Вы тут

20 гадоў таму ў Жодзіна з'явіўся клуб юных ратавальнікаў-пажарных


Усё пачынаецца з мары. Праўда, адной яе — гэтай мары — мала. Патрэбны людзі, здольныя задуманае рэалізаваць. Дваццаць гадоў таму ў цяперашняй жодзінскай гімназіі №1 першае супала з другім і тут з'явіўся клуб юных ратавальнікаў-пажарных з палымянай назвай «Праметэй». Тады яшчэ не было Беларускага маладзёжнага грамадскага аб'яднання ратавальнікаў-пажарных, якое было створана ў краіне ў 2001 годзе, гэта значыць на чатыры гады пазней.


Ініцыятарам стварэння гімназічнага клуба стала намеснік дырэктара гімназіі Галіна Антонаўна Ляпяўка (дарэчы, двойчы за сваю педагагічную дзейнасць узнагароджаная ганаровым нагрудным знакам Міністэрства па надзвычайных сітуацыях). Знайшліся і людзі, якія з натхненнем узяліся за зусім не простую справу. У першую чаргу гэта быў Андрэй Аляксандравіч Падабедаў, трэнер і выхавальнік першых пакаленняў праметэеўцаў, цікавы чалавек, выдатны спартсмен, які ў складзе каманды Рэспублікі Беларусь у верасні 2002 года на першым чэмпіянаце свету па пажарна-ратавальным спорце стаў чэмпіёнам. Нельга не згадаць і прозвішча педагога-арганізатара Вольгі Мікалаеўны Сідаркевіч, якая стала суаўтарам многіх значных дасягненняў праметэеўцаў, у тым ліку і на міжнароднай арэне.

Адлік гісторыі клуба вядзецца з 1997 года — менавіта тады і «пасяліўся» «Праметэй» у Жодзіне. Спачатку быў толькі гурток, з якога і вырас крыху пазней поўнафарматны клуб з аднайменнай назвай. Сёння ён аб'ядноўвае гімназістаў ад 11 да 17 гадоў. Профільная група мае зменны склад удзельнікаў. Але актыў клуба, як правіла, гэта тыя, хто займаецца любімай справай па пяць—шэсць гадоў. На сённяшні дзень аб'яднанне налічвае больш як 250 удзельнікаў рознага ўзросту.

На працягу ўсяго свайго існавання «Праметэй» быў і ёсць у ліку найлепшых не толькі ў горадзе, але і ў вобласці, і ў краіне. А сакрэт поспеху заключаецца ў тым, што праметэеўцам ёсць на каго раўняцца — на сваіх папярэднікаў. Самым вядомым з іх ліку, безумоўна, з'яўляецца неаднаразовы чэмпіён і рэкардсмен свету па пажарна-ратавальным спорце, майстар спорту міжнароднага класа Уладзімір Сідарэнка, які доўгі час выступаў за каманду Беларусі, а на працягу апошніх гадоў бліскуча абараняе гонар зборнай Расіі. Напрыклад, толькі за перыяд з 2011 па 2015 год ён устанавіў дзевяць рэкордаў Расіі, два рэкорды чэмпіянату свету, пяць разоў станавіўся чэмпіёнам Расійскай Федэрацыі. А пачыналася ўсё ў Жодзіне, у гімназіі, дзе Уладзімір вучыўся з пятага класа і быў сапраўды найлепшым з ліку найлепшых за ўсю гісторыю «Праметэя». Вядомых жа ў краіне спартсменаў з ліку праметэеўцаў таксама хапала. Варта прыгадаць такіх, напрыклад, як Ігар Крэнць (рэкардсмен рэспублікі), Раман Сыраежка, Вераніка Шэвякова, Анастасія Цыбулька, Аляксей Сяргушкін, Ірына Мархель, Вольга Круглік, Марта Кірыльчык (усе — чэмпіёны Беларусі). Гэта менавіта яны, нашы гімназісты, сталі пераможцамі першага рэспубліканскага палявога лагера «Ратавальнік» у 2005 годзе. А восень 2009-га і ў прамым, і ў пераносным сэнсе стала для «Праметэя» залатой. Каманда Рэспублікі Беларусь, аснову якой складалі жодзінскія гімназісты, перамагла на VІІ Міжнародным злёце клубаў ратавальнікаў-пажарных.

І мінулы год не прайшоў для клуба дарэмна — чарговая перамога ў горадзе, другое месца — на абласным палявым лагеры, плюс чацвёра яго прадстаўнікоў у складзе каманды Мінскай вобласці на ХІХ Рэспубліканскім злёце юных ратавальнікаў-пажарных у «Зубраняці» сталі чэмпіёнамі рэспублікі. Не выпадкова і тое, што для многіх вучняў заняткі ў клубе становяцца пляцоўкай для выбару сваёй будучай прафесіі. Уладзімір Сідарэнка, Раман Сыраежка, Арцём Авілаў, Арцём Сіліч і іншыя выпускнікі гімназіі ў многім дзякуючы менавіта «Праметэю» звязалі сваё жыццё са службай у сістэме Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

...Зборы, трэніроўкі, спаборніцтвы, пераезды, новыя гарады, новыя выпрабаванні. Зноў і зноў. «Галоўнае, — як заўважае капітан «Праметэя» Марыя Маркевіч, — каб усё гэта было недарэмным. Заняткі ў клубе — гэта магчымасць загартаваць сябе як асобу, праверыць свае чалавечыя якасці, адказаўшы на пытанні, хто ты такі, чаго варты, на што здольны, ці можаш быць сапраўдным сябрам».

Як вядома, «Праметэй» азначае «прадбачлівы». Зразумела, што ў рэальным жыцці ўсяго прадбачыць нельга — не дадзена гэта нам. А вось быць падрыхтаваным да жыццёвых выпрабаванняў можна і трэба. Ва ўсялякім выпадку, так лічаць гімназічныя праметэеўцы. І наўрад ці яны памыляюцца.

Лізавета АНІКЕВІЧ, вучаніца 11 класа гімназіі №1 г. Жодзіна

Загаловак у газеце: Пуцёўка ў жыццё ад «Праметэя»

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.