Вы тут

Ніякай руціны


Праект «Джазавыя вечары ў філармоніі» ў супрацоўніцтве з Польскім інстытутам у Мінску працягвае радаваць публіку. У Белдзяржфілармоніі 26 сакавіка выступіць вакалістка Ага Зарыян, творчасць якой заснавана на традыцыях спявачак Эбі Лінкальн, Ніны Сімон, Кармэн Макрэй і Джоні Мітчэл. Ага Зарыян звяртае сучасных слухачоў да лепшага ў гісторыі джаза. Яна першая польская выканаўца, якая трапіла на легендарны лэйбл Blue Note Records.

— Ага Зарыян — гэта ваш псеўданім. Якое ў яго значэнне?

— Мой псеўданім — гэта рэверанс у бок майго дзядулі Яна Зараньскага. Пачатак прозвішча і імя дзядулі складаюць мой сцэнічны псеўданім на працягу 12 год. Мой дзед быў важнай постаццю ў жыцці нашай сям’і. Ён ваяваў, быў юрыстам, журналістам, у сталінскія часы некалькі год правёў у турме. Ён быў патрыётам, для якога важны лёс краіны. Я па-ранейшаму многаму вучуся ад дзядулі, хаця яго няма з намі ўжо больш за трыццаць год.

— Хто аўтар музыкі і слоў кампазіцый, якія вы выконваеце?

— Частку тэкстаў і мелодый я прыдумваю сама. Калі не хапае натхнення, выбіраю паэзію, блізкую сэрцу. Шмат песень ствараецца ў супрацоўніцтве з Міхалам Токаем. Але ёсць творы, якія напісаны для мяне іншымі джазавымі музыкантамі: Дэвідам Дорушкам, Лары Кунсам, Дарэкам Аляшкевічам.

— У вас ёсць кампазіцыі як на польскай, так і на англійскай мове. Чым абумоўлены выбар мовы для той ці іншай песні?

— На польскай мове я запісала два альбомы. «Памірае прыгажосць» — даніна памяці варшаўскім паўстанцам, і «Кніга адкрыццяў» — на вершы Чэслава Мілаша і яго любімых паэтэс. Гэты альбом мае таксама і англамоўнае выданне. Такім чынам нашу польскую паэзію слухаюць і за межамі Польшчы. Астатнія альбомы, якія складаюць большую частку дыскаграфіі, — гэта аўтарскія песні і амерыканскія стандарты. Англійская — мова джаза, адсюль і выбар менавіта гэтай мовы.

— У Мінску вы выступіце разам з калектывам European Jazz Trio. Як доўга супрацоўнічаеце?

— Я выканаю творы з маіх васьмі альбомаў. Са мной выступяць выключныя і надзвычай таленавітыя музыканты. З піяністам Міхалам Токаем і барабаншчыкам Лукашам Жытам мы супрацоўнічаем з майго дэбютнага альбома My Lullaby (2002). У нас падобнае артыстычнае ўспрыманне, і адсюль доўгае і плённае супрацоўніцтва. Міхал часта піша для мяне, ён аўтар музыкі ла альбома «Памірае прыгажосць». Басіст Міхал Бараньскі — самы малады з нас. У такім складзе мы сыгралі мноства канцэртаў практычна па ўсім свеце.

— Вы супрацоўнічаеце з мноствам музыкантаў з усяго свету. Што для вас самае важнае пры сумеснай працы?

— Пры выбары музыкантаў важны чалавек як артыст. Я павінна адчуваць падобнае ўспрыманне, то бок прымаць і перадаваць на адной хвалі. Без гэтага ніякай хіміі ў музыцы не бывае. Кожны з музыкантаў, якіх я запрашаю для запісу альбома, мае свой важны голас. Ага Зарыян — гэта не толькі мой спеў, гэта таксама аўра і ігра іншых музыкантаў.

— Якая для вас самая лепшая камбінацыя інструментаў, каб выконваць джаз?

— Іх бясконцая колькасць! Я вельмі люблю спяваць у дуэце з кантрабасам ці раялем, але класічнае трыа мае свае бездакорныя перавагі. Біг-бэнд, які добра грае, — гэта цудоўнае музычнае суправаджэнне, а ўпрыгожанне джаза струннай аранжыроўкай — асалода для майго сэрца.

— Вашы альбомы неаднаразова атрымлівалі статусы «залатых» і «плацінавых». Што дазваляе вам заваёўваць такое прызнанне ў крытыкаў і публікі?

— Мне здаецца, што ў часы вялікай колькасці музыкі і панавання прымітыўных тэкстаў людзі шукаюць альтэрнатыву і проста прыгажосць у музыцы. Для мяне слова, мелодыя — гэта аснова фарміравання рэпертуару. Музыканты, з якімі я маю гонар выступаць, заўсёды ўкладваюць у выкананне шмат добрай энергіі. Мяркую, што людзі гэта адчуваюць і таму хо-чуць нас слухаць. Для мяне музыка мае тэрапеўтычныя ўласцівасці: гэта ратаванне ад манатоннасці і шэрасці паўсядзённага жыцця. Магчыма, такім чынам успрымаюць джаз нашы слухачы. Гэты факт акрыляе і матывуе да далейшай працы. Што тычыцца крытыкаў, то мяне радуюць добрыя водгукі, таму што яны фарміруюць меркаванне пра артыста. Але я не ствараю музыку для рэцэнзіі. Важныя шчырасць і адсутнасць разліку ў творчасці.

— Чаму менавіта джаз стаў асновай вашай творчасці?

— Таму што джаз — гэта музыка незалежнасці. Ён універсальны, не мае межаў. Няважна, дзе я спяваю: у Японіі, Турцыі, Нарвегіі ці Ісландыі, заўсёды знаходжу там «сваіх». Джазавая музыка — дзіўная, кожны вечар гучыць па-рознаму, у ёй няма месца для руціны. Гэта імправізацыйная музыка, якая дае нам свабоду выяўлення. У мяне яшчэ многае наперадзе, таму што джаз патрабуе развіцця. А мне падабаюцца новыя выклікі!

Юлія КАРДАШ

Загаловак у газеце: Ніякай руціны

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».