Вы тут

У Мінтрансе чакаюць прыходу лаўкостаў


У заканадаўства ў сферы транспарту плануецца ўнесці каля 250 змяненняў у бок спрашчэння, паведаміў міністр транспарту і камунікацый Анатоль СІВАК. Паводле яго слоў, такая мера павінна стымуляваць развіццё транспартнага прадпрымальніцтва ў краіне. Сярод змяненняў, якія будуць рэалізаваны, міністр назваў адмену планавых праверак пераважна ў аўтатранспартным бізнесе, дзе працуюць дробныя прыватныя кампаніі. Плануецца праводзіць такія працэдуры толькі па фактах здарэнняў, якія прывялі да праблем са здароўем або жыццём пасажыраў.


Анатоль Сівак таксама расказаў пра тарыфы на пасажырскія перавозкі ў бягучым годзе. Міністр адзначыў, што павышаць іх пакуль не плануецца. Эканамічнае абгрунтаванне гэтага рашэння — паказчык самаакупнасці пасажырскіх перавозак, які знаходзіцца на ўзроўні 64,2 працэнта. У бюджэт краіны закладзена лічба ў 65 працэнтаў самаакупнасці, дасягнуць яе можна без павышэння тарыфаў — пры дапамозе комплексу мерапрыемстваў па павышэнні эфектыўнасці, скіраваных на скарачэнне выдаткаў.

— Што датычыцца платных дарог, то рэзкіх рашэнняў па павелічэнні іх колькасці ў Беларусі не будзе, — сказаў міністр. — На сёння мы маем 1600 кіламетраў такіх магістраляў. Грошы, затрачаныя на абсталяванне, акупіліся яшчэ год таму. Цяпер гэтыя транспартныя артэрыі прыносяць чысты прыбытак у бюджэт дзяржавы. Калі казаць пра другую Мінскую кальцавую аўтадарогу, то планаў па пераўтварэнні яе ў платную ў нас няма. Мы будзем імкнуцца пры дапамозе знакаў пераводзіць туды транзітны транспарт, асабліва міжнародны, каб не загружаць МКАД. Пакуль што мы гэтага не рабілі, бо там былі пэўныя абмежаванні, у тым ліку па максімальнай хуткасці. Што датычыцца загрузкі гэтай дарогі, то летась у перыяды піку яна дасягала 4 тысяч аўтамабіляў за суткі. Па нарматывах пры загрузцы ў 10 тысяч машын магістраль трэба планаваць пад першую катэгорыю, гэта чатыры паласы. Увогуле, будаўніцтва сябе апраўдвае, акрамя таго, вакол сталіцы з'явіўся інвестыцыйны пояс, які дасць штуршок развіццю эканомікі.

Міністр таксама адказаў на пытанне пра магчымы прыход у Беларусь лаўкоставых авіяперавозчыкаў. На яго думку, з'яўленне бюджэтных кампаній у нашай краіне залежыць у першую чаргу ад іх саміх. Праблема на сёння заключаецца ў эканамічнай мэтазгоднасці такіх палётаў у Беларусь для саміх перавозчыкаў. Анатоль Сівак адзначыў, што авіякампанія «Белавія» ўжо мае ў сваім раскладзе рэйсы, якія па прынцыпах работы блізкія да лаўкостаў, як, напрыклад, маршрут Мінск — Жукоўскі. Ён таксама падкрэсліў, што калі ў каго-небудзь з бюджэтных перавозчыкаў з'явіцца жаданне адкрыць рэйс у Мінск, ніякіх перашкод для гэтага не будзе. Наадварот, Мінтранс збіраецца спрыяць такім ініцыятывам.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Перавозчыкам будзе прасцей

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».