першыя пасля вайны выбары ў дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР. Публікуюцца прамовы кандыдатаў, сярод якіх — учарашнія партызаны і падпольшчыкі, вядомыя сёння палітычныя дзеячы і літаратары: Марыя Осіпава, Пятрусь Броўка, Лаўрэнцій Цанава, Мікалай Патолічаў, Васіль Казлоў, Кандрат Крапіва, Міхась Лынькоў, Кірыл Мазураў... Карэспандэнты даюць рэпартажы з выбарчых акруг: «7 гадзін вечара. Рабочыя, служачыя і інжынерна-тэхнічныя работнікі мінскай ДЭС-2 запоўнілі прасторнае памяшканне агітпункта. Яны сабраліся сюды на перадвыбарчы сход, прысвечаны вылучэнню кандыдатаў у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР. Ва ўсіх бадзёры, прыўзняты настрой...»

Шырока святкуецца 70-годдзе Сталіна. Акрамя афіцыйных віншаванняў і прывітанняў з-за мяжы, з нумара ў нумар яму прысвячаюць публікацыі, вершы і апавяданні, нарысы, казкі і нават частушкі.

Знаходзіць сваё месца ў газеце і міжнароднае жыццё: аўтараў хвалюе ўрадавы крызіс у Фінляндыі, дзейнасць фашысцкіх элементаў у Італіі, становішча на востраве Крыт, тэрор у Іспаніі, амерыканская пазыка Бразіліі... Не абыходзіцца і без рэкламы. Побач з прапановай канкрэтных тавараў і паслуг чытачам прадстаўлена інфармацыя такога кшталту: «Грамадзянін Цярэшка Вячаслаў Іванавіч узбуджае справу аб скасаванні шлюбу з грамадзянкай Цярэшка Вольгай Сафронаўнай, якая жыве ў Мінску...» (нават паказваецца адрас жанчыны).

Чытачы рэгулярна дасылаюць у рэдакцыю лісты. Іх хвалюе, калі адрамантуюць дом у Кагановіцкім раёне Мінска, скардзяцца на нявыкананыя абяцанні па абсталяванні кінатэатра ва Уздзе, прапаноўваюць палепшыць рэагаванне на скаргі працоўных, акуратна дастаўляць пошту, клапаціцца аб інвалідах... Адказы на свае пытанні чытачы атрымліваюць у рубрыцы «Па слядах выступленняў у «Звяздзе». У прыватнасці, пад загалоўкам «Падпісчыкі не атрымоўваюць газет» змешчаны ліст, у якім сказана, што супрацоўнікі Чарневіцкага аддзялення сувязі Барысаўскага раёна неакуратна дастаўляюць газеты падпісчыкам. У сваю чаргу, начальнік Барысаўскай раённай канторы сувязі паведамляе рэдакцыі, што за зрыў падпіскі паштовы агент зняты з работы.

Га­зе­та зна­ё­міць чы­та­чоў з кан­ды­да­та­мі ў дэ­пу­та­ты Вяр­хоў­на­га Са­ве­та БССР пер­ша­га пас­ля вай­ны склі­кан­ня.

Святочнае

Першы юбілей вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў наўрад ці можна параўнаць з тымі ўрачыстасцямі, якія адбываюцца ў цяперашні час. Пяцігоддзе міру на беларускай зямлі, безумоўна, было адзначана ў газеце, але пакуль беларусы святкавалі чарговую гадавіну вызвалення, краіна развітвалася з правадыром балгарскага народа, генеральным сакратаром ЦК Балгарскай кампартыі Георгіем Дзімітравым.

Побач з развітальнымі словамі ў адрас нябожчыка ў газеце знайшлося месца і для святочных публікацый. Георгій Шчарбатаў, які ў гады вайны быў сярод тых, хто выдаваў «Звязду» на востраве Зыслаў, у сваім артыкуле звяртаецца да Сталіна: «Дарагі наш бацька, Іосіф Вісарыёнавіч, мы клянёмся Вам, што да канца выканаем свой свяшчэнны абавязак перад Радзімай і канчаткова разграмім ворага, аддадзім усе сілы для творчай працы, для адраджэння нашага роднага Мінска...»

У газеце выступаюць удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, вядомыя пісьменнікі. Міхась Лынькоў узгадвае дзень 3 ліпеня 1944 года, Пятро Глебка піша пра справы сённяшнія, Максім Лужанін расказвае, што адбываецца на вуліцах сталіцы: «І сапраўды, яшчэ ўчора тут скрыгаталі экскаватары, бульдозеры і каткі, выраўноўваючы пляцоўкі для будучых будынкаў. А сёння вызначылася простай і шырокай магістраллю апранутая ў асфальт вуліца, зашумелі ўздоўж новых праспектаў маладыя ліпы, у вокнах шматпавярховых дамоў засвяціліся агні, паказваючы, што людзі абжываюць новае жыллё...»

Іо­сіф Ста­лін — га­лоў­ны ге­рой пас­ля­ва­ен­ных пуб­лі­ка­цый.

Зусім іншы настрой у газеце 9 мая 1950 года. Побач з віншавальнымі матэрыяламі — развагі аб значэнні перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі. З гэтай нагоды выказваюцца не толькі дзяржаўныя дзеячы і вайскоўцы, а і вядомыя пісьменнікі: Якуб Колас, Анатоль Вялюгін.

У святочным нумары расказваецца пра адну з галоўных урачыстасцяў першага юбілею Перамогі — мітынг-рэквіем каля манумента «Воін-вызваліцель» у берлінскім Трэптаў-парку. Вядомы помнік, які сімвалізуе перамогу савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, быў адкрыты 8 мая 1949 года. Вось што праз год пішуць журналісты «Звязды»: «Помнік савецкім воінам-пераможцам, які ўзведзены ў цэнтры Еўропы, у старадаўнім берлінскім парку, прадстаўляе з сябе велічнае і хвалюючае збудаванне. Тут, у чужым краі, далёка ад радзімы, ён як бы сцвярджае неўміручую славу савецкай арміі, якая ўшчэнт разграміла германскі фашызм, сцвярджае вечную памяць пра савецкіх воінаў, якія загінулі за вызваленне народаў Еўропы ад фашызму...»

«Звязда» паведамляе, што за год помнік наведалі дзясяткі тысяч чалавек, і прыводзіць словы тагачаснага прэм'ер-міністра Часовага ўрада Германскай дэмакратычнай рэспублікі Ота Гротэваля, які падчас мітынгу паабяцаў, што немцы будуць берагчы гэты помнік воінам-героям, як самую дарагую святыню, як памяць аб вялікім подзвігу вялікага савецкага народа.

Кра­і­на раз­віт­ва­ец­ца з пра­ва­ды­ром...

Чорны дзень

Галоўнай навіной усіх сродкаў масавай інфармацыі, якія існавалі ў 1953 годзе, несумненна, стала заўчасная смерць правадыра савецкага народа — Іосіфа Сталіна. Пра раптоўнае пагаршэнне здароўя кіраўніка Савецкага Саюза адной з першых паведаміла і «Звязда».

У нумары ад 5 сакавіка 1953 года (менавіта вечарам гэтага дня не стала аднаго з выбітных дзеячаў эпохі) у газеце друкуецца бюлетэнь аб стане здароўя Сталіна на дзве гадзіны ночы 4 сакавіка і на такі ж час 5 сакавіка: «У ноч на 2 сакавіка 1953 года ў Іосіфа Вісарыёнавіча Сталіна адбылося раптоўнае кровазліянне ў мозг, захапіўшае жыццёва важныя вобласці мозга, у выніку чаго наступіў параліч правай нагі і правай рукі са стратай прытомнасці і мовы...»

Аб смерці правадыра «Звязда» паведаміла 6 сакавіка. «Бяссмертнае імя Сталіна заўсёды будзе жыць у сэрцах савецкага народа і ўсяго прагрэсіўнага чалавецтва», — сведчыць газета, першая паласа якой абведзена чорным. Акрамя таго, публікуюцца бюлетэнь аб стане здароўя генералісімуса на 16.00 5 сакавіка, медыцынскае заключэнне аб хваробе і смерці, падпісанае міністрам аховы здароўя СССР, начальнікам лячсанупраўлення Крамля, галоўным урачом Мінздрава, акадэмікамі медыцыны.

«Звязда» расказвае, як народ развітваецца з правадыром. Да труны Сталіна ідуць у калонную залу Дома Саюзаў, што ў Маскве, праходзяць жалобныя мітынгі ў рэспубліках вялікай краіны. Каб пакланіцца «светлай памяці роднага бацькі і настаўніка», мінчане збіраюцца каля манумента Вярхоўнаму Галоўнакамандуючаму, які знаходзіўся каля сучаснага Палаца Рэспублікі.

У сувязі са смерцю кіраўніка СССР выказваюцца вядомыя беларусам асобы. Міхась Лынькоў піша: «Балюча прымірыцца з думкай, што няма сярод нас любімага друга ўсіх простых людзей свету...» Максім Танк прысвячае правадыру верш «Ён жыве!» Смуткуе і народная артыстка СССР Ларыса Александроўская: «Няма ў жывых чалавека, чыё імя з'яўляецца сімвалам святла і шчасця, чыё сэрца да апошняга моманту было перапоўнена ўвагай, клопатамі, вялікай любоўю да народа...» Герой Савецкага Саюза Мінай Шмыроў, больш вядомы як бацька Мінай, успамінае сустрэчы з «родным Іосіфам Вісарыёнавічам».


Аб пераемніку Сталіна — Георгію Малянкове, які стаў старшынёй Савета Міністраў СССР ужо 5 сакавіка 1953 года, — «Звязда» практычна не піша. Адсутнічае на газетных старонках і яго спроба спыніць палітыку культу асобы. Калі давяраць газетным публікацыям, працоўныя працягваюць вялікую працу Сталіна, а сталінскія ідэі натхняюць народы, якія змагаюцца за свабоду і незалежнасць. Неўзабаве на старонках «Звязды» з'явіцца новы герой. Падрабязнасці — у наступным выпуску рубрыкі.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?