Вы тут

Былое адгукаецца ў сучасным


Жыццё чалавечае не ведае спыну нават тады, калі недзе на зямлі ідуць войны, руйнуюцца імперыі, падаюць троны. Старэем мы, сталеюць нашыя дзеці, падрастаюць унукі. Адны адыходзяць з гэтага жыцця, а іншыя прыходзяць. Усё сённяшняе на нашых вачах пераходзіць у былое. У гэтай жыццёвай няспыннасці і пераемнасці чалавек заўсёды абапіраецца на памяць.


Згадваючы потым перажытае, згадваеш і тых, хто быў некалі з табою побач, хадзіў аднымі сцяжынамі, а то і дзяліў з табой апошні акрайчык хлеба, смяяўся і радаваўся, нават плакаў. Колькі ўспамінаў, смешных і сумных выпадкаў усплывае часам, калі адчыняеш патаемны куфэрак сваёй памяці! А чаму б не падзяліцца ўсім гэтым з чытачом, калі яно ўжо не зусім такое «асабістае»?

Відаць, з падобнага жадання і з’явілася кніга, якую я сёння трымаю ў руках. Яе аўтар — пісьменнік, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь і шэрагу літаратурных прэмій Алесь Марціновіч. Перафразаваўшы Аляксандра Герцэна, аўтар не без інтрыгі назваў сваю кнігу «Былое, але не думы». Хоць, прачытаўшы кнігу, не зусім і згаджаешся з тым, што ў ёй адно толькі былое. Добра праглядаюцца і тыя самыя аўтарскія думы. Падзагаловак дадае: «Сёе-тое з пражытага і перажытага». Тым больш калі аўтар задумваецца над сэнсам жыцця, над яго нечаканымі праявамі, непрадказальнай містыкай некаторых жыццёвых эпізодаў, а таксама хуткаплыннасцю часу ды безвыходнасцю. Ёсць тут тое самае, што прымушае чытача задумацца.

Большасць тых, каго згадвае Алесь Марціновіч, пайшлі з жыцця, даўно ці нядаўна. Адных з іх аўтар называе сапраўднымі прозвішчамі, іншых — толькі першымі літарамі прозвішчаў. Што ж, падобны прыём нярэдка выкарыстоўваецца ў літаратуры. Аўтар звяртаецца да яго з нейкіх сваіх меркаванняў. Не надта і напружваючыся, я прачытваю ў згадках-абразках знаёмыя імёны: Аляксей Кулакоўскі, Нічыпар Пашкевіч, Генадзь Цітовіч, Хведар Жычка, Мікола Гроднеў, Віктар Дайліда… Спіс можна працягваць. Побач з адсутнымі добра пазнаюцца і жывыя, хто й сёння працуе ў нашай літаратуры. У адным з абразкоў нават убачыў сваю асобу, шчыра пасмяяўся, калі згадаў тое, пра што сам даўно ўжо забыўся. Аўтар выступае ў кнізе як сведка, а часцей — як саўдзельнік таго, згаданага. Ён жа і падагульняе ці рэзюмуе тое, што малюе своеасаблівымі фарбамі: дзе гратэскна, дзе падтэкстам ці дасціпным параўнаннем.

«Былое» нашае рэдка знікае з памяці чалавека, як бы ён таго ні хацеў. А калі яно яшчэ мае ўсе характэрныя рысы свайго часу, калі гэтае, характэрнае, праглядваецца і ў паводзінах чалавека, самыя вясёлыя моманты заўсёды падаграюць настрой, просяць нейкага свайго саўдзелу, увагі. Як прызнаецца аўтар, яго задума якраз вынікала з самой памяці, з тых самых малюнкаў, выпадкаў і момантаў, да якіх ён у свой час дачыніўся. Шматгадовая праца сталася не толькі своеасаблівай літаратурнай школай, але і падаравала А. Марціновічу шмат сустрэч і знаёмстваў з вядомымі творцамі, а з калегамі цесна паяднаў штодзённы клопат.

Сёння, на адлегласці часу, можна ўжо нават з цікавасцю прыадчыняць дзверцы таямніц і сакрэтаў, магчыма, нязручных для часу мінулага. Як кажуць, што было, тое было. Жылі ў сваім часе, па тым жа часе звяралі свае гадзіннікі. Сумным часта называюць той застойны час, але якія вясёлыя сітуацыі ў ім узнікалі самі па сабе, без нейкіх там прыдумак. І як гэта сёння дапаўняе характары даўно вядомых нам людзей! Часам і падрабязныя мемуары не здольныя на такое. Бо яны, як нехта пасмяяўся, пішуцца пераважна тады, калі чалавек ужо мала што помніць. Усё, што некалі лічылася і надта сур’ёзным, сёння чытаецца з добрай усмешкай. Варта згадаць той жа прыём у партыю, які апісвае А. Марціновіч. А для падмацунку — рэкамендацыя самога Івана Шамякіна і згадка пра тое, як яна пісалася.

Сумным часта называюць той застойны час, але якія вясёлыя сітуацыі ў ім узнікалі!.. І як гэта сёння дапаўняе характары даўно вядомых нам людзей! Усё, што некалі лічылася надта сур’ёзным, сёння чытаецца з добрай усмешкай. Варта згадаць той жа прыём у партыю, які апісвае А. Марціновіч. А для падмацунку — рэкамендацыя самога Івана Шамякіна і згадка пра тое, як яна пісалася.

Была свая творчая слава ў колішняга фотакарэспандэнта «ЛіМа» Уладзіміра Крука. З цікавасцю чытаюцца ў кнізе фрагменты, дзе згадваецца гэта паважанае імя. Хай часам даводзіцца і прыўсміхнуцца недзе, але зусім не меншае павагі да працавітага, таленавітага і, магчыма, незаменнага ў сваёй справе чалавека.

Шмат старонак у кнізе адведзена працы аўтара ў раённай газеце. Хто пакаштаваў там нялёгкага журналісцкага хлеба, таксама не застанецца абыякавым, прачытаўшы гэтыя старонкі. Тым больш што яно ўсё не прыдуманае.

Але не толькі пацешныя згадкі складаюць змест гэтай кнігі, ёсць тут і месца для роздуму, суперажыванню, асветленаму спагаднай чалавечай думкай, а то і нейкім шкадаваннем, шчырым душэўным судачыненнем. Трэба пагадзіцца з тым, што сумнае з вясёлым ходзяць побач. Шчыра скажу, усхваляваў мяне ў кнізе А. Марціновіча эпізод са згубленым сабачкам. Усё адбылося ў шумным гарадскім натоўпе. Сабачка, што невядома як адбіўся ад гаспадара, сваім унутраным чуццём выбраў з усіх толькі аднаго чалавека, якому захацеў даверыцца. І гэты давер выпаў на нашага аўтара. Сабачка пабег у метро, праціснуўся разам з новым гаспадаром у вагон. І вось яны едуць разам. Можна зразумець, што на душы ў аўтара. Ён ведае: дома яго з чацвераногім госцем не прымуць. Ён не можа гэта растлумачыць новаму сябру: «“На Пушкінскай мне выходзіць”. Сабачка, нібы прачытаўшы думкі, зірнуў і завіляў хвосцікам. Што, несумненна, азначала: “Згодзен выходзіць з табой”. Выйсце бачыў у тым, каб, як толькі цягнік падыдзе да Пушкінскай, адразу выскачыць з вагона і растварыцца ў натоўпе: на гэтай станцыі заўсёды выходзіць шмат пасажыраў. Але сабачка адразу разгадаў мой намер. Як толькі я ўзняўся, ён саскочыў на падлогу, забег наперад і азірнуўся… Хочаце верце, хочаце сумнявайцеся, але ягоны позірк азначаў: “І не брыдка табе ўцякаць? Мы ж з табой сябры, а хіба сяброў кідаюць?”. З вагона мы выйшлі разам».

Вельмі чуллівы і амаль містычны малюнак. Прадчуваннем чагосьці незвычайнага, містычнага напоўненыя і іншыя жыццёвыя замалёўкі А. Марціновіча. Лагічна завяршае кнігу аўтабіяграфічны запіс «Усё, што не адбываецца, да лепшага», дзе аўтар прыадкрывае нам сваю душу, згадваючы зусім невясёлыя эпізоды. «Жыццё ж працягваецца…» — заўважае напрыканцы А. Марціновіч. — Магчыма, і працяг гэтай кнігі з’явіцца». Таго й хочацца пажадаць аўтару. Кніга прачыталася, як кажуць, на адным дыханні.

Казімір КАМЕЙША

Загаловак у газеце: БЫЛОЕ АДГУКАЕЦЦА Ў СУЧАСНЫМ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.