Вы тут

Падрыхтавана да выдання кніга класіка кітайскай паэзіі Мэн Хаажаня


Вельмі часта, адкрываючы тую ці іншую краіну, упершыню сустракаючыся з прадстаўнікамі незнаёмай табе дагэтуль нацыі, народнасці, задумваешся аб тым, што твая ўласная сістэма каардыянат у выхаванні, стаўленні да тых ці іншых з’яў наўрад ці з’яўляецца сапраўдным інструментам спасціжэння, адкрыцця новага, нязведанага. І за гады такога судакранання пачынаеш разумець, што патрэбна не проста спатольванне інфармацыйнага голаду, а нешта іншае, болей істотнае, болей сутнаснае.


Такой спажываю, такой крынічнай вадою, што прыносіць і яснасць і дазваляе зрабіць многія адкрыцці, уяўляецца мастацкая літаратура. Вядомы заснавальнік сучаснага расійскага кітаязнаўства, педагог, вучоны і перакладчык В. Аляксееў нешта падобнае гаварыў пра мову: “… вывучай мову, каб вывучыць культуру, бо яна зразумелая толькі таму, хто валодае мовай; вывучай культуру, каб вывучыць мову, бо яна з’яўляецца яе адлюстраваннем”. Ад мовы – да культуры, ад культуры – да глыбінь мовы… І так яно адбываецца і з мастацкім словам. Яно – люстэрка, самая важкая пазнавальная прастора, тая галоўная ісціна, якая вядзе да новай краіны, новага народа, яго культуры, яго мовы.

Праз мастацкую літаратуру і, пэўна, найперш – праз класічную кітайскую паэзію можна адкрываць Кітай і кітайцаў, кітайскі свет.

На ветразях маіх – абрыс усходу,

Краіна рэк ды чорных гор трымціць.

І лодка зноў, адчуўшы ветру подых,

Усё хутчэй да берага ляціць.

 

Спытай мяне, куды плыву сягоння –

Сядзець на камні ля гары Цяньгай,

Глядзець адтуль на захад і лагодны,

Бы схіл Чычэн, ружовы небакрай, –

выкладае свой светапогляд, узіраючыся ў далячынь, паэт кітайскага сярэдневечча Мэн Хаажань (689 – 740). Яго кніга выбраных вершаў – “Мудрасць гор маўклівых” – восьмы па ліку зборнік у серыі “Светлыя знакі: паэты Кітая”, над якой апякуецца Выдавецкі дом “Звязда”. Раней да беларускага чытача прыйшлі кнігі паэзіі Лі Бо, Ду Фу, Ай Ціна, Ван Вэя, Ван Гочжэня, Лі Цінчжаа, Лі Хэ. Мэн Хаажань – сучаснік і сябра Лі Бо. Так склалася, што Лі Бо вядомы ўсяму свету. Яго кнігі выдаюцца на самых розных мовах, з’яўляюцца ўсё новыя і новыя пераклады яго неўміручай паэзіі. І ў нас у Беларусі Лі Бо перакладалі на мову Купалы і Коласа народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Мікола Мятліцкі, філосаф Ігар Бабкоў, таленавіты малады літаратар Рагнед Малахоўскі.

Што ўжо казаць пра Расію і Украіну!.. А вось Мэн Хаажань, на вялікі жаль, пры ўсім, здаецца, разуменні яго вядомасці і значнасці застаецца як быццам па-за ўвагай. Хаця ў гісторыі кітайскай паэзіі яго імя знаходзіцца ў адным шэрагу не толькі з Лі Бо, але – і з Ван Вэем, Ду Фу, Бо Цзюйнам…

Канфуцыя нам болей не пачуць,

Ён гэтак жа лунаў за небакраем.

Як і раней, па небу дні лічу –

Зварота зоркі часу я чакаю.

 

Няхай жа хвалі човен мой хістаюць,

Закіну вуду – думаю, дарма.

І побач на плыце людзей пытаю,

Дзе той жыве, каго ўжо больш няма.

Мэн Хаажань – паэт-філосаф. Паглядваючы на неба ў зорках, на раку ў тумане, ён шукаў адказ на вечныя пытанні чалавечага быцця, чалавечага суіснавання, стараўся падбіраць такія пераканаўчыя словы, якія б вывелі чалавека, народ на галоўныя шляхі жыцця, дапамаглі б грамадству жыць у суладнасці з законамі чалавечай маралі. Валерыя Радунь, Алесь Бадак, Дар’я Нечыпарук, Юлія Алейчанка – перакладчыкі вершаў кітайскага паэта для кнігі “Мудрасць гор маўклівых”, якая толькі што здадзена ў друкарню, – пастараліся знайсці і адпаведныя памкненням кітайскага мастака словы і вобразы. Дар’я Нечыпарук перакладала з арыгінала, а астатнія перакладчыкі – з падрыхтаваных ёй падрадкоўнікаў. Следам за беларускімі кнігамі Лі Хэ, Ван Гочжэня зборнік Мэн Хаажаня сведчыць пра новую прастору ў развіцці беларуска-кітайскіх літаратурных стасункаў. Кітайская паэзія чытаецца з арыгінала!.. Гэта ўражвае яшчэ і таму, што праява такая здзяйсняецца, здавалася б, у той час, калі зусім не да паэзіі, калі ўжо цяжка некага здзівіць адкрыццямі прыгожага, здзівіць новымі фарбамі, краскамі ва ўшанаванні вечных ісцін.

І ўсё ж вернемся да згадкі пра перакананне: паэзія дапаможа адкрыць іншы свет, пазнаёміцца з іншымі народамі. Яна, паэзія, -- геаграфія душы, блакіт шляхоў у высі будучыні, вечнасці. Кітайская паэзія – асабліва. Мо яшчэ і таму, што яна надзіва пераканаўчая ў сваёй лаканічнасці, вельмі выразная ў ацэнках і бязмежная ў глыбінях асэнсаваннях часу і прасторы. Кітайская паэзія – веды, веды не толькі пра саміх кітайцаў і Кітай, але і пра ўвесь свет, у якім нам трэба жыць супольна, разам. Бо… Як жа тут не ўспомніць верш Максіма Багдановіча..:

Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы

У ціхую сінюю ноч

І сказаць:

“Бачыце гэтыя буйныя зоркі,

Ясныя зоркі Геркулеса?

Да іх ляціць наша сонца,

І нясецца за сонцам зямля.

Хто мы такія?

Толькі падарожныя, ‒ папутнікі сярод нябёс.

Нашто ж на зямлі

Сваркі і звадкі, боль і горыч,

Калі ўсе мы разам ляцім

Да зор?”

Стагоддзе ад нас аддзяляе час напісання гэтага твора. Трынаццаць стагоддзяў раздзяляюць нас з часам нараджэння вершаў Мэн Хаажаня… Значыць, нешта асаблівае схавана ў гэтых вершах, якія не згубіліся ў вандроўках праз калізіі і перыпетыі жыцця зямнога…І гэта “нешта”, спасцігаючы светавыяўленне розных эпох, шукаць давядзецца кожнаму з нас паасобку. Шукаць у судакрананні з тым, што менавіта нам хацеў сказаць Паэт.

Алесь Карлюкевіч

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.