Вы тут

Як дызайнер Таццяна адкрыла ўласны бізнес


Дзяўчына з аграгарадка Путрышкі, што каля Гродна, з дзяцінства любіла прыбірацца. А каб дасягнуць гэтага, пачала сама сваё адзенне мадэляваць, а потым і шыць. Вырашыла, што абавязкова стане дызайнерам-мадэльерам.


Гэта будуць насіць...

Сваю гісторыю Таццяна Русіняк расказвае з агеньчыкам у вачах, хоць мінула ўжо паўгода з тае пары, як усё пачалося. Перш-наперш трэба сказаць, што на той момант Таццяна скончыла Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт і стала дыпламаваным дызайнерам. Да таго часу яна ўжо набыла нейкі багаж — яшчэ студэнткай са сваімі калекцыямі ўдзельнічала ў розных паказах, у тым ліку і на вядомым конкурсе «Млын моды».

Але з працаўладкаваннем не шанцавала. Работу шукала ў вялікіх гарадах — спачатку ў Мінску, затым — у Гродне. Аказалася, што попыт ёсць, але не на дызайнераў, а на швачак. Таццяна ж марыла сама канструяваць адзенне, мець уласную справу. Паўстала пытанне: як здзейсніць мару? Ідэю падказалі ў цэнтры занятасці. Маўляў, ваш кірунак уключаны ў пералік відаў дзейнасці, для якога можна атрымаць дзяржаўную субсідыю. Таццяна ўспамінае, што вельмі ўзрадавалася такой магчымасці.

Пытаюся, ці не палохала тое, што на вёсцы дызайнерскую думку могуць і не ацаніць? Дык вось, аказваецца, страху такога ў дзяўчыны не было. Тым больш што супрацоўнікі службы занятасці дапамаглі з афармленнем неабходных дакументаў і накіравалі на бясплатныя курсы па асновах прадпрымальніцкай дзейнасці. Атрыманымі навыкамі карыстаецца яна і цяпер. Але галоўнай дапамогай лічыць фінансавую падтрымку. Хоць сродкі і не такія вялікія — 2 тысячы 600 рублёў, але яны дазволілі закупіць неабходнае абсталяванне.

— Доўгі час не магла паверыць, што гэта ўсё — маё, — не хавае эмоцый Таццяна. — Тады я змагла набыць трыкатажную і вытворчую швейныя машынкі, манекен, універсальны прас з парагенератарам. Час паказаў, што маё маленькае атэлье карыстаецца попытам у аднавяскоўцаў. Ды і гараджане час ад часу заязджаюць. Падатак на дзейнасць, лічу, суразмерны і складае 95 рублёў на месяц.

Зараз справы ідуць нядрэнна, кажа Таццяна. Мясцовыя жыхары маладому дызайнеру давяраюць і да яе прапаноў прыслухоўваюцца. Цяпер у яго майстэрні (дарэчы, яна размясцілася ва ўласным доме) ідзе работа над сукенкамі для выпускных вечароў.

— Гэта няспешная работа, я выкарыстоўваю розныя тэхнікі, у тым ліку і ручную вышыўку, — тлумачыць Таццяна, — але заказаў хапае, бо ў мяне танней, чым, напрыклад, у горадзе.

Можна казаць, што бізнес, які пачаўся з дзяржаўнай падтрымкі, развіваецца. Свае новыя калекцыі Таццяна размяшчае ў сацыяльных сетках, а ў хуткім часе плануе разам са сваёй калегай Ларысай адкрыць інтэрнэт-краму дызайнерскага адзення і аксесуараў.

— З адкрыццём майстэрні ў мяне ёсць магчымасць ствараць і новыя калекцыі. Напрыклад, цяпер рыхтую калекцыю ў японскім стылі з авангардам, з ёй буду ўдзельнічаць у конкурсе «Млын моды». Дарэчы, адборачны тур ужо прайшла, — паведаміла Таццяна.

У будучыні яна плануе пашыраць сваю справу. Гэта значыць, што будзе створана яшчэ некалькі працоўных месцаў, што для вёскі вельмі актуальна.

Тавары для вяскоўцаў

Дарэчы, у раёне гэта не адзіны прыклад адкрыцця сваёй справы на дзяржаўныя субсідыі. У аграгарадку Свіслач прадпрымальніцкай дзейнасцю вырашыла заняцца работнік гандлю Тамара Чачура. Яна заўважыла, што ў яе роднай вёсцы ёсць патрэба ў прамысловых таварах. Вось і вырашыла гэту нішу заняць. Для крамы ўзяла ў арэнду памяшканне ў Доме быту. Дарэчы, з усіх паслуг тут дзейнічае толькі цырульня.

На субсідыю было закуплена гандлёвае абсталяванне — касавы апарат, прылавак, стэлажы. У рабоце дапамагаюць родныя — муж і трое сыноў. Ды і мясцовае насельніцтва задаволена — нарэшце ў іх аграгарадку з'явілася прамысловая крама.

— У нас запатрабаваны школьная форма, інструменты для саду, цяпер, у вясновы перыяд, карыстаецца попытам насенне і нават грунт, — пералічвае свой асартымент Тамара. — Зрабіла аддзел для рыбакоў, бо ў Свіслачы ёсць возера, куды прыязджаюць лавіць рыбу нават з горада. Таксама наведвальнікі просяць электратавары завозіць, розныя гаспадарчыя дробязі.

Перш чым наладзіць свой невялічкі бізнес, Тамара спрабавала ўладкавацца на працу прадаўцом, але сутыкнулася з шэрагам праблем. У вёсцы вакансій няма, а дабірацца да Гродна затратна і ўтомна.

— Калі прадпрымальніцтва будуць падтрымліваць тымі ж субсідыямі і падатковымі льготамі, то людзі ахвотней будуць брацца за ўласную справу, — адзначае жанчына, — а на вёсцы свабодных ніш дастаткова.

Ці ёсць прапанова?

У раённай службе занятасці адзначылі, што субсідыі на ўласную справу выдзяляюцца згодна з планам. Напрыклад, летась іх было пяць. Усе яны скарыстаны. У асноўным — на адкрыццё сваёй справы ў сферы гандлю і паслуг. Акрамя мадэльнага атэлье і крамы, у сельскай мясцовасці зарэгістраваны прадпрымальнік па аказанні сантэхнічных паслуг, а таксама па вырошчванні маліны.

— Субсідыі даюцца тым беспрацоўным, якія зарэгістраваны ў цэнтры занятасці і не могуць працаўладкавацца па спецыяльнасці, — растлумачыла начальнік аддзела дзяржаўнай службы занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага райвыканкама Нэлі Міцура. — Перавагу маюць тыя, хто арганізуе найбольш значныя для раёна віды прадпрымальніцкай дзейнасці.

У гэтым спісе больш як 60 яе відаў. Акрамя тых, што ўжо названы, ёсць прапановы па будаўніцтве дамоў, вытворчасці мэблі, рамонце і тэхабслугоўванні аўтамабіляў, бытавой тэхнікі і многае іншае. Субсідыя павінна выкарыстоўвацца для набыцця абсталявання, інструментаў, машын і механізмаў, сыравіны, матэрыялаў, аплаты паслуг — усяго таго, што звязана з арганізацыяй прадпрымальніцкай дзейнасці.

Спецыялісты адзначаюць, што ўсё гэта цікавіць жыхароў раёна. Таму сёлета плануецца павялічыць колькасць субсідый. Але, каб атрымаць фінансавыя сродкі, трэба даказаць сур'ёзнасць сваіх намераў, папярэдзілі ў службе занятасці. Напрыклад, сёлета для падтрымкі арганізацыі ўласнай справы ўжо звярнуліся чацвёра прэтэндэнтаў, якія заявілі аб жаданні аказваць паслугі цырульніка, рамонтніка халадзільных установак. Адзін з прэтэндэнтаў плануе ўзяць у арэнду сельскагаспадарчую тэхніку, каб аказваць адпаведныя паслугі вяскоўцам. Калі ахвотных атрымаецца больш, чым запланавана, тады будзе разгледжана пытанне аб дадатковым выдзяленні сродкаў на субсідыі.

У тэму

Па аператыўных даных, у Гродзенскім раёне на аднаго беспрацоўнага прыходзіцца тры вакансіі. У цэлым па вобласці на 1 сакавіка зарэгістравана 5 тыс. 600 беспрацоўных, з іх больш за 4 тысячы — мужчыны. Рэгіён можа прапанаваць больш як 6 тыс. вакансій. З пачатку года працаўладкавана 3 тыс. 300 беспрацоўных. Па колькасці працаўладкаваных Гродзенская вобласць з'яўляецца лідарам у краіне.

Маргарыта УШКЕВІЧ

margo@zviazda.by

Загаловак у газеце: Дзяўчына мару здзейсніла

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».