Вы тут

У Гомелі працуе стартап-школа


Інтэрнэт-крама — першы бізнес-праект студэнта Уладзіслава Санько. Ім хлопец стаў займацца разам з сябрам з самага пачатку навучання ва ўніверсітэце. Цяпер Уладзіслаў на трэцім курсе і займаецца аўтсорсінгам. У вольны час ён дае магчымасць сваім аднакурснікам зарабіць у якасці грузчыкаў. Між тым малады чалавек лічыць, што трэба развівацца і вучыцца не толькі ў межах асноўнай праграмы, але і дадаткова. Мэта развіцця сваёй справы і прывяла яго, як і многіх гамяльчан, у стартап-школу, арганізаваную Цэнтрам бізнес-адукацыі Беларускага гандлёва-эканамічнага ўніверсітэта спажывецкай кааперацыі ў партнёрстве з таварыствам садзейнічання інавацыйнаму бізнесу.


Кі­раў­нік го­мель­скай стар­тап-шко­лы Іна Бай­ко­ва і экс­перт ін­тэн­сіў-кур­са, су­за­сна­валь­нік кам­па­ніі «Стар­тап тэх­на­ло­гіі» і стар­тап-ру­хаў  у Рэс­пуб­лі­цы Бе­ла­русь Аляк­сандр Бу­лах.

— Мне спадабаўся калектыў, — адзначае студэнт-прадпрымальнік. — Тут перспектыўныя маладыя людзі, якія для мяне — прыклад для развіцця. Хачу навучыцца вырашаць праблемы і далей развіваць сваю справу.

У аўдыторыі — 16 мужчын самага рознага ўзросту. І хоць на першых занятках людзей было больш за сотню, на інтэнсіў-курс прыйшлі самыя зацікаўленыя і мэтанакіраваныя. Побач за партай — зусім пачаткоўцы і вядомыя прадпрымальнікі, якія самі могуць стаць ментарамі. Між тым вопыт ёсць у кожнага.

Сяргей Салтановіч пакуль што нідзе не працуе. Ён мае сярэднюю спецыяльную адукацыю і паспрабаваў сябе ў якасці зваршчыка. Гаворыць, што на прадпрыемстве, дзе працаваў раней, яму не падабаўся стыль кіраўніцтва:

— Я не разумеў, навошта раблю гэту справу. Калі няма мэты — нельга працаваць. Я хачу пабудаваць свой бізнес. У тым, што гэта магчыма, мяне тут пераканалі людзі — напрыклад, сузаснавальнік tut.by, hoster.by і іншых кампаній, эксперт Кірыл Валошын. Ён расказаў, як выбраць перспектыўную бізнес-ідэю, што варта капіраваць у паспяховых стартапаў за мяжой, колькі грошай трэба для старту...

Вядомы бізнесмен Іван Шчарбакоў пачынаў у канцы мінулага стагоддзя. Сёння кіруе ІT-кампаніямі і сам можа быць экспертам. Дырэктар ТАА «ДатаЦэнтр» кажа, што пастаяннае набыццё ведаў — яго лад жыцця. З сабой на заняткі прынёс новую камп'ютарную праграму, якая прапануе індывідуальны план харчавання і дапамагае набыць аптымальную вагу. Дарэчы, кажа: «Апрабавана на сабе».

Ваенны пенсіянер Канстанцін Скарабагатаў, бадай, самы дарослы ў аўдыторыі. Гаворыць, што ў канцы 90-х спрабаваў займацца дробным гандлем: падпрацоўваў «чаўнаком». Рызыкоўны бізнес прывёў да думкі, што прадпрымальніцтвам трэба займацца правільна:

— Сапраўды хочацца зразумець, як гэта працуе знутры. Атрымаць прававыя веды. Прыемна быць сярод моладзі. Можа, яны мяне нечаму навучаць. У іх жа мазгі «свежыя». Ёсць, канешне, пэўныя асцярогі, але ж самае галоўнае — падняцца з канапы. Важна самому рухацца наперад.

Між тым выпускнік механічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту Раман Барушкоў ужо зарэгістраваны індывідуальным прадпрымальнікам. Паслуга, якую ён прапануе гамяльчанам, для абласнога цэнтра не ўласцівая. Ён абяцае навучыць жанчын... абараняцца. Ідэю, дарэчы, Раману падарыла жонка, якой было страшна вечарам хадзіць адной, пакуль муж служыў у арміі:

— Ідэя арганізацыі курсаў самаабароны для жанчын яшчэ ў самым пачатку рэалізацыі. Цяпер набіраем групу, у якой некалькі чалавек. Перад тым як пачаць, мы пратэсціравалі нішу, вызначылі, наколькі будзе запатрабавана такая паслуга. Уся работа, у тым ліку прыёмы і псіхалагічная настройка, накіраваны на тое, што дзяўчына можа быць і на абцасах, і з манікюрам, і не ў самым зручным адзенні. Магчыма, у перспектыве гэта справа перарасце ў нейкі сацыяльны праект. Важна, каб людзі задумаліся пра сваю бяспеку, тым больш часцей за ўсё праблем можна пазбегнуць. Для мяне на курсах важна падзяліцца сваім досведам і ў большай ступені даведацца пра чужы. Таксама важна структураваць свае веды. Справа, якой я пачынаю займацца, толькі стартавы кірунак. Далей планую пайсці ў нейкі вытворчы бізнес.

За­ня­ткі ў го­мель­скай стар­тап-шко­ле.

Гатовыя ідэі для развіцця сваёй справы ёсць далёка не ў кожнага, хто прыйшоў у стартап-школу. Арганізатары лічаць, што ў гэтым ім павінен дапамагчы курс «Інтэнсіў» па праектаванні і запуску бізнесу. У праграме: аналіз рынка, інструментарый аналізу кліентаў, распрацоўка прадукта з улікам інтарэсаў карыстальнікаў, метадалогія тэсціравання бізнес-ідэі, распрацоўка бізнес-мадэлі і яе тэсціраванне, распрацоўка сайта, рэклама праекта, стварэнне каманды і шмат чаго яшчэ.

Кіраўнік гомельскай стартап-школы Іна Байкова адзначае, што адкрытыя майстар-класы наведалі ўсе ахвотныя. Тыя, каго сур'ёзна захапіла ідэя стварэння свайго бізнесу, працягваюць навучанне за невялікія грошы:

— Школа заклікана выконваць ролю ментарскай пляцоўкі для жыхароў Гомельшчыны, каб спрыяць развіццю прадпрымальніцкай культуры, павышэнню дзелавой актыўнасці насельніцтва, развіццю малога і сярэдняга бізнесу, а таксама стварэнню працоўных месцаў. На працягу дзесяці заняткаў удзельнікі інтэнсіў-курса маюць магчымасць атрымаць пэўныя навыкі і развіць кампетэнцыі, каб выкарыстаць іх для запуску сваёй справы. Запрошаныя эксперты з ліку прадпрымальнікаў будуць дзяліцца сваім вопытам, дыскутаваць з навучэнцамі, адказваць на іх пытанні. Па выніках кожных заняткаў прадугледжана дамашняе практычнае заданне. Урэшце, мы спадзяёмся, удзельнікі запусцяць свой уласны бізнес. Адна справа — мець жаданне стаць прадпрымальнікам, іншая — знайсці крыніцу матывацыі. Мы хочам выступаць гэтай крыніцай. Мы зацікаўлены, каб праекты раслі, развіваліся, і з цягам часу нашы ўдзельнікі прыйшлі ў гэтую аўдыторыю ўжо ў ролі экспертаў.

— Мы даём матывацыю і навучанне, — гаворыць эксперт інтэнсіў-курса, сузаснавальнік кампаніі «Стартап тэхналогіі» і стартап-рухаў у Рэспубліцы Беларусь Аляксандр Булах. — Базавы прынцып стартап-школы: бізнесу можа навучыць толькі прадпрымальнік. Таму экспертамі выступаюць асобы, якія на ўласных поспехах і памылках навучыліся запускаць бізнес і кіраваць ім. Важна, што нашы ўдзельнікі ўрэшце разумеюць, што мець сваю справу — гэта здорава, гэта ганарова. Яны тут пагружаюцца ў прадпрымальніцкае асяроддзе. Мне самому цікава мець стасункі з іншымі прадпрымальнікамі. Зараджаешся энергіяй і новымі ідэямі.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

іost@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Час падняцца з канапы і паспрабаваць сябе ў бізнесе

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».