Вы тут

Што можна прадаваць праз інтэрнэт?


Летась колькасць зарэгістраваных інтэрнэт-крамаў у краіне павялічылася амаль на 23 працэнты — плюс 2,5 тысячы новых аб'ектаў. За апошнія чатыры гады іх стала больш амаль удвая. Не дзіўна, што рэгуляванню электроннага гандлю надаецца ўсё больш увагі. Як абараніць спажыўцоў у новых умовах? Гэтыя пытанні абмяркоўвалі эксперты ў прэс-цэнтры БЕЛТА.


Неабдуманыя здзелкі — ад няведання

За парушэнне заканадаўства летась інтэрнэт-крамам выдадзена 42 прадпісанні, састаўлены 41 пратакол. Парушэнні часцей за ўсё былі звязаны з тым, што на сайтах змяшчалася недакладная ці няпоўная інфармацыя аб тавары.

— Заканадаўствам забаронены анлайн-продаж ювелірных вырабаў, піратэхнікі, лекаў, БАДаў, ветэрынарных сродкаў, зброі, спецыялізаванай прадукцыі для харчавання спартсменаў, алкагольных напояў і тытунёвых вырабаў, — звяртае ўвагу начальнік упраўлення абароны правоў спажыўцоў і кантролю за рэкламай Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Ірына БАРЫШНІКАВА. — Але мы вельмі часта сутыкаемся з тым, што ў сацыяльных сетках прапануюць медпрэпараты, прадукты харчавання, якія быццам валодаюць лячэбнымі ўласцівасцямі.

Гандаль у сацсетках у прынцыпе лічыцца незаконным. Адзінае, што можна прадаваць такім чынам, — асабістыя рэчы, якія былі ва ўжыванні.

Каб не нарвацца ў інтэрнэце на нядобрасумленнага камерсанта, МАРГ раіць правяраць, ці ёсць гэтыя інтэрнэт-крама ці ІП у рэестры. «Трэба мець інфармацыю аб тым, з кім збіраешся заключыць дагавор. Таму вядзенне рэестраў — важны складнік у сферы абароны правоў спажыўцоў. Таксама на сайтах міністэрстваў арганізаваны рубрыкі з карыснай інфармацыяй для грамадзян. Напрыклад, на сайце Дзяржстандарта змяшчаюцца навіны аб прыпыненых і адмененых сертыфікатах адпаведнасці, Мінскводаканал дазваляе праверыць якасць водаправоднай вады па вашым адрасе. Менавіта ад няведання нашы спажыўцы часам робяць неабдуманыя і дарагія здзелкі», — падкрэсліла Ірына Барышнікава.

Новыя змяненні ў законе

У лютым уступілі ў сілу змяненні ў Кодэкс аб культуры аб вяртанні грошай за адмененае культурна-забаўляльнае мерапрыемства. Аплату павінны вяртаць спажыўцу на працягу сямі дзён з моманту запланаванага спектакля ці фестывалю. «Раней арганізатар канцэрта мог вяртаць грошы ў тэрмін, які ён сам устанаўліваў. Гэта даходзіла да паўгода, і нават да года», — заўважае Ірына Барышнікава.

Пэўныя змяненні збіраюцца ўнесці таксама ў Закон «Аб абароне правоў спажыўцоў». Напрыклад, забараніць устанаўліваць розныя цэны ў залежнасці ад формы аплаты тавараў і паслуг: часта бывае, што пры разліку наяўнымі прадаўцы выстаўляюць адну суму, а па картцы — іншую. Спіс абавязковай інфармацыі аб тавары плануюць дапоўніць звесткамі аб краіне яго паходжання (калі яна не супадае з месцам знаходжання вытворцы) і класе энергаэфектыўнасці. Сярод прапаноў — таксама павелічэнне тэрміну гарантыйнага рамонту з 14 да 30 дзён, абавязак гарантыйных майстэрняў па заяўцы прадаўцоў правяраць якасць тавару на працягу трох дзён з моманту яго атрымання, права пастаўшчыкам на спагнанне са спажыўца страт за захоўванне тавару, які быў адрамантаваны ці прайшоў экспертызу, па заканчэнні двух месяцаў з дня пісьмовага папярэджання спажыўца.

Мяркуецца, што новая рэдакцыя закона будзе прынята да канца года.

Арбітры па банкаўскіх спрэчках

Навацыі, дарэчы, чакаюцца і ў сферы абароны правоў спажыўцоў фінансавых паслуг. У краіне з'явяцца фінансавыя арбітры: з іх дапамогай можна будзе вырашаць спрэчкі паміж кліентамі і банкамі без звароту ў суд.

— Так, у нас ёсць такія альтэрнатыўныя спосабы вырашэння канфліктаў, як медыяцыя і трацейскія суды, але, як паказала практыка, яны незапатрабаваныя ў тых выпадках, калі размова ідзе пра адносіны грамадзян і арганізацый. Разгляд справы трацейскім судом з'яўляецца платным, і часта сума, што аспрэчваецца, ніжэйшая за тыя выдаткі, якія нясуць бакі, — тлумачыць намеснік начальніка ўпраўлення законапраектных работ і экспертызы нарматыўных прававых актаў галоўнага юрыдычнага ўпраўлення Нацбанка Віталь САРОКІН. — Фінансавыя арбітры будуць мець шэраг пераваг. Па-першае, іх паслугі бясплатныя для грамадзян. Па-другое, рашэнні, якія выносяцца, уступаюць у сілу праз 10 дзён і маюць абавязковы характар. Выдаецца дакумент, які можна прад'явіць судоваму выканаўцу для прымусовага спагнання. Плюс справа будзе разглядацца ў спрошчаным парадку, у больш кароткія тэрміны, патрабуецца мінімальная колькасць дакументаў.

Мяркуецца, што фінансавыя арбітры будуць вырашаць спрэчкі, сума па якіх не перавышае 500 базавых велічынь (каля 5 тысяч долараў), і толькі пасля таго, як грамадзянін звернецца з пісьмовай прэтэнзіяй да банка.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Ніякіх лекаў праз інтэрнэт

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.