Вы тут

Навум Гальпяровіч. Яго шчодры сад


Я не ведаю, як бы мы сёння адзначалі шасцідзесяцігоддзе Алеся Пісьмянкова. Час настолькі імклівы і зменлівы, што прагназаваць або ўяўляць, як
бы што было цяпер, вельмі цяжка.
Адно магу сабе ўявіць, з пэўнай доляй верагоднасці, што, як звычайна было, у гэты дзень ён бы не пайшоў на працу, апрануў белую кашулю і стаў бы чакаць гасцей, самых блізкіх і жаданых.
Ён так і не дазнаецца, што ўслед за ім пайшлі ў вечны вырай Валодзя Марук і Наталля Чуева, што шмат чаго, што ён ведаў і любіў, стане іншым, што кніг стане выходзіць больш, а чытачоў стане менш…
Ды і шмат іншых змен прайшло за тыя дзесяць год, калі яго не стала. Сябры падрыхтуюць пасмяротныя кнігі ўспамінаў пра яго і ягоныя творы, і ўсё радзей будуць прыходзіць на Кальварыйскія могілкі, дзе ён навечна спачыў…
А ягоныя радкі па-ранейшаму будуць з’яўляцца да людзей як глыток гаючага паветра, як чыстая незамутнёная крыніца праўды і прыгажосці.
Мне, як яго блізкаму сябру і штодзённаму суразмоўцу, доўгі час было няпроста гаварыць пра яго вершы, бо яны былі для мяне працягам яго поста ці, светлай і шчырай, і я не мог проста здалёк, проста, як чытач, глядзець і ўслухвацца ў ягоную мелодыю слоў, бачыць усю архітэктоніку, выбудаванай ім паэтычнай вежы.
Але сёння, мне здаецца, я ўжо магу і павінен расказаць сабе і іншым, якога паэта мы маем, які каштоўны алмаз беларускага прыгожага пісьменства быў узгадаваны на берагах славутай Бесядзі, роднай рэчкі Алеся.
Я б толькі не хацеў, каб да гэтай магутнай і чыстай плыні дакраналіся сваімі нехлямяжымі, нахабнымі і няўмелымі дотыкамі новаспечаныя «знаўцы», якія любяць прэпарыраваць сапраўдную паэзію, разважаючы пра рыфмы, рытмы, тэматыку, актуальнасць і іншыя глыбакадумныя тэорыі, не пакідаючы паэту вольнага ветру радаснага адкрыцця і эмацыйнага роздуму.
Для паэзіі Пісьмянкова менш за ўсё адносіцца канструяванне і штучнасць. Ён не пісаў вершы, ён іх літаральна выходжваў у глыбокім роздуме гадзінамі і днямі. Таму, відаць, амаль кожны свой верш ён ведаў на памяць.
Я не раз быў сведкам, як ён днямі насіў у сабе радкі, не занатоўваючы іх на паперу. І толькі калі ўсе народжаныя ў душы словы складваліся, як пазлы, у адну мазаіку, ён заносіў верш, які атрымаўся, у тонкі вучнёўскі сшытак.
Не ведаю, колькі кіламетраў ён выхадзіў, каб нарадзіўся адзін з маіх улюбёных вершаў «Царква»:

Яна стаяла без званоў.

Казалі, звон зняў Іваноў.

Я добра помню Іванова.

Згасаў, як свечка, ён і сох. Я чуў:

«Яго карае Бог...»

Шкада было мне Іванова…

 

Гэты пачатак з самых першых сказаў заінтрыгоўваў не толькі сутнасцю сказанага. Колькі ў ім ёсць унутранай сілы, нейкай эпічнасці і разам з высо кім паэтычным стылем простага пачуцця. Гэта як у Бродскага ці Кузняцова,  дзе высокае побач з чыста бытавым стылем стварае ўнікальнае паэтычнае дзейства:

Наш ганаровы піянер
Не проста быў пенсіянер: Лічы, герой — былы камбед... Дагэтуль помніць сельсавет:
«Царква — вось корань нашых бед!
Багоў мы пусцім
на распыл...» I звон ляцеў на шэры пыл —
Жах у вачах здзіўлёных стыў…

І вось тужлівы заключны акорд, як ціхі плач скрыпкі ці лютні:

Яе прыгадваю я зноў:

Яна маўчала без званоў.

Там быў прытулак кажаноў.

Памёр даўно ўжо Іваноў.

Даўно ў магіле святары,

I толькі часам дзяк стары

Пасе на цвінтары казу

Ды ўспамінае праз слязу:

«Вячэрні звон, вячэрні звон,

Як многа дум наводзіць ён».

Я не раз гаварыў Алесю, што гэта адзін з лепшых твораў усёй беларускай паэзіі, што я абавязкова пра гэта напішу. А вось здолеў толькі цяпер.
Верш пра зімовы сад ужо асэнсаваны крытыкамі, а Алесь Разанаў з уласцівай яму філасафічнасцю і глыбокай паэтычнасцю асвятліў яго сваім разуменнем  і досціпам. Я ж проста хачу, каб чытач акунуўся ў гэтую цудоўную шчымлівую мелодыю высокай паэзіі:

Мой сад у снезе па калена

Азяб у золь і снегапад...

Табе не холадна, Алена?

Табе не холадна, Алена?

Табе не хочацца назад?

Мой сад зусім не салаўіны —

У ім ахрыплыя вятры.

У ім рабіна ды каліна,

У ім рабіна ды каліна —

Вось і усе яго дары…

Хочацца дачытаць да канца? Так, і паўтараць услед за паэтам:

Мой сад пусцее без дагляду.

Яго сячэ калючы град.

Ён замаркоціўся без свята...

Ён замаркоціўся без свята...

Табе не хочацца назад?

Верш гэты пра кожнага з нас, пра нашых блізкіх і родных, пра наша штодзённае жыццё... Нават калі б акрамя гэтага верша ў Алеся нічога б іншага не было, яго можна назваць адным з самых выдатных лірыкаў у нашай літаратуры.
Гэта я да таго, што спадчына А. Пісьмянкова не вельмі колькасна багатая, але па каштоўнасці «тамоў шматлікіх даражэй»…
 
Самыя простыя звычайныя жыццёвыя рэаліі станавіліся ў вуснах паэта ўзнёслымі, глыбока кранальнымі:

І ўсё-такі цуда бывае!

Захочаш — і я пакажу,

Як сонечны промень іграе

На струнах гарэзных дажджу

І роспач сплывае, як пена...

Захочаш — і я дакажу,

Што дождж на узроўні Шапэна.

Ты толькі даверся дажджу.

Я знаю — мяне падтрымаюць

У горадзе веснім усе.

І нават вадзіцель трамвая,

Што нас без білета вязе.

Але  ружовая  наіўнасць  змяняецца  глыбокім  пачуццём  сталага   чалавека:
«Гусцее змрок, чуйнее ціш, цішэе крок, цяжэе крыж»…
Унікальная здольнасць вельмі коратка і ёмка выказаць думку і пачуццё ў Алеся праявілася і ў вершах для дзяцей. Я не раз бачыў, як юныя слухачы разам  з паэтам развучвалі ягонае: «Без марожанага гіну, а з марожаным — ангіна»,  або: «Весяліцца не магу,  калі друг на ланцугу, бо ніколі друга друг не навяжа   на ланцуг».
Ён не раз паўтараў мне крылатыя словы, што для дзяцей трэба пісаць гэтак жа, як для дарослых, толькі яшчэ лепш. Гэта так, але я на сваім сціплым вопыце адчуў, што каб добра пісаць для маленькіх, трэба мець такую ж адкрытую і шчырую душу, не страціць дзіцячае ўспрыманне свету:

Самішча вусаты,

Шчучына насаты

Ды іх памагаты

Акунь паласаты

Бабровую хату вартуюць.

Начамі вартуюць.

Ні з кім не сябруюць,

Ні з кім не жартуюць.

Лютуюць.

Памятаю, як у захапленні ад гэтага верша я рагатаў, уяўляючы гэтых лютых вартавых бабровай хаты. Цяпер я з задавальненнем чытаю гэты верш унуку, бачачы, як у яго разгараюцца вочы, хаця ён яшчэ і не бачыў ужывую ні шчупакоў ці самоў, ні бабровай хаты…
Звычайна ўсмешлівы і гаваркі Алесь у апошнія перад сыходам гады быў усё часцей задуменны і нават маркотны. Не дзіва: за бацькам пайшла з жыцця мама, затым бабуля, родная хата ў Бялынкавічах засталася сіратой. Пасля свайго апошняга наведвання родных мясцін Алесь сказаў, што не мог спаць у чужой хаце, што мучае ціск. Ён неўпрыкмет пастарэў і стаў нават не зусім падобны на ранейшага прыгажуна і балагура.
Таму так пранізліва загучалі ягоныя радкі:

Што ты лёс галёкаеш?

Не прасі падаць.

Пенсія далёкая.

Смерці не відаць.

Не ўздыхнеш з палёгкаю —

Хісткія масткі:

Позна нам у лёкаі,

Рана ў жабракі.

А смерць між тым цікавала за ім, каб нанесці нечаканы і сакрушальны ўдар. Неяк тыдні за два да трагічнага дня ён мне доўга па тэлефоне гаварыў пра тое, што не баіцца яе, што гатовы, а я нават накрычаў на яго за гэтыя словы, палічыўшы іх нейкай рызыкоўнай гульнёй, блазнаваннем. Але з гэтай старой жартаваць ці гуляцца, відаць, вельмі небяспечна.
Сэрца паэта не вытрымала той нагрузкі, якая лягла на яго лёс, дзе асабістае сышлося з пакутлівым роздумам пра лёс Радзімы і роднага слова, пра сваё прызначэнне ў свеце.
Пра той сад, пра які ён пісаў у сваім славутым вершы, які я цытаваў напачатку.
Знамянальна, што да вобраза саду ён вярнуўся зноў у адным з апошніх вершаў «Шкадаванне»:

Я кнігу ўсё-ткі напісаў,

Сыноў двух ясных нарадзіў,

Але, народжаны ў лясах,

Дасюль свой лес не пасадзіў.

Ды што там лес, ну хоць бы сад!

Як бацька некалі,

Як брат…

І толькі часам па вясне,

Калі туманіцца пагляд,

Тады і мне ў ружовым сне

Шуміць мой лес.

Цвіце мой сад.

Цвіце яго сад сапраўднай паэзіі, напаўняе сваім буяннем, светлым, чыстым і шчымлівым водарам прастору.
І ярка гарыць яго зорка на небасхіле нашай паэзіі, вабіць сваім шчодрым і чароўным святлом, будзіць у душах людзей замілаванне і шчырыя пачуцці радасці і смутку, кахання і вернасці, любові і надзеі.
Як гэта і належыць сапраўдным творцам.

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Перадабортнае кансультаванне — гэта перш за ўсё клопат пра жанчыну

Перадабортнае кансультаванне — гэта перш за ўсё клопат пра жанчыну

У ліпені ў Мінску ў трох паліклініках — 10-й, 23-й і 37-й — былі адкрыты кабінеты «За жыццё», дзе праводзяць перадабортнае кансультаванне.

Грамадства

Наколькі складана ў нашай краіне стаць кандыдатам і доктарам навук?

Наколькі складана ў нашай краіне стаць кандыдатам і доктарам навук?

Ці лічыце вы мэтазгодным устанаўленне адзіных патрабаванняў да саіскальнікаў вучоных ступеняў па колькасці апублікаваных навуковых работ незалежна ад галіны навукі?

Культура

«Не выбірай жонку ў агародзе, а шукай у карагодзе»

«Не выбірай жонку ў агародзе, а шукай у карагодзе»

Фалькларыст і этнахарэограф Сяргей Выскварка ведае, што кажа. 

Грамадства

Ці ўсім быць вундэркіндамі?

Ці ўсім быць вундэркіндамі?

Сучасныя малыя ведаюць алфавіт, але не ўмеюць гуляць.