Вы тут

Уладзіслаў Кулеш: Мы настроены перамагаць


Пра зборную, барацьбу «армейцаў» з БГК і свае перспектывы

Мужчынская нацыянальная зборная па гандболе правяла першы пасля чэмпіянату свету збор і на выхадных згуляла два таварыскія паядынкі з камандай Швейцарыі. У першым матчы мацнейшымі былі швейцарцы, а вось у другім нашым гульцам удалося вырваць нічыю на апошніх секундах сустрэчы. Зараз асноўная задача дружыны Юрыя Шаўцова — добра падрыхтавацца да адборачных матчаў чэмпіянату Еўропы — 2018. Нагадаем, там нашай зборнай яшчэ трэба будзе згуляць два матчы з палякамі і па адным з сербамі і румынамі.


Акрамя таго, блізка кульмінацыя чэмпіянату краіны, дзе галоўнымі прэтэндэнтамі на званне чэмпіёнаў, ужо па традыцыі, з'яўляюцца брэсцкі БГК імя Мяшкова і мінскі СКА. Падчас збораў галоўнай каманды краіны і напярэдадні першай сустрэчы лідараў чэмпіянату мы пагутарылі з гульцом нацыянальнай зборнай і левым паўсярэднім «армейцаў» Уладзіславам Кулешам.

— Улад, вось ужо каторы раз Юрый Шаўцоў выклікае на збор нацкаманды адну моладзь, ці ёсць сэнс весці падрыхтоўку без касцяка зборнай?

— Думаю, ёсць, бо ў нас поўным ходам ідзе амаладжэнне. У трэніровачны лагер і на таварыскія гульні ў Швейцарыю адправіліся практычна ўсе «армейцы», але гэта і не дзіўна — сёння ў СКА сабрана ўся самая лепшая моладзь. Наша задача паказаць Юрыю Анатолевічу, чаго мы дамагліся за гэты час, каб у трэнера была нагода прыцягнуць кагосьці з гульцоў у зборную краіны на будучыя матчы. Мэта гэтага збору была адна — падрыхтавацца да адборачных гульняў Еўра-2018, на ім мы адшліфавалі ўсе старыя напрацоўкі.

— Восенню ў стартавым матчы адбору да Еўра беларусы прайгралі зборнай Румыніі і паставілі сябе ў складаную сітуацыю...

— Румыны тады эмацыянальна былі мацнейшыя, а мы дзесьці недаацанілі саперніка, плюс не ўсё атрымлівалася ва ўласнай гульні. Але з сербамі выправілі памылкі, рэабілітаваліся і самі перад сабой, і перад нашымі балельшчыкамі.

Зараз, у маі — два паядынкі з палякамі, у іх, можна сказаць, новая каманда, вельмі шмат маладых хлопцаў, прыкладна нашага ўзросту. Але ў зборнай добры патэнцыял, і на чэмпіянаце свету яны гэта паказалі, прайграўшы чэмпіёнам — зборнай Францыі — усяго адзін мяч. Вядома, магчыма, што ў зборную Польшчы вернуцца некалькі былых гульцоў, тады змагацца з імі нам будзе цяжэй. Тым больш што на старце адборачнага турніру палякі ўжо страцілі 4 ачкі і ў матчах з намі паспрабуюць іх вярнуць, адступаць ужо няма куды, зборнай Польшчы трэба выйграваць усе матчы, каб выходзіць на Еўра. Але і мы настроены перамагаць і павінны гэта зрабіць.

— За плячыма ў цябе ўжо чэмпіянат Еўропы і свету, адчуваеш сябе ў зборнай краіны ўпэўнена?

— Яшчэ не зусім. Хлопцы падтрымліваюць, але пакуль не магу трапіць у патрэбную каляіну, неабходна над гэтым працаваць. Ужо, вядома, няма такога хвалявання, як было раней, але і ўпэўненасць у поўнай меры яшчэ не прыйшла.

— Чэмпіянат краіны выходзіць на фінішную прамую і ўжо заўтра СКА сустрэнецца з БГК.

— У першую чаргу хочацца навязаць брастаўчанам добрую барацьбу, паказаць, што мы таксама не «хлопчыкі для біцця». У нас нармальная, добрая каманда, будзем настройвацца і спрабаваць перамагчы. Безумоўна, у нашых сустрэчах з БГК фаварытамі будуць «мяшкоўцы», бо яны гуляюць у Лізе чэмпіёнаў і выступаюць там дастаткова добра, але ў нас таксама ёсць шанц на поспех.

— Яшчэ СКА выйшаў у «фінал чатырох» Балтыйскай лігі. Якія задачы перад вамі стаяць у гэтым турніры?

— Быць першымі, іншае месца нас не задаволіць. Шанцаў там, вядома, больш, чым у чэмпіянаце краіны. У паўфінале будзем гуляць з фінскім «Рыіхімякі Кокс», якому прайгралі ў мінулым годзе ў фінале (у дадатковы час) Балтыйскай лігі.

На жаль, не змаглі прыняць «фінал чатырох» ва Уруччы, у палацы ў гэты час будуць праходзіць нейкія спаборніцтвы.

Так, вядома ж, хацелася згуляць дома, тут родныя сцены, свае балельшчыкі — гэта іншая атмасфера, ды і далёкая дарога адымае шмат сіл.

— Андрэй Крайноў у нядаўнім інтэрв'ю казаў пра тое, што СКА зноў будзе спрабаваць трапіць у СЕХА-лігу.

— Нам патрэбны гэты турнір, «варыцца» ў чэмпіянаце краіны, шчыра кажучы, дастаткова слабым, надакучыла. СЕХА-ліга — усё ж іншы ўзровень, гэта быў бы плюс і для зборнай, і для маладых гульцоў. А вось казаць пра прычыны, чаму туды не бяруць СКА, не ў маёй кампетэнцыі.

— Пераход Арцёма Каралька і Вячаслава Салдаценкі моцна паслабіў каманду?

— Вядома, хлопцы былі лідарамі, і яны зараз нам бы вельмі спатрэбіліся. Але прайшоў час, і мы ўжо прывыклі разлічваць на сябе, на той склад, які ёсць сёння.

— На твой погляд, хто з іх у лепшай сітуацыі: Каралёк у чэмпіянаце Францыі, дзе яго клуб сярод лідараў, або Салдаценка ў Бундэслізе, але яго каманда на грані вылету.

— Я думаю, у іх прыкладна роўнае становішча. У Бундэслізе аўтсайдар можа абыграць лідара, у Францыі ўсё больш-менш спакойна і прадказальна. Самае галоўнае, што і Арцём, і Слава не сядзяць на лаўках, а маюць добры гульнявы час, яны малайцы.

— Кіраўнікі СКА не хаваюць, што ёсць попыт і на іншых маладых гульцоў, і тут на розум перш за ўсё прыходзіць тваё прозвішча...

— Так, былі прапановы і мне, разглядалі іх, але пакуль безвынікова. У мяне кантракт са СКА да 2018 года. Можа быць, я яшчэ патрэбен камандзе на наступны год (смяецца). Вядома, хацелася б паспрабаваць сябе ў больш моцнай лізе, каб працягваць расці ў прафесійным плане. Бо цяпер мы гуляем мала добрых матчаў, а ў Францыі і Германіі кожны тыдзень па дзве наймацнейшыя гульні, з напалам, дзе ўсё вырашаецца на апошніх 5 хвілінах.

— На ваша пакаленне ўскладаюць сур'ёзныя надзеі, у тым ліку траплянне на Алімпійскія гульні.

— Не ведаю, ці ўдасца нам туды прабіцца, але федэрацыяй, кіраўнікамі нашага клуба, трэнерамі ўсё робіцца для таго, каб мы змаглі згуляць на Алімпіядзе. Вадзім Леанідавіч Сашурын, Юрый Анатолевіч Шаўцоў пастаянна праводзяць зборы, семінары спецыяльна для работы з моладдзю, таму засталося толькі нам самім старанна працаваць.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.