Вы тут

Як будзе развівацца беларуская фармацэўтыка


Залежнасць краіны ад імпарту павінна быць зніжана пры захаванні якасці і эфектыўнасці лекавых прэпаратаў.

Аб'ём фармацэўтычнага рынку склаў летась амаль 637 млн долараў, што на 4 працэнты менш, чым у 2015-м. Але, хутчэй за ўсё, тэндэнцыяй гэта не стане і рынак адновіцца. Доля айчынных лекаў у коштавым выражэнні наблізілася да 52 працэнтаў, 70 працэнтаў аб'ёму вытворчасці забяспечваюць дзяржаўныя прадпрыемствы. Экспарт летась вырас у параўнанні з папярэднім годам і склаў 115 млн долараў.


Увогуле, у краіне зарэгістравана звыш 4,5 тысячы найменняў лекаў розных вытворцаў, 1,6 тысячы з іх — айчынныя, сярод якіх ёсць супрацьпухлінныя, для лячэння захворванняў нервовай сістэмы, апорна-рухальнага апарату, афтальмалагічных захворванняў і іншыя. «Асноўным кірункам у распрацоўцы лекавых сродкаў у апошняе дзесяцігоддзе было імпартазамяшчэнне, распрацоўка генерычных лекаў (копій арыгінальных), якія не саступаюць па якасці і эфектыўнасці арыгінальным, але больш даступныя па кошце і зніжаюць залежнасць краіны ад імпарту», — кажа начальнік упраўлення арганізацыі вытворчасці і перспектыўнага развіцця Дэпартамента фармацэўтычнай прамысловасці Міністэрства аховы здароўя Беларусі Таццяна ТУМЕЛЯ.

У апошнія гады на рынак штогод пастаўляецца не менш за сотню айчынных навінак. У 2015 годзе было наогул 180, летась крыху менш — 116. Ужо сёлета з'явіцца сучасны лекавы сродак супраць гепатыту С айчыннай вытворчасці. Пакуль мы фасуем і пакуем сафасбувір пад гандлёвай назвай «Гепасофт» егіпецкай кампаніі Global Napі Pharmaceutіcals. Прэпарат зарэгістраваны і выходзіць на рынак, але ёсць жаданне і магчымасці вырабіць яго па поўным цыкле. У адрозненне ад супрацьвіруснай тэрапіі інтэрферонам і рыбаверынам новыя лекі маюць шэраг пераваг. Яны выпускаюцца ў капсулах і таблетках, добра пераносяцца.

Беларускія лекі таннейшыя за імпартныя аналагі за кошт іншых тэхналогій іх распрацоўкі і вытворчасці, адсутнасці затрат на прасоўванне. Так, на распрацоўку арыгінальнага прэпарату і яго вывядзенне на рынак патрабуецца не менш за дзесяць гадоў і каля 1 млрд долараў. Вынайсці новы прэпарат — значыць даследаваць каля 10 тысяч малекул, толькі адна з якіх стане паспяховай. Нядаўна на рынак выйшаў новы прэпарат для лячэння пласкаклетачнага раку лёгкіх — пеметрэксед. У 2014 годзе адзін флакон арыгінальнага прэпарата каштаваў 2,6 тысячы долараў, а на курс хвораму патрабуецца 5—7 флаконаў. Нашы навукоўцы ўжо знізілі кошт да 1 тысячы долараў дзякуючы зніжэнню сабекошту субстанцыі.

Інстытут біяарганічнай хіміі НАН Беларусі працуе і над таргетнымі прэпаратамі, якія пашкоджваюць клеткі пухліны, але не шкодзяць іншым. Такія лекі больш эфектыўныя і пры гэтым бяспечныя. «Акадэмфарм» выпускае іматыніб, які вырабляўся спачатку з пакупной субстанцыі, а цяпер — стабільна з айчыннай. У рабоце знаходзіцца і таргентны прэпарат для лячэння некаторых вельмі «злых» пухлін печані і ныркі. Падаць дакументы на рэгістрацыю гатовай лекавай формы плануецца ўжо сёлета.

— Для стварэння інавацыйных лекавых сродкаў неабходны кадры з адпаведным вопытам, спецыялізаваныя лабараторыі інстытутаў і належнае фінансаванне, — разважае старшыня назіральнага савета Саюза медыцынскіх фармацэўтычных і навукова-адукацыйных арганізацый «Медыцына і фармацэўтыка — інавацыйныя праекты» Аляксей СЫЧОЎ. — У краіне спецыялісты ёсць у навукова-даследчых інстытутах, а сусветная практыка паказвае, што 90 працэнтаў інавацыйных прэпаратаў былі распрацаваныя сіламі фармпрамысловасці. Таму для нас важнае развіццё дзяржаўна-прыватнага партнёрства, калі спецыялісты з тых жа інстытутаў змогуць працаваць у адной камандзе з прадстаўнікамі бізнесу. У свеце даўно распаўсюджана кааперацыя для правядзення навуковых даследаванняў і вырабу лекаў, напрыклад, для лячэння анкалогіі. Патрабуюцца таксама эксперыментальныя лабараторыі для правядзення пачатковых даследаванняў па распрацоўцы новых малекул, і там павінны быць самыя сучасныя тэхналогіі для біямадэлявання, лабараторыі для правядзення даклінічных даследаванняў, базы для клінічных выпрабаванняў. Усе яны павінны мець міжнародную акрэдытацыю і адпавядаць міжнародным стандартам. Пакуль такога ў Беларусі няма.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: Перспектывы айчыннай фармацэўтыкі

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.