Вы тут

Як мяняўся Мінскі гарадскі Савет дэпутатаў на працягу 100 гадоў


17 сакавіка сталічнаму органу мясцовага самакіравання споўнілася сто гадоў. За гэты час Савет не раз змяняў назву, прапіску і нават асноўныя функцыі. Пра яго станаўленне і цяперашні стан нам расказаў старшыня Пастаяннай камісіі мандатнай, па галоснасці, самакіраванні, правапарадку і міжнародных сувязях Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Георгій АТАМАНАЎ.


Перадумовай для стварэння Саветаў стала рэвалюцыя 1905—1907 гадоў. «Маніфест аб удасканаленні дзяржаўнага парадку» з'явіўся ўступкай царскай улады народу, аднак паўнамоцтвы рабочых, салдацкіх, матроскіх і сялянскіх дэпутатаў былі строга абмежаваныя. Значна шырэйшымі яны сталі пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года.

Што датычыцца Мінска, то статус цэнтра Заходняй вобласці накладваў на яго сур'ёзны адбітак. Пра перамогу Лютаўскай рэвалюцыі ў Петраградзе і звяржэнне самадзяржаўя цяперашняй сталіцы Беларусі стала вядома 14 сакавіка 1917 года. А ўжо 17 сакавіка на сходзе, скліканым па ініцыятыве служачых мінскіх арганізацый Усерасійскага земскага саюза, быў абраны Часовы выканаўчы камітэт з 9 чалавек, што і паклала пачатак утварэнню Мінскага Савета. Ён размясціўся ў будынку гарадской управы і думы на рагу вуліц Юр'еўскай у доме №2 і Губернатарскай (цяпер вуліца Леніна). Дарэчы, вядомая з XVI стагоддзя Юр'еўская пасля знікла з-за налётаў фашысцкай авіяцыі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

У ліку першых мерапрыемстваў камітэта было раззбраенне паліцыі, а 18 сакавіка пазбавіліся сваіх пасад мінскі губернатар Друцкі-Смалінскі і яго намеснік. Часовы выканкам выпусціў першы нумар сваёй газеты «Известия Совета рабочих депутатов», у якой звярнуўся з заклікам да працоўных Мінска выбіраць сваіх дэпутатаў у Савет.

У першыя месяцы пасля Лютаўскай рэвалюцыі Мінскі Савет не прэтэндаваў на ўладныя паўнамоцтвы і выступаў у якасці грамадска-палітычнай структуры, закліканай арганізаваць рабочых і салдат на падтрымку новага дэмакратычнага ладу і супрацьстаяць магчымым вылазкам прыхільнікаў звергнутай манархіі.

На дзейнасць Савета вялікі ўплыў аказвала група дэлегатаў-бальшавікоў, таму быў уведзены 8-гадзінны працоўны дзень на прадпрыемствах і ў майстэрнях Мінска, прынята рэзалюцыя аб нацыяналізацыі асноўных галін прамысловасці, неадкладнай перадачы памешчыцкіх зямель сялянам і інш. Пасля перавыбараў у верасні 1917-га бальшавікі атрымалі ў Савеце большасць. Пад іх кіраўніцтвам Мінскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў стаў адным з органаў падрыхтоўкі ўзброенага паўстання. 7 лістапада ўжо да 14 гадзін выканкам Мінскага Савета надрукаваў і распаўсюдзіў сярод жыхароў горада загад № 1, які паведамляў, што ўлада ў Мінску перайшла ў рукі Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. У той жа дзень для абароны рэвалюцыі з былых палітвязняў (салдат і унтэр-афіцэраў) мінскай турмы і гаўптвахты быў сфарміраваны Першы рэвалюцыйны імя Мінскага Савета полк. Ён заняў галоўныя аб'екты горада: пошту, тэлеграф, чыгуначную станцыю, ваенныя склады, што спрыяла ўсталяванню савецкай улады ў Мінску і ва ўсёй Беларусі.

Дарэчы, напярэдадні рэвалюцыі, у кастрычніку 1917 года Мінскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў перамясціўся на вуліцу Петраградскую (цяпер Ленінградская) у дом №6. Тут жа размяшчаліся Паўночна-Заходні абласны камітэт РСДРП(б) і рэдакцыя газеты «Звязда». Цяпер у гэтым будынку знаходзіцца адзін з навучальных карпусоў медуніверсітэта.

Дэпутатамі Мінскага гарадскога Савета былі як простыя працоўныя, так і выдатныя дзеячы навукі, культуры і мастацтва. (Сярод іх у розныя гады — Міхась Лынькоў, Пятрусь Броўка, Яўген Цікоцкі, Рыгор Шырма, Барыс Сачанка, Віктар Тарасаў і многія іншыя.) У пасляваенны перыяд дэпутатамі гарсавета часта абіраліся франтавікі і заслужаныя перадавікі вытворчасці. Напрыклад, пасля выбараў у 1950 годзе ў ліку дэпутатаў было 11 Герояў Савецкага Саюза і Герояў Сацыялістычнай Працы, 5 лаўрэатаў Сталінскай прэміі, у скліканні 1955 года — 26 чалавек мелі вучоную ступень і 15 — ганаровыя званні.

У 20—40 гады мінулага стагоддзя ў кампетэнцыі Савета знаходзіўся абсяг эканамічных пытанняў: жыллёвыя, харчовыя, будаўнічыя, камунальнай гаспадаркі і шэраг іншых. 16 лютага 1927 г. старшыня С. В. Яцкевіч у сваім дакладзе гаварыў аб выкананні «наказаў па пашырэнні і патанненні жыллёвага будаўніцтва; вырашэнні асноўных задач па добраўпарадкаванні горада (святло, вада, каналізацыя); барацьбе з беспрацоўем; паляпшэнні культурна-сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва; правядзенні нацыянальнай палітыкі; развіцці і ўмацаванні гарадскіх прадпрыемстваў; правядзенні рэжыму эканоміі і зніжэнні рознічных цэн...» Гэтыя тэмы не страцілі сваёй актуальнасці і праз 90 гадоў.

У пасляваенны перыяд на першае месца выйшлі пытанні аднаўлення народнай гаспадаркі сталіцы, выканання пяцігадовых планаў развіцця Мінска па ўсіх галінах: прамысловасці, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, народнай адукацыі і культурнага абслугоўвання насельніцтва горада, аховы здароўя, гандлю і грамадскага харчавання. Заслухоўваліся справаздачы аб рабоце пастаянных камісій гарсавета.

У 1960—1980 гады на парадку дня сесій гарсавета стаялі ўсе пытанні паўсядзённага жыцця сталіцы: да ўжо вядомых дадаліся развіццё і ўмацаванне сацыялістычнай законнасці і правапарадку, будаўніцтва паліўна-энергетычнага комплексу, выпуск тавараў народнага спажывання, падрыхтоўка да Алімпійскіх гульняў і г. д.

Складаным перыядам для дэпутацкага корпуса сталіцы былі 1990-я і пачатак 2000-х гадоў. Час здабыцця рэспублікай незалежнасці быў нялёгкім як у грамадска-палітычным, так і ў сацыяльна-эканамічным развіцці сталіцы. Ад гарадскога Савета дэпутатаў патрабаваліся сур'ёзная ўзважанасць і дакладна вывераныя рашэнні па ўсіх кірунках паўсядзённага жыцця амаль двухмільённага мегаполіса, выкананне наказаў выбаршчыкаў.

Сёння Мінскі гарадскі Савет складаецца з 57 абраных грамадзянамі дэпутатаў. Сваю работу ён ажыццяўляе праз 9 пастаянных камісій, пасяджэнні прэзідыума і сесіі, шляхам рэалізацыі дэпутатамі сваіх паўнамоцтваў у выбарчых акругах, удзелу ў рабоце камісій, якія ствараюцца гарвыканкамам або адміністрацыямі раёнаў, і ў семінарах па пытаннях гарадской жыццядзейнасці.

Віншаванні

У гонар стагоддзя Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў прайшоў урачысты сход, падчас якога намеснік старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Марыяна ШЧОТКІНА адзначыла, што ў дасягненнях сталіцы вялікая роля дэпутатаў Мінгарсавета.

— Мінск — асаблівы горад, сэрца краіны, і да дэпутатаў тут прад'яўляюцца павышаныя патрабаванні. Ад іх прафесіяналізму залежыць, у якім кірунку будзе развівацца сталіца. Важна, што дакументы, якія прымаюцца, у прыватнасці, бюджэт, інвестыцыйная праграма, носяць сацыяльную скіраванасць, — адзначыла Марыяна Шчоткіна.

Зразумела, не застаўся ў баку ад значнай падзеі і старшыня Мінгарвыканкама Андрэй ШОРАЦ. Ён заўважыў, што юбілейны для Мінскага гарадскога Савета год супадае з 950-годдзем сталіцы. Мэр падкрэсліў, што ў тым, чым ганарыцца сталіца, ёсць вялікая заслуга дэпутатаў — і цяперашніх, і тых, якія стаялі ля вытокаў стварэння Савета.

Па словах старшыні Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Васіля ПАНАСЮКА, трывалы падмурак кіравання горадам, створаны папярэднімі пакаленнямі, накладае велізарную адказнасць на сённяшні дэпутацкі корпус, які закліканы захаваць дасягнутае і прыўнесці новае. Праца Мінгарсавета складаецца не толькі з рашэння агульнагарадскіх задач, але і з рэалізацыі індывідуальных дэпутацкіх праграм, выканання наказаў выбаршчыкаў, удзелу ва ўсіх падзеях гарадскога жыцця.

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Ад супрацьстаяння да абмеркавання

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».