Вы тут

У Мінску прадставілі новы фільм Студыі ў імя святога Іаана Воіна


Калі паказаць у сваім фільме ўрывак з «Агнёў вялікага горада» Чарльза Чапліна, можна недальнабачна акцэнтаваць увагу на недасканаласці сваёй карціны. Гэта як запрасіць дзяўчыну ў кінатэатр, у якім ідзе фільм з маладым Джоні Дэпам: верагодна, параўнанне будзе не на вашу карысць, таму другое спатканне можа не адбыцца. Нямыя камедыі Чапліна часам паказваюцца на вялікім экране ў суправаджэнні аркестра. Такая падзея і яе герой дырыжор Уладзімір Співакоў маленькім эпізодам трапілі ў новую дакументальную карціну Кацярыны Махавай «Хай жыве маленькі прынц» і сыгралі з ёй злы жарт, бо толькі гэты эпізод — класічны фільм унутры сучаснага — здолеў захапіць. Стужка была прадстаўлена беларускай публіцы 9 сакавіка ў кінатэатры «Мір».


Рэжысёрка Кацярына Махава вядомая ў беларускім дакументальным кіно сваёй працай на студыі «Летапіс» кінастудыі «Беларусьфільм». Тут яна зняла, напрыклад, фільм «Званар» пра званара храма Нараджэння Прасвятой Багародзіцы ў вёсцы Дарашэвічы ці карціну «Напярэдадні» пра будні сельскай школы ў вёсцы Бабічы. Карацей, дакументалістка — дарэчы, карэнная гараджанка — адзначылася сваёй цікавасцю да вясковай фактуры і імкненнем ствараць менавіта мастацкае дакументальнае кіно. Свой чарговы фільм «Хай жыве маленькі прынц» Кацярына Махава зняла для Студыі ў імя святога Іаана Воіна. Студыя, праваслаўная рыторыка, кантэкст рэлігіі і яе інстытуцый вызначылі адпаведную накіраванасць фільма: па-першае, жаданне разважаць і ставіць пытанні, па-другое, нявінную спачувальнасць і некаторую дыдактычнасць.

Да паказу ў Мінску так званы «фільм-пошук і фільм-разважанне, напоўнены маналогамі і шчырасцю герояў» быў прадстаўлены ў пазаконкурснай праграме прэстыжнага фестывалю дакументальнага кіно «Артдокфэст» у Расіі. А на кінафоруме «Пакроў» у Кіеве, дзе адбыўся прэм'ерны паказ карціны, яна атрымала дыплом «За актуальнасць тэмы».

Карціна прадугледжвае ў сваёй структуры дзве галоўныя часткі: рэпетыцыі спектакля «Маленькі прынц» і адлюстраванне розных, так скажам, абставін ці сітуацый — не хочацца казаць, «сацыяльных груп», прадстаўнікі якіх адказваюць на пытанні накшталт «Што такое каханне?» Выказваюцца працаўнікі завода шасцерняў, студэнты медыцынскага ўніверсітэта, вязні папраўчай калоніі, музыканты (аркестра, які суправаджае «Агні вялікага горада»), наведвальнікі фестывалю пад адкрытым небам, супрацоўнікі дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў, работнікі падвор'я пры Свята-Елісавецінскім манастыры.

Спектакль «Маленькі прынц», рэпетыцыі якога паказваюцца паралельна згаданаму, пастаўлены ў інклюзіўным тэатры «Радасць». Рэжысёрам з'яўляецца Аляксандр Ждановіч (акцёр тэатра і кіно, вядомы таксама як Маляваныч з «Калыханкі»), а акцёрамі, апроч прафесійных, — дзеці з псіханеўралагічнага інтэрната. То-бок, дзеці, якія ніколі не стануць дарослымі, іграюць у спектаклі, дзе вобраз вечнага дзяцінства супрацьпастаўляецца прыземленаму свету дарослых з іх любоўю да лічбаў. Прэм'ера «Маленькага прынца», а гэта толькі адна з пастановак «Радасці», адбылася яшчэ ў 2013 годзе на святочным канцэрце ў Свята-Елісавецінскім манастыры. Дарэчы, ажыццявіць пастаноўку часткова дапамог збор сродкаў на краўдфандынгавай пляцоўцы «Ulej».

Хоць фільм «Хай жыве маленькі прынц» па структурнай задумцы складаецца з дзвюх частак, распадаецца ён на ўсе дваццаць: накіроўвае гледача ад адной лакацыі да другой і быццам імкнецца адлюстраваць розныя «інстытуцыі» жыцця, кожная з якіх нават вытлумачальная ў рэчышчы рэлігійнай дыдактыкі. Але ўсё роўна фільм выглядае разрозненым і разбітым, так што цяжка паглядзець на яго як на нешта цэлае, а можна толькі ўтрымліваць у сабе ўражанні ад асобнага эпізоду, вядома ж, да наступлення наступнага. Адным, хоць і не вельмі дакладным, словам, фільм стракаціць — кардынальна рознымі сітуацыямі, выказваннямі розных герояў, неідэальнай нелінейнасцю апавядання.

Лейтматывам усёй гэтай дакументальнай фактуры служаць далёкія планеты, што паказваецца праз настаўніка астраноміі Віктара Малышчыца і яго фотаздымкі, і ўласна праз матыў «Маленькага прынца» Антуана дэ Сент-Экзюперы. Натуральна, у фільме нават гучаць урыўкі.

Карацей, фільм, які прадстаўляецца разважаннем, становіцца такім жа складанасастаўным і крыху хаатычным, як жывая імправізацыя. Шмат людзей, шмат розных антуражаў, шмат планаў, не прывязаных да аўдыяшэрагу, шмат паралельных гісторый. Мэтанакіравана рэжысёрка просіць адказаць на свае пытанні прадстаўнікоў розных сфер — яна трапіла і ў папраўчую калонію, і ў канцэртную залу з аркестрам. Толькі ўсё гэта атрымліваецца мімалётна і блякла, чаму і губляецца разам з сыходам хвілін хронаметражу.

А найцікавейшым усё роўна застаецца адлюстраванне працы над спектаклем у інклюзіўным тэатры (за кошт самога гэтага тэатра) і фільм Чарльза Чапліна. Калі ж хочацца больш гаварыць пра дэталі, сам фільм павольна раствараецца. Не кожны добры пасыл — як, напрыклад, адлюстраванне работы з дзецьмі з псіханеўралагічнага інтэрната — можа стацца добрым фільмам.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovіch@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Маленькі прынц як універсальная метафара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».