Вы тут

Фестываль моў адбудзецца 26 сакавіка ў БДУ


Лінгвістычнае свята, арыентаванае на шырокую аўдыторыю, пройдзе ў беларускай сталіцы ўжо ў пяты раз. Яно стартуе на філалагічным факультэце БДУ (вул. К. Маркса, 31) у 10 гадзін раніцы і будзе доўжыцца да вечара.


Фота: vnnews.ru

Сустракаць гасцей будуць студэнты, аспіранты і выкладчыкі філалагічнага факультэта і факультэта міжнародных адносін БДУ, Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага універсітэта, а таксама лінгвісты з Мінска, Масквы і Санкт-Пецярбурга, якія падрыхтавалі цікавую праграму.

На фестывалі будуць прадстаўлены 60 моў свету — рэдкія і папулярныя, сучасныя і тыя, што выйшлі з ужытку:ад кумаоні да старабеларускай. На працягу аднаго дня наведвальнікі змогуць наведаць восем навукова-папулярных лекцый па лінгвістыцы і пяць — па беларусістыцы. Гасцям  раскажуць пра моўную разнастайнаць, нейралінгвістыку, адкуль мовы бяруць граматыку, а таксама пра легенды і гісторыі старога Менска, сімвалы барока ў мастацтве Рэчы Паспалітай.

У гэтым годзе філолагі БДУ размеркавалі прэзентацыі моў па шасці паралелях: у кожнай з іх запланаваныя па 13 паказаў. Займальныя 45-хвілінныя міні-лекцыі па гісторыі і развіццю канкрэтнай мовы раскажуць пра яе станаўленне і сучасны стан. Акрамя таго, у рамках фестывалю будзе працаваць Польскі гутарковы клуб.

Наведванне ўсіх мерапрыемстваў бясплатнае.

Пазнаёміцца са спісам моў і лекцый, прачытаць анонсы выступленняў, даведацца пра расклад і атрымаць іншую карысную інфармацыю можна на афіцыйным сайце Мінскага фестывалю моў (http://MinskLingFest.by) і ў суполках Фестывалю «УКантакце» (http://vk.com/MinskLingFest) і ў Фэйсбуку (http://facebook.com/groups/MinskLingFest).

Для даведкі:

Першы ў свеце Фестываль моў быў праведзены ў 1995 годзе ў Францыі (г.Тур). Яго арганізаваў амерыканскі лінгвіст і грамадскі дзеяч Дэніс Кіф. Ужо ў наступным годзе ў Чэбаксарах прайшоў першы расійскі Фестываль моў. На сённяшні дзень падобнага роду мерапрыемствы адбыліся ў шэрагу краін свету: ЗША, Венесуэле, Бельгіі, Швецыі, Малдове, Расіі і іншых.

Найбуйнейшым з іх лічыцца першы кітайскі фестываль, які прайшоў у 2008 годзе ва ўніверсітэце Нанкіна і за два дні сабраў больш як 13 000 наведвальнікаў. Акрамя Масквы і Чэбаксар, фестывалі рэгулярна арганізуюцца ў Санкт-Пецярбургу, Уфе, Вялікім Ноўгарадзе, Ульянаўску, Кіеве, Кішынёве і іншых гарадах СНД.

У Мінску першы фестываль моў прайшоў у 2013 годзе  і адразу ж сабраў больш як 350 наведвальнікаў. На мерапрыемстве былі прадстаўлены 35 моў і 7 лінгвістычных лекцый, а таксама прайшлі моўная гульня “Капялюш” і мульцімоўны лінгваканцэрт.

Надзея НІКАЛАЕВА

nikalaeva@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.