Вы тут

Прайшоў конкурс выканаўцаў беларускіх народных танцаў «Мяцеліца»


Сёлета ў ім прыняло ўдзел каля 75 пар з розных куткоў краіны. Такім чынам, трэцяя па ліку «Мяцеліца» па маштабах і колькасці танцораў стала амаль удвая большай за першую, падчас якіх выйсці на сцэну можа фактычна кожны, — галоўнае мець жаданне, спрыт і вялікую прагу да перамогі.


«Мяцеліца», якая сёлета была арганізаваная Школай традыцыйнага мастацтва гурта «Гуда» і адбылася ў Міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ё. Рау пры падтрымцы партала tut.by, чарговы раз даказала: спрадвечная культура вяртаецца ў свядомасць беларусаў. І часта «завадатарамі» тут снановяцца менавіта гарадскія жыхары.

— Конкурс атрымаў назву «Мяцеліца» не толькі таму, што ён мусіць праводзіцца ўзімку. Гэтая назва сімвалічная і суадносіцца з самім танцам «Мяцеліца», — разважае старшыня аргкамітэта конкурсу Алена КАЛІНОЎСКАЯ. — Этнографы пакінулі многа маляўнічых апісанняў гэтага танца. Вядома, што ён быў вельмі цікавы, падобны на хаос, з якога вырастала гармонія. Але сама «Мяцеліца» амаль не дайшла да нас у этнаграфічных відэазапісах і сёння аднаўляецца. Як і ў цэлым адраджаецца ўся беларуская танцавальная культура, якую мы імкнёмся вярнуць у побыт сучаснага чалавека.

Так, гаворка ідзе не толькі пра самі танцы, але і пра цэлую культуру беларускай вечарыны. Тут важнае ўсё: касцюм, этыкет, канешне, музыка. Дарэчы, музыканты, якія цягам усяго дня дапамагалі танцорам, як і ўдзельнікі конкурсу, прадстаўлялі розныя мясцовасці. Ужо традыцыйна на «Мяцеліцу» ў сталіцу завітваюць капэлы з Капаткевічаў, што на Петрыкаўшчыне, і Акцябрскага — цэнтра вядомага фэсту «Берагіня», дапамагае ім мінская капэла «На таку».

У цэлым на конкурсе пары і сольныя выканаўцы выканалі каля двух дзясяткаў танцаў. Гэта як досыць вядомыя «Ночка», «Падыспань», «Полька», «Барыня», «Мікіта», так і досыць рэдкія «Жабка» і «Абэрак».

— Мастацкі кіраўнік конкурсу, вядомы этнахарэограф Мікола Козенка мае ў запасе некалькі дзясяткаў танцаў, — дадае Алена Каліноўская. — Але мы адмыслова абмежавалі рэпертуар удзельнікаў, каб у гледачоў засталіся ў свядомасці пэўныя вобразы кожнага з танцаў.

Ды і багацце рэпертуару, уменне танчыць як мага больш беларускіх танцаў — не самыя галоўныя ўмовы «Мяцеліцы». Галоўнае — настрой і задавальненне, якія атрымліваюць і самі танцоры, і гледачы.

— На конкурс традыцыйнага беларускага танца мы запрашаем непрафесіяналаў. Гэта людзі, якія танчаць дзеля свайго ўласнага задавальнення, сваёй радасці, — кажа кіраўнік Школы традыцыйнага мастацтва гурта «Гуда» Вікторыя МІХНО. — Цікавасць да беларускага танца расце, і пра гэта сведчыць такая вялікая колькасць удзельнікаў. Шмат сёлета сабралася прадстаўнікоў Гомельскай вобласці, таксама многа было пар і індывідуальных выканаўцаў са сталіцы. Гэта таксама радуе, бо ў гарадскіх умовах ёсць рызыка танцу быць страчаным. Але мы бачым адваротнае: цікавасць да яго расце, і гараджане таксама знаходзяць радасць і задавальненне ад вечарынак. Гэта не дзіўна, бо традыцыйны танец станоўча ўплывае і на стан здароўя, і на настрой.

Таксама спецыфічнай рысай конкурсу можна назваць яго скіраванасць на мясцовыя традыцыі ўдзельнікаў. Так, вы не пабачыце абсалютна аднолькавых варыянтаў кожнага з заяўленых танцаў. Уніфікаванай версіі проста не існуе, а кожная з пар нават паводле ўмоў «Мяцеліцы» мусіла прадставіць менавіта той варыянт, які распаўсюджаны на іх малой радзіме. Больш за тое, пераемнасць танцаў нават сёння ў многіх вёсках адбываецца па традыцыі — ад пакалення да пакалення.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Танчы — як дзядуля вучыў

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.