Вы тут

Як прыйсці туды, куды хочаш...


У жыцці школьнікаў-выпускнікоў, іх блізкіх у хуткім часе пачнецца складаны перыяд, лёсавызначальны — у поўным сэнсе гэтага слова. А пакуль — заканамерныя хваляванні: пашчасціць на экзаменах альбо не? Якія адзнакі будуць у атэстаце? Колькі балаў атрымаеш на тэсціраванні? Куды ўрэшце паступіш?.. І добра б на бюджэт!

Вельмі часта даводзіцца чуць, што чалавек, маўляў, гаспадар свайго лёсу. Але ж ці часта мы задумваемся, так гэта ці не?


Мой досыць настырны характар стаў праяўляцца, можна сказаць, змалку. Ну вось напрыклад: у школу тады бралі строга па ўзросце, а я, як на тое ліха, нарадзілася восьмага верасня. Гэта значыць, што да поўных сямі гадоў мне не хапала лічаных дзён. У выніку ўсе мае сяброўкі пайшлі ў першы клас, а мне што — трэба сядзець дома?

Здавалася б, малая была, а пагадзіцца з гэтым ну ніяк не магла — уступіла ў вайну з цэлым светам. Штодня збірала сшыткі, алоўкі, усё, што мела, і, калі праз дзверы, а калі і праз акно (бацькі не пускалі), адпраўлялася ў школу, у першы клас.

Настаўніца потым за ручку мяне выводзіла і адпраўляла дамоў. А я назаўтра вярталася...

Колькі вось так рвала сэрцы сваім бацькам, колькі выпрабоўвала нервы настаўніцы, ужо не ведаю. Але тым разам нічога ў мяне не атрымалася: я не перамагла. Тата купіў мне буквар і сказаў: «Дачушка, зімка доўгая. Мы з табой будзем вучыцца дома, і не тое што дагонім усіх тваіх сябровак, а нават перагонім іх».

І сапраўды, я вельмі хутка навучылася чытаць, пісаць, лічыць. Да таго ж на наступны год і якраз насупраць нашага дома адкрылася новая, двухпавярховая школа!..

Вучобу ў ёй я скончыла таксама з цікавінкай, бо менавіта ў той год выпускаліся два класы — мой дзясяты і адзінаццаты, у які некалі мяне не ўзялі. А ў выніку атрымалася, што сваіх сябровак я сапраўды дагнала, хоць на фінішы.

Помню, вядома ж, наш выпускны: сталы на ўвесь калідор, халадзец, які даварвалі ў нашай хаце, свае першыя туфлі на абцасах, у якіх я магла хіба што... сядзець.

А назаўтра апынулася ўжо ў Гродне — здавала дакументы ў інстытут. Праўда, конкурс тады быў недасягальна высокі (толькі нашу сельскую школу скончыла каля 80 выпускнікоў...). І ў той год я не паступіла — недабрала балаў.

Што заставалася рабіць? Уладкавалася на абутковую фабрыку «Нёман», год адпрацавала на канвееры (рабіла задняе шво на ботах). І, здавалася, калі ўжо так выйшла (можа, лёс пакіраваў?), то можна ж і далей працаваць на фабрыцы, паступаць на завочнае ў нейкі тэхналагічны інстытут, станавіцца ў чаргу на жыллё, чакаць кватэры ў горадзе. Але ў мяне былі іншыя планы. Я пайшла да начальніка цэха. Кажу: «Адпусціце мяне з работы на час экзаменаў... Хачу паступіць у педінстытут».

А той мне: «Ты ж усё забылася, на экзаменах, калі не правалішся, то балаў зноў недабярэш!.. Кінь дурное».

І я сапраўды кінула: кінула... работу (а гэта ж і прапіска, і так званае ложка-месца ў інтэрнаце, і нядрэнная зарплата), — пайшла здаваць экзамены. І што вы думаеце — я паступіла! Акурат у свой дзень народзінаў, восьмага верасня, я каціла ўжо на першую студэнцкую бульбу і частавала ўсіх цукеркамі. У нашай групе было 25 чалавек: 20 дзяўчат ды 5 хлапцоў. І сярод іх — маё самае першае каханне, мой будучы муж.

Аднак да гэтага было яшчэ вельмі далёка: чатыры доўгія гады сумеснай вучобы, потым — год працы па суседстве і год яго службы ў войску...

Пэўныя складанасці ўзніклі ў мяне і з работай. Убачыўшы ў дыпломе выдатную адзнаку па нямецкай мове, загадчык райана стаў настойліва «вербаваць» мяне на выкладанне менавіта гэтага прадмета. Я не згадзілася. Тады ён адправіў мяне пагуляць, падумаць, пазнаёміцца з горадам, папрасіў зайсці ў кабінет яшчэ раз — пасля абеду.

Я, вядома ж, з'явілася, але не згадзілася, а па-ранейшаму настойвала на сваім. І што вы думаеце — вакантнае месца для мяне «знайшлося», а то ж не было!

...Гэта — чарговы ўчынак, з якіх спакваля складваўся мой лёс. Прычым складваўся не сам па сабе. На мой погляд, вельмі важна ў жыцці (асабліва ў пачатку яго) пра нешта марыць, ставіць перад сабою пэўныя мэты... І цвёрда верыць, што калі ты чагосьці па-сапраўднаму хочаш, то ўвесь Сусвет будзе спрыяць таму, каб гэта жаданне збылося. Хай не з першага разу, хай не з другога... Важна не пасаваць (цяжкасці ва ўсіх былі і будуць), важна не здавацца.

Толькі так, на мой погляд, можна прыйсці туды, куды па-сапраўднаму хочаш, а не туды, куды цябе закіне, бо чалавек жа — не трэска.

Галіна ПЯТРОЎСКАЯ,

Смаргонскі раён

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.