Вы тут

Як жылі беларусы-сакуны на Старадарожчыне


Толькі ў Старадарожскім раённым гісторыка-этнаграфічным музеі можна ўбачыць сапраўдную беларускую карчму, транспартныя сродкі, якімі карысталіся нашы продкі, азнаёміцца з бытам і традыцыямі так званых беларусаў-сакуноў.


Бе­ла­ру­сы-са­ку­ны ў тра­ды­цый­ных стро­ях.

«Загуляць» у «Пекле»

Пасля далучэння Беларусі да Расійскай імперыі ў выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай пачалося актыўнае будаўніцтва дарог і паштовых станцый. У другой палове XVІІІ стагоддзя ўзнікла некалькі буйных магістраляў. Адна з іх — Маскоўска-Варшаўская — прайшла цераз Магілёўскую, Мінскую і Гродзенскую губерні. З гэтага часу паштова-пасажырскі і грузавы рух паміж населенымі пунктамі стаў рэгулярным. Закрануў ён і мястэчка Старыя Дарогі, якое знаходзілася паміж Слуцкам і Бабруйскам.

На стварэнне экспазіцыі «Гісторыя дарог і паштовай службы» музей атрымаў грант Мінаблвыканкама «У падтрымку больш значных праектаў у галіне культуры і мастацтва». Па замысле аўтараў канцэпцыі ў адной з залаў наведвальнікаў сустракае паштмайстар. А верставыя слупы ўказваюць адлегласць ад Старых Дарог да Масквы і Варшавы. Упершыню ў Расіі яны былі пастаўлены ў 1784 годзе ад Масквы да Каломны. Адсюль і назва «каломенская вярста», якая была прынятая за расійскую меру даўжыні на ўсіх дарогах імперыі і раўнялася 1 кіламетр 60 метраў.

У пачатку XX стагоддзя для пасажырскага і паштовага руху выкарыстоўвалі брычку і дыліжанс, зімой — сані. Цяжкія грузы перавозілі так званымі балаголамі. Цэнтральнае месца ў экспазіцыі займае брычка, якой аддавалі перавагу заможныя сяляне і знаць. Паштовая станцыя ў тыя часы ўяўляла сабой цэлы комплекс пабудоў. Станцыйны дом для сарціроўкі карэспандэнцыі, пакоі для пастаяльцаў, флігель для ямшчыкоў, стайні, карчма, кузня.

Карчмар быў, як правіла, чалавек стрыманы, спакойны, цвярозы і паслужлівы. Ён павінен быў не толькі добра накарміць кліентаў, але і супакоіць дэбашыраў, тых, хто перабраў лішку.

Корчмы мелі мудрагелістыя назвы: «Апошні грош», «Пекла», «Пад дубам». Карчма, якая створана ў музеі, называецца «Лавігрош». Тут наведвальнікі могуць азнаёміцца з рэцэптамі традыцыйных блюд мясцовай кухні, з тым, як працавала карчма пачатку XX стагоддзя. Усе яе элементы набліжаны да арыгінала.

Пры паштовай станцыі была кузня, дзе можна было падкаваць каня, замяніць зламанае кола, змазаць дзёгцем восі, адрамантаваць збрую. У імправізаванай кузні ўстаноўлены горн, кавальскія мяхі, кавадла, калекцыі кавальскіх клешчаў і падкоў, малаткі, прадметы ручной коўкі.

Дарэчы, сёння ў Беларусі захавалася 37 паштовых станцый, дзве з іх — у Старадарожскім раёне.

Ой, напіласа, наеласа дый паваліласа

Год таму ў музеі створана экспазіцыя «Матэрыяльная і духоўная культура беларуса-сакуна пачатку ХХ стагоддзя», якая аднавіла быт самабытнай абшчыны гэтай этнічнай групы.

— Экспазіцыю мы зрабілі абапіраючыся на навуковую работу вучонага-этнографа Ісака Сербава, які некаторы час жыў у нашым раёне, а менавіта ў вёсцы Ляўкі. Тут Сербаў здымаў домік у местачкоўцаў. І менавіта ён назваў іх сакунамі з-за манеры вымаўлення: «наеласа», «напіласа» ды «паваліласа», — расказала навуковы супрацоўнік, экскурсавод Кацярына Сідарок. — Яшчэ жанчыны выдзяляліся сярод іншых беларусак сваім адзеннем: насілі традыцыйны галаўны ўбор, які называецца намітка. Ён уяўляе сабой ручнік, даўжыня якога даходзіла да трох метраў. Кожная дзяўчына ткала яго сабе ў пасаг. І калі выходзіла замуж, на галаву ёй павязвалі такі ручнік. Ён уяўляў сабой як бы карону, а адзін канец, які спадаў уніз, сімвалізаваў сабой касу. Падворак беларуса-сакуна таксама адрозніваўся ад падворка звычайнага беларуса. Дваровую забудову адкрываў дом, за ім вузкім калідорам ішлі гаспадарчыя пабудовы: сені, гумно, адрына, хлеў. Дом быў вялікі, моцны, з гонтавым дахам і трыма маленькімі вокнамі: два выходзілі ў двор, адно на вуліцу. Гэта сведчыла пра тое, што сакуны вельмі верылі ў забабоны і лічылі: праз чацвёртае акно, якое мусіць размяшчацца перад спальным месцам, нядобразычліўцы могуць забраць у іх жыццёвыя сілы і энергію.

Так вы­гля­да­ла ха­та са­ку­ноў.

Акрамя таго, дом сакуна не меў фундамента, стаяў на зямлі або на невялікіх камянях. А вось печ ладкавалася на драўляны падмурак — абпечча. Зімой там трымалі парасят, цялят.

Такія дамы да нашага часу захаваліся ў вёсках Залужжа, Дражна, Ляўкі, Шчыткавічы. Тут можна стварыць музей пад адкрытым небам. Такія задумы ў раёне ёсць.

Самагон як часцінка фальклору

— Ці гналі самагон сакуны? — пацікавілася ў экскурсавода.

— У кожным сяле, у кожнай сям'і былі свае рэцэпты прыгатавання алкагольных напояў. Але яны трымаліся ў строгім сакрэце, — падкрэсліла мая суразмоўніца, — перадаваліся з пакалення ў пакаленне па мужчынскай лініі — ад бацькі да сына.

У музеі створана дэгустацыйная зала, дзе экспануюцца аналагі апаратаў для вырабу алкагольнага напою, ёмістасці, куды яго разлівалі.

Супрацоўнікам музея ўдалося запісаць толькі адзін рэцэпт прыгатавання самагону, які датуецца пачаткам XX стагоддзя, а менавіта 1908 годам. «Нам яго перадаў мужчына, можна сказаць, не дужа ахвотна. Яго прабабуля запісвала рэцэпты ў таўшчэзную кнігу, якую хавала далей ад чужых вачэй. Наогул, усе спосабы прыгатавання напояў былі па-свойму добрыя, — кажа Кацярына Сідарок.

Нават за мяжой старадарожская самагонка карыстаецца попытам: якасная, чыстая, як сляза. Гэта, можна сказаць, ужо брэнд раёна. Але, як сцвярджаюць спецыялісты, стварыць нейкі магутны праект, як у Дудутках, задумы пакуль няма. Мэта экспазіцыі — паказаць, чым карысталіся жыхары Старадарожчыны, якія настойкі, наліўкі рабілі. У час Вялікай Айчыннай вайны, напрыклад, у партызанскіх атрадах не было медыцынскага спірту. Для апрацоўкі ран падчас аперацый у палявых умовах карысталіся вадкасцямі, якія ўтрымлівалі алкаголь. «Гэтую часінку нашага мінулага мы павінны захаваць для нашчадкаў. Сёння мы разглядаем яе як маленькі кірунак народнага фальклору», — канстатуе экскурсавод.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Дом без падмурка, печ — на драўляным фундаменце

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.