Вы тут

Зрабіць унікальную аперацыю на сэрцы медыкам дапамог 3D-прынтар


Гамяльчаніну Леаніду Вохміну 42 гады. Шчасліўчык. Яго бацька, дзед і дзедаў брат памерлі акурат у 40. Бацька аднойчы рухнуў як падкошаны, і загінуў ад кровазліцця мозгу. Але чаму ўпаў? Сваякі палічылі, сурочыў нехта, але, хутчэй за ўсё, мужчыны з роду Вохміных гінулі па прычыне досыць рэдкага захворвання. У Леаніда яго выявілі літаральна паўгода таму, і з таго часу лёс абраў яго першым для выканання ўнікальнай для нашай краіны аперацыі на сэрцы з дапамогай сучасных тэхналогій. 27 студзеня аператыўнае ўмяшанне было паспяхова праведзена брыгадай спецыялістаў Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра “Кардыялогія”.


— У дзяцінстве, памятаю, набегаешся, і перад вачамі зорачкі мільгаюць, — можа, гэта былі прадвеснікі майго захворвання? — разважае Леанід. — Дарэчы, я скончыў Чарнігаўскае лётнае вучылішча, далей трэба было прыняць украінскую прысягу (тады разваліўся Саюз!), я не захацеў і пайшоў у армію. Усё ў мяне было са здароўем нармальна. Сэрца крыху калола, але хто ж думаў? Паступова стала амаль немагчыма падняцца па лесвіцы, не мог нармальна дыхаць. І вось недзе год таму разбалелася левае плячо. Прыйшоў да аднаго ўрача, а той накіраваў да кардыёлага. Пасля для пацвярджэння дыягназу накіравалі ў Мінск. Выканалі кардыяграму, ультрагук, дыягназ пацвердзіўся… Хірургі Андрушчук і Адзінцоў сказалі, што будуць рабіць новую аперацыю. Я не напалохаўся, бо падумаў, што гэта ў нас не рабілі, а ў іншых краінах, пэўна, выканалі шмат…

Леанід ужо выконвае розную хатнюю работу. Мужам-на-дзень сябе жартоўна называе. Пакуль жонка на працы, ён і прапыласосіць, і малодшага сына са школы забярэ. Старэйшы сын служыць у арміі, плануе застацца на службе, але ўрачы ўжо рэкамендавалі бацьку абавязкова абследаваць хлопцаў.  

— Сёння я прыехаў на чарговае абследаванне. Ніякага болю ўжо не адчуваю, магу ісці і не спыняцца. Я ж наогул вадзіцель-дальнабойшчык, тут у Беларусі — філіял расійска-беларускай фірмы, на якой я працую. Урачы кажуць, што можна будзе вярнуцца да прафесіі, але патрэбны час. Пакуль я на бальнічным. Магчыма, праз 60 дзён яго працягнуць яшчэ на два месяцы. Урачы кажуць, трэба скідваць вагу. У бальніцы харчаванне здаровае, таму я ўжо значна патанчэў, хоць яшчэ кілаграмаў дзесяць лішнія…

Усё, што памятае Леанід з дня аперацыі — укол анестэзіі, і шэрая сцяна, цераз якую захацелася пералезці. Раптам пачуў “Прачынайся” і расплюшчыў вочы. Урачы сказалі, што аперацыя цягнулася 5 гадзін, а ў палаце ўсім падалося, што і болей…

Такое захворванне як гіпертрафічная кардыяміяпатыя сустракаецца досыць рэдка — у двух з тысячы. Нярэдка гэта сямейная паталогія, сардэчна-сасудзістае захворванне перадаецца ў спадчыну. Адна з самых частых прычын раптоўнай смерці прафесійных спартсменаў. Самыя распаўсюджаныя скаргі — задышка не толькі падчас фізічнай нагрузкі, але часам нават у стане спакою, галавакружэнне, парушэнні сардэчнага рытму, можа быць і страта свядомасці. Праблема заключаецца ў абструкцыі нармальнаму, свабоднаму адтоку крыві з сэрца ў аорту, з-за чаго галаўны мозг і іншыя важныя органы не атрымліваюць адэкватнага харчавання. Абструкцыя ўзнікае ў выніку асіметрычнага патаўшчэння міжжалудачкавай перагародкі сэрца — яе выбухання ў прасвет сардэчнай камеры. Як правіла, пры гэтым узнікае цяжкая недастатковасць мітральнага клапану, што ўзмацняе клінічныя праявы захворвання і скаргі. Значная колькасць такіх хворых, асабліва маладых, гінуць знянацку. Гібель часам становіцца першай праявай захворвання. Смерць можа наступіць не абавязкова пасля цяжкай фізічнай нагрузкі, нават у стане спакою. У 57 працэнтах выпадкаў паталогія сустракаецца ў мужчын.

— У Беларусі з такім захворваннем назіраюцца каля 400 пацыентаў, аднак хтосьці нават не ведае аб сваім дыягназе, таму што не выконвалася ўльтрагукавое даследаванне сэрца, — тлумачыць урач-кардыяхірург РНПЦ “Кардыялогія” Віталь АДЗІНЦОЎ. — Наогул жа толькі пад мікраскопам можна дакладна ўбачыць, што клеткі міякарда сэрца — не такія, як трэба. Нягледзячы на тое, што праблема ёсць ад нараджэння, першыя праявы з’яўляюцца, як правіла, з узростам. Сучасныя метады даследавання, у першую чаргу, ультрагукавое даследаванне, дазваляюць убачыць асаблівасці развіцця гіпертрафіі міякарда. А калісьці такіх магчымасцей не было… Мы ўжо некалькі гадоў аперыруем у нашым цэнтры пацыентаў з кардыяміяпатыяй, але з’яўленне новых тэхналогій дазваляе ўдасканальваць правядзенне тых ці іншых хірургічных умяшанняў…      

Будучы восенню на сур’ёзным замежным кангрэсе, загадчыца рэнтгеналагічнага аддзялення цэнтра Таццяна Ільіна пазнаёмілася з новай тактыкай выкарыстання 3D-мадэляў у дзіцячай кардыяхірургіі. Фота такой мадэлі яна даслала па вайберы сваім калегам. Так пачаўся пошук варыянтаў прымянення ўнікальных магчымасцей для нашых кардыяпацыентаў.

— У дзяцей сустракаюцца вельмі складаныя парокі сэрца, а таму ў некаторых сусветных клініках такая тактыка вядзення аперацый вельмі дапамагае, — расказвае урач-кардыяхірург РНПЦ “Кардыялогія” Уладзімір АНДРУШЧУК. — Мы задумаліся над тым, каб выкарыстаць 3D-мадэлі ў дарослай кардыяхірургіі. У некаторых краінах гэта пачалі прымяняць для аперацый пры ўскладненнях інфаркту міякарда, а мы звярнулі ўвагу на ўдасканальванне аперацыі пры кардыяміяпатыі. Бо ў шэрагу выпадкаў з-за недастаткова радыкальнага выдалення тканкі гіпертрафіраванага міякарда для нармалізацыі краватоку даводзілася замяняць мітральны клапан пацыента на механічны пратэз, але іншароднае цела — гэта зусім іншая якасць жыцця. Вядома, хочацца дасягнуць аптымальнага выніку, каб не было неабходнасці ў такім пратэзаванні. Для гэтага выдаленне нездаровай тканкі неабходна выканаць з максімальнай, да міліметра, дакладнасцю. Хірургічнае ўмяшанне ажыццяўляецца ўнутры самога органа, і дагэтуль было проста нерэальна дабіцца такой высокай дакладнасці. На дапамогу прыйшла ідэя скарыстацца 3D-прынтарам, каб атрымаць 3D-мадэль сэрца канкрэтнага пацыента, што дазволіла пралічыць аб’ём і характар маніпуляцый спачатку на “камп’ютарным” сэрцы, а пасля паўтарыць тое ж самае на рэальным…

На стварэнне 3D-мадэлі сэрца Леаніда спатрэбіўся дзесьці тыдзень. На  другога пацыента — ужо каля пяці гадзін.

— Працэс пачынаецца з апрацоўкі фотаздымкаў, атрыманых падчас каранараграфіі з кантрасным рэчывам, — працягвае Уладзімір Андрушчук. — Нам неабходна было аб’ёмнае фота аднаго толькі сэрца — без касцей, суставаў, і гэта, паверце, аднімае шмат часу… Дзякуй за праведзеную работу праграмістам і рэнтгенолагу. Гэту  3D-выяву можна надрукаваць на 3D-прынтары. Сама мадэль можа быць гумавай або пластмасавай, але ў любым выпадку з ёю можна працаваць — высветліць, колькі лішняй тканкі неабходна выдаліць і аднавіць нармальны краваток. Раздрукоўку на 3D-прынтары забяспечыла ТАА “Гетц Трэйд”, куды я звярнуўся з просьбай аб дапамозе. На фірме пагадзіліся прадаставіць паслугі на дабрачыннай аснове…

Калі аднойчы цэнтру “Кардыялогія” удасцца набыць такі прынтар ва ўласнае выкарыстанне, яго можна будзе задзейнічаць і для іншых аперацый. Пэўныя ідэі ў медыкаў ужо ёсць. Ніводная тэхналогія не забяспечвае, вядома, ідэальнага выніку, але падобныя магчымасці робяць аператыўнае ўмяшанне больш бяспечным. На сакавік запланавана яшчэ адна 3D-аперацыя. Надалей медыкі разлічваюць выконваць у пацыентаў з гіпертрафічнай кардыяміяпатыяй дзве-тры аперацыі ў месяц.

Святлана БАРЫСЕНКА

Фота Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».