Вы тут

25 сакавіка адбудзецца «Гадзіна Зямлі»


Пад эгідай Сусветнага фонду дзікай прыроды яна праводзіцца ва ўсім свеце ўжо дзясяты раз.


Упершыню акцыя прайшла ў Аўстраліі 31 сакавіка 2007 года. На наступны год яе падтрымалі 35 краін, больш за 400 гарадоў. Была выключана падсветка многіх вядомых помнікаў па ўсім свеце. Актыўным удзельнікам стала і наша краіна. У 2016 годзе «Гадзіна Зямлі» прайшла ў Мінску, Віцебску, Гродне, Гомелі, Брэсце, Баранавічах, Пінску, Браславе, Чавусах, дзе на адну гадзіну згасла падсветка адміністрацыйных будынкаў, гандлёвых цэнтраў, а таксама прайшлі канцэрты, лекцыі, велапрабег, выступілі тэатры ценяў. У сталіцы на адну гадзіну была выключана падсветка праспектаў Незалежнасці і Пераможцаў, агні Нацыянальнай бібліятэкі, падсветка на будынках гандлёвых цэнтраў, універсітэтаў і кавярняў.

Тэма акцыі — адказнае стаўленне чалавека да прыроды. «Гадзіна Зямлі» з'яўляецца сімвалам беражлівых адносін да яе. Удзельнічаць можа кожны, дастаткова 25 сакавіка на адну гадзіну — у 20.30 — выключыць усе электрычныя прыборы ў доме ці офісе. Такі крок будзе расцэньвацца як голас у барацьбе за ахову навакольнага асяроддзя.

Напрыклад, вось як плануюць правесці акцыю ў трох інтэрнатах БДУ. 24 сакавіка на старт выйдуць актывісты Студэнцкага гарадка і насельнікі інтэрната №5 па вуліцы Кастрычніцкай. У будынку ў 20.00 на гадзіну будуць адключаны ўсе электрапрыборы. На наступны дзень, 25 сакавіка, эстафету падхопяць яшчэ два студэнцкія інтэрнаты. У 20.00 добраахвотна выключаць святло ў жылых памяшканнях, у рабочых кабінетах і нават будзе прыпынена работа ліфтаў у інтэрнаце №1 па вуліцы Свярдлова, а ў 20.30 — у інтэрнаце №4 па вуліцы Чурлёніса. Апроч таго, тут пройдзе шэраг тэматычных мерапрыемстваў, скіраваных на выхаванне культуры энергаспажывання, а таксама прыцягненне ўвагі моладзі да праблем экалогіі, звязаных са змяненнем клімату на планеце.

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Загаловак у газеце: «Змяняй сябе, а не планету»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?