Вы тут

Падручнік па духоўнай сталасці


Як бы імкліва ні змянялася жыццё, колькі б новых сюжэтаў і герояў не стварала, тэмы, што мы называем вечнымі, сапраўды застаюцца... вечнымі. У 2016 годзе ў Выдавецкім доме «Звязда» выйшла кніга Немата Келімбетава — славутага казахскага пісьменніка, доктара філалагічных навук, прафесара, заслужанага дзеяча навукі Казахстана, акадэміка Акадэміі гуманітарных навук Рэспублікі Казахстан, лаўрэата прэміі імя Культэгіна (2005) і Міжнароднай прэміі ЮНЕСКА імя Франца Кафкі (2010) «Зайздрасць: Трынаццаць дыялогаў» у перакладзе Г. Аўласенкі і А. Карлюкевіча. Гэта не першая кніга знакамітага дзеяча літаратуры і навукі, выдадзеная па-беларуску. Колькі год таму ў Выдавецкім доме «Звязда» выйшлі з друку аповесць-маналог «Не хачу губляць надзею» (2014) і эсэ «Лісты да сына» (2015).

Немата Келімбетава не стала ў 2010 годзе. Сёлета прыхільнікі яго таленту адзначаць 80-годдзе з дня нараджэння творцы. Літаратурная творчасць казахская пісьменніка перакладзеная на шматлікія мовы і мае сваю чытацкую аўдыторыю ў многіх краінах.

Новая для беларускага чытача кніга «Зайздрасць: Трынаццаць дыялогаў» скампанаваная ў форме сяброўскай размовы паміж аўтарам і... А вось тут кожны можа выбраць сабе ролю: або стаць суразмоўцам аўтара, або назіраць за дыялогам збоку. Немат Келімбетаў разглядае зайздрасць як загану і ў той жа час як частку чалавечага існавання ў шырокім сацыяльна-культурным кантэксце. Не толькі змены ў лёсе асобнага чалавека цікавяць суразмоўцаў. У прадстаўленых дыялогах яны абмяркоўваць згубны ўплыў зайздрасці (і хцівасці, сквапнасці, пыхлівасці як яе разнавіднасцяў) на тэндэнцыі развіцця сучаснай палітыка-эканамічнай сферы.

Звяртаецца аўтар кнігі і да сучасных псіхалагічных даследаванняў. Напрыклад, сёння ўсё больш папулярнай становіцца ідэя пра тое, што нашыя заганы насамрэч ёсць перакуленае адлюстраванне нашых станоўчых якасцяў. Вось што пра гэта пісаў аўтар дыялогаў: «Звычайна па-сапраўднаму зайздросныя людзі бываюць вельмі падобнымі да таленавітых акцёраў, толькі выступаюць яны не на сцэне, а ў сапраўдным жыцці. Насоўваюць маскі высокаадукаваных і высокакультурных, светлых, шчодрых людзей. І не здымаюць гэтыя свае маскі ні дома, ні на вуліцы, ні на службе». Немат Келімбетаў аналізаваў з’яву з розных гледзішчаў — псіхалагічнага, маральнага, сацыяльнага, нават побытавага, — але галоўная думка гучыць адназначна: зло ёсць зло, а дабро ёсць дабро. Гэтае сцверджанне не карэктуецца аніякімі эпітэтамі і ўдакладненнямі.

Імкненне данесці да сваіх сучаснікаў важнасць высокіх маральных прынцыпаў як своеасаблівай абароны ад хваробы абыякавасці, якая спараджае цынізм і жорсткасць у людскіх узаемадачыненнях, — асноўны пафас кнігі. Нездарма аўтар прадмовы акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, прафесар, заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Арнольд Смеяновіч выказаў меркаванне, што «такія кнігі як “Зайздрасць” павінны станавіцца ўніверсітэцкімі падручнікамі. Усе іх раздзелы можна ўключаць у праграму школьнага навучання. І болей таго: такія яркія, пераканаўчыя кнігі варта дарыць маладым людзям, якія ўступаюць у жыццё... Чаму б, напрыклад, разам з пашпартам юнакам і дзяўчатам не атрымліваць такі падручнік духоўнай сталасці?!». Сапраўды, падручнікаў па «духоўнай сталасці» сістэма адукацыі пакуль не вынайшла. Немат Келімбетаў у сваіх дыялогах не проста выказваў асабістыя меркаванні на пэўныя тэмы, не толькі спасылаўся на свой асабісты жыццёвы досвед, але і шукаў карані псіхалагічных і маральных заганаў у глыбокай старажытнасці. Гэтым самым нібы прымушаў задумацца над сур’ёзнасцю праблемы, «неразлучнай» з чалавекам на працягу усёй гісторыі цывілізацыі. Тое, што ў нашай штодзённасці здаецца нявартым увагі, дробязным (дыялог № 9 «Хлусня, плётка, пахвальба...»), насампраўдзе ёсць сапраўдная вайна паміж людзьмі, толькі зброяй выступаюць словы. А імкненне «знішчыць словамі» адно з самых небяспечных і чалавецтва не раз мела жалобную нагоду назіраць, як звычайныя словы — прамоўленыя або занатаваныя на паперы — нішчылі людскія лёсы.

Дыялогі Немата Келімбетава можна чытаць у розным парадку, можна перачытваць, звяртацца да найбольш запамінальных альбо актуальных у канкрэтнай жыццёвай сітуацыі. Гэта сапраўды «падручнік па духоўнай сталасці», які будзе цікавы людзям розных узростаў і розных прафесійных зацікаўленняў.

Жанна КАПУСТА

Загаловак у газеце: Падручнік па духоўнай сталасці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».