Вы тут

У сталіцы працуе выстава, якая расказвае пра Скобелеўскі лагер


У Дзяржаўным музеі ваеннай гісторыі Беларусі экспануецца выстава, якая расказвае пра Скобелеўскі лагер.

Пачынаючы з канца ХІХ стагоддзя, невялікае поле пад Баранавічамі становіцца эпіцэнтрам баявой падрыхтоўкі. На манеўры ў Скобелеўскі лагер, названы ў гонар «белага генерала», прыбываюць вайскоўцы Рускай імператарскай арміі. У асноўным — ураджэнцы Беларусі.


За 125 гадоў існавання прызначэнне гэтага месца не змянілася. Сёння, ужо на Абуз-Лясноўскім палігоне, або 230-м агульнавайсковым палігоне Узброеных Сіл, удасканальваюць баявое майстэрства ваеннаслужачыя сучаснай беларускай арміі.

— Гісторыя Скобелеўскага лагера ўнікальная, — лічыць вядомы калекцыянер, лаўрэат прэміі Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне» Уладзімір ЛІХАДЗЕДАЎ. — Заснаваны ў 1892 годзе, палігон ні разу не закрываўся, ніколі не пуставаў. З моманту яго ўтварэння ён належаў войскам царскай арміі. У гады Першай сусветнай тут размяшчаліся палігон і лагер для немцаў. У міжваенны перыяд, калі гэтая тэрыторыя знаходзілася пад Польшчай, — польскі вайсковы палігон, які падчас Другой сусветнай вайны пераўтварыўся ў канцэнтрацыйна-працоўны лагер для савецкіх грамадзян. Пасля Вялікай Айчыннай вайны гэта быў палігон агульнасаюзнага значэння. Цяпер ён належыць нашай арміі.

Ідэя расказаць пра гісторыю Скобелеўскага лагера ўзнікла не выпадкова. Збіраючы старыя фотаздымкі і паштоўкі, Уладзімір Ліхадзедаў знайшоў даволі рэдкія і малавядомыя выявы. Пры далейшым вывучэнні ён даведаўся, што на іх адлюстраваны Скобелеўскі лагер, які дагэтуль амаль недаследаваны гісторыкамі.

Цяпер у калекцыі Ліхадзедава — больш як 100 фотаздымкаў з выявай палігона. На фатаграфіях пачатку мінулага стагоддзя — шыкоўныя будынкі афіцэрскіх сходаў, манеўры, стрэльбы. Тут можна ўбачыць не толькі баявую падрыхтоўку войск Рускай арміі, а і тое, як узнагароджвалі лепшых вайскоўцаў, як быў наладжаны іх побыт, якім чынам афіцэры і салдаты бавілі вольны час...

Гэтыя эксклюзіўныя кадры, а таксама не менш цікавыя архіўныя матэрыялы, знойдзеныя калекцыянерам Уладзімірам Пефціевым і доктарам царкоўнай гісторыі Гардзеем Шчагловым, увойдуць у кнігу, прысвечаную гісторыі Скобелеўскага лагера.

Дарэчы, чаму ён так называецца? Быў час, калі Мінскім гарнізонам, на балансе якога і знаходзіўся лагер, камандаваў генерал Міхаіл Скобелеў. Выдатны рускі военачальнік ХІХ стагоддзя праславіўся падчас Руска-турэцкай вайны 1877—1878 гадоў. За любоў да белых кіцеляў і коней увайшоў у гісторыю як «белы генерал». У Скобелеўскім лагеры павінен быў з'явіцца помнік генералу, але планы перарвала Руска-японская вайна. Як лічаць эксперты, хутчэй за ўсё гэтыя грошы пайшлі на знакаміты помнік Скобелеву ў Маскве.

— У дарэвалюцыйны час Скобелеўскі лагер уяўляў сабой не проста палігон для манеўраў і вучэнняў, гэта быў жылы лагер са складанай інфраструктурай, — гаворыць прафесар Мінскай духоўнай акадэміі, святар Гардзей ШЧАГЛОЎ. — На яго тэрыторыі знаходзіліся цэлыя вуліцы, вельмі прыгожыя асабнякі афіцэрскіх сходаў, стаяла царква, у якой у тым ліку маліліся жыхары навакольных вёсак. Таму нельга сказаць, што гэта было замкнёнае жыццё ваеннага гарнізона.

Як расказаў дырэктар Дзяржаўнага музея ваеннай гісторыі Беларусі Сяргей АЗАРОНАК, за апошняе дзесяцігоддзе выставы, якая расказвала б наведвальнікам аб арганізацыі баявой падрыхтоўкі ў сучаснай арміі, а тым больш у ранейшыя часы, не было. «Тут жа нашы вытокі вядуць яшчэ ў царскую Расію, дзе Беларусь была Паўночна-заходнім краем, — кажа дырэктар музея. — І служылі там беларусы, якія паказвалі добрыя вынікі сваёй баявой падрыхтоўкі. Сёння створана сучасная вучэбна-матэрыяльная база забеспячэння баявой падрыхтоўкі войскаў, але ўмовы, у якіх удасканальвалі сваё баявое майстэрства нашы продкі, мала чым саступаюць. На манеўры ў Скобелеўскі лагер прыязджала знаць. Гэта былі цэлыя святы! Калі глядзім на тыя падзеі праз фотаздымкі, адчуваецца любоў народа да сваёй арміі».

Дарэчы, да 100-годдзя Узброеных Сіл у Дзяржаўным музеі ваеннай гісторыі Беларусі будзе створана вялікая выстава, якая раскажа не толькі пра вытокі сучаснай беларускай арміі, а і пра тое, што адбываецца ў войску сёння.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Фота Канстанціна ДРОБАВА

Фота з калекцыі Уладзіміра ЛІХАДЗЕДАВА

Загаловак у газеце: Унікальнае месца

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».