Вы тут

Сяргей Календа: Псеўданім даў мне сілы ісці далей


Калі пералічваць усе кнігі, літаратурныя праекты, аўтарам якіх з'яўляецца Сяргей Календа, то не хопіць пальцаў абедзвюх рук. Больш як дзясятак папяровых і электронных выданняў прозы, амаль столькі ж выпускаў часопіса «Макулатура», мноства публікацый у беларускай перыёдыцы... Здаецца, што Сяргей мае нейкі сакрэт надзвычайнай працавітасці, умення прывабіць творчую музу і прыцягнуць увагу чытачоў. Але пры гэтым ён не надта клапоціцца пра прызнанне калег і не імкнецца заваяваць прыязнасць крытыкаў. Каб дыстанцыявацца ад уласнай асобы і вобраза, што склаўся, нават прыдумаў сабе творчае альтэр-эга — Аляксандр Бацкель. Пра тое, навошта паспяховы малады празаік пачаў пісаць пад псеўданімам, як рэагуе на непрыманне калег і які творчы лёс усё ж такі чакае Бацкеля, мы сёння гутарым з Сяргеем Календам.


— Калі параўнаць тваю творчасць гадоў дзесяць таму, у пачатку шляху ў літаратуру, і сёння, што змянілася, а што засталося ранейшым?

— Усё змянілася кардынальна. Я быў зусім малады, шмат у чым спяшаўся, і ў мяне на першых этапах не было дарадцаў, якім я мог бы давяраць. У прынцыпе, засталіся толькі творчы імпэт і любоў да літаратуры. Усё астатняе памянялася настолькі, што я нават не знайду такой рысы, якая была ў мяне дзесяцігоддзе таму і зараз захавалася. Можа, гэта і добра, бо сваёй апошняй на гэты час кнігай «Падарожжа на край ложка» я развітаўся з сабой ранейшым.

— І якой будзе твая проза новага ўзору?

— Не ведаю, наколькі мая задумка рэалізуецца і будзе цікавай чытачу, але я збіраюся пісаць гатычныя казкі. Раней таксама звяртаўся да гэтага жанру, але тое былі творы для дзяцей, вельмі лёгкія, філасофскія. Рэдактарка кажа, што незразумела, для якога ўзросту мае новыя тэксты: у іх усё занадта гатычна, перабольшана, але галоўнымі героямі з'яўляюцца дзеці.

Думаю, іх можна параўнаць з творчасцю Ніла Геймана, бо калі дзіцяці даць пачытаць, напрыклад, «Караліну», малеча ў нейкіх месцах можа спалохацца, але як бы страшна ні было, нешта для сябе вынесе. Я лічу, што сучасныя дзеці здольныя многае зразумець і перажываюць яны больш тонка, чым іх бацькі. Паглядзіце, у дыснееўскіх мульціках дабро было светлым, а зло чорным, сёння ж усё не так адназначна.

Таму я і лічу, што казкі, якія пішу, будуць добра зразумелыя для чытачоў рознага ўзросту. Проста спрабую балансаваць паміж Эдгарам По і Нілам Гейманам.

— Многія здзіўляюцца тваёй неймавернай працавітасці ў літаратуры. Як атрымліваецца так шмат пісаць, пры гэтым маючы іншы занятак у жыцці?

— Магчыма, гэта проста рыса характару. Апошнія некалькі гадоў я пішу менш, бо нікуды не спяшаюся. Сёння па-іншаму ўспрымаю сам працэс пісьма, спалучаю яго з працай і хобі. Спачатку раблю план, які пакрысе выконваю, калі больш-менш вольны. Магу ў галаве насіць часткі тэксту, што хачу напісаць, але чакаць адпаведнага моманту, калі тыдзень-два змагу папрацаваць над творам. Часам з'язджаю з Мінска, каб пісаць, або раблю сабе выхадныя на тыдзень. Мая праца стыліста-тэхнолага гэта дазваляе. Але ў той жа момант, калі ёсць ідэя, магу пісаць у розны час сутак пры розных знешніх абставінах. Напэўна, гэта звязана з тым, што і ў дзяцінстве, і ў юнацтве я не меў свайго кутка, дзе мог адасобіцца ад усіх, чытаць, таму навучыўся прыстасоўвацца да любых умоў. Не веру, што ёсць муза, якую трэба чакаць. Проста ёсць тое, што табе трэба выказаць, і калі яно з'яўляецца ў свядомасці, ты проста працуеш, нягледзячы на стому і знешнія абставіны. Гэта проста захапляе.

— У літаратурнай тусоўцы цябе хутчэй не любяць, не лічаць адметным творцам, часта крытыкуюць. Але ж чытачы з прыязнасцю прымаюць кожную новую кнігу, праект...

— Гэта сапраўды дзіўна. Магчыма, у мяне проста складаны характар ці мы з калегамі па цэху ўвогуле адно аднаго не разумеем (смяецца). У мяне ёсць сябры-пісьменнікі, якіх я цаню і якія для мяне з'яўляюцца самымі галоўнымі дарадцамі ў творчасці і па жыцці. Усяго астатняга, што адбываецца ў тусоўцы, я не ведаю. І добра, што не ведаю. Бо атрымліваю ад чытачоў шмат падзяк, цікавых ідэй, прапаноў, у нас ёсць камунікацыя.

А пісьменнікі? Я ж не пішу дзеля таго, каб мяне палюбілі менавіта яны. У прынцыпе натуральна, што аўтары ставяцца адно да аднаго як да канкурэнтаў.

— Ты маеш творчае альтэр-эга — пісьменніка Аляксандра Бацкеля. Дзе мяжа паміж Календам і ім, і, увогуле, навошта табе было ствараць апошняга?

— Бацкеля мне трэба было прыдумаць толькі дзеля таго, каб зразумець, што адбываецца са мной і з тымі творамі, якія я пішу. Я трапіў у літаратурны працэс у досыць маладым узросце, нявопытным, і праз гэта часта на пошту атрымліваў пагрозы ад невядомых людзей. Таму вырашыў, што знікну і стану пісаць пад псеўданімам. Хацеў вызваліцца ад свайго прозвішча, жыцця. І сапраўды, прыдумаўшы Бацкеля, адчуў: стала лёгка разважаць на любыя тэмы, пачаў неяк збоку на сябе глядзець. Бацкелевы кнігі нават пачалі падабацца літаратурным крытыкам больш, чым напісаныя ўласна Календам. У мяне атрымалася падмануць і некаторых пісьменнікаў, якія не вельмі добра раней ставіліся да мяне, але Бацкеля палюбілі. Гэты псеўданім даў мне сілы працаваць, ісці далей. Нават скончыў за тры месяцы раман, які не складваўся тры гады.

— Стараўся захоўваць таямніцу?

— Першы год. Прыдумаў адрас электроннай пошты, перапісваўся ад імя Бацкеля з некаторымі пісьменнікамі. Першай, хто мяне раскрыў, была перакладчыца Марына Шода, а праз некаторы час напісаў паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч, павіншаваў майго сябра, пахваліў кнігу і запытаўся, ці першая гэта яго кніга, каб прадставіць у конкурсе маладых літаратараў «Дэбют». Тады я падумаў: класна было б схлусіць, адправіць кнігу на конкурс. Рука трэслася, але я напісаў, што гэта не першая кніга... Таямніцу раскрылі, але было файна так пагуляць. Пад псеўданімам я пісаў замалёўкі пра жыццё Бацкеля ў маёнтку, прыдумаў пісьменніка, які з'ехаў з горада і пасяліўся ў вёсцы. Фактычна стварыў вобраз... А праз год з'явіўся Андрусь Горват, аўтар, які насамрэч пераехаў у дзедаву хату на Палессе і жыве там. Таму вырашыў, што далей няма сэнсу пісаць паралельна тое, што апісвае Горват, ён жа гэтым жыве, а я прыдумваю. Таму трэцяя кніга Бацкеля стане яго апошняй.

— Заб'еш яго?

— Не, ён проста перастане пісаць. Але, магчыма, і сапраўды заб'ю. Забіць сваё альтэр-эга таксама было б цікава (смяецца). Думаю, проста пакіну яго ў тым свеце, дзе ўсё патрэбнае ёсць, а сам буду далей жыць і працаваць як Календа. За гэты час у мяне з'явілася шмат працы, эмоцый, літаратурнага вопыту — кепскага, добрага, дагэтуль не зразумелага. Далей буду ствараць не так, як рабіў дагэтуль. Раней проста хацелася выказвацца, з сямейных, асабістых абставін шмат выносіў бруду. Цяпер бачу, што жыццё можна паказваць у іншым ракурсе, у іншых кнігах.

— Многія чытачы і крытыкі лічаць, што твае кнігі цалкам аўтабіяграфічныя. Гэта сапраўды так?

— Літаратура тым і цікавая, што незразумела, дзе праўда перакрыжоўваецца з выдумкай. Як аўтар я ніколі не раскажу, што было насамрэч, няхай гэта застанецца недавыказаным. Гэта ж усё роўна я, мой вопыт і жыццё, незалежна ад таго, было тое ці не. Не трэба шукаць у тэкстах самога аўтара, варта звяртацца да таго, што ён хоча давесці.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.