Вы тут

Настальгіраваць з «ЛіМам»


Прапанавала Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага

Экспазіцыя нумароў газеты «Літаратура і мастацтва» ў Брэсцкай абласной бібліятэцы імя М. Горкага — як машына часу: толькі разгарні зжаўцелыя старонкі факсімільнага выдання першага нумара «ЛіМа» — і ты ў 1932 годзе. Газетная даўніна патыхае веліччу, настоенасцю. Рарытэты архіва стракацяць гучнымі лозунгамі. «Праверыць пяро і вінтоўку», — заклікае загаловак 1-га нумара, які выйшаў 85 гадоў таму. «Сёння мы павінны цвёрда і канчаткова сказаць сабе, што наша зброя — мастацкае слова — павінна біць у цэль, павінна быць вострай, як штык, і меткай, як кулі чырвонаармейцаў», — гучыць на першай старонцы пад аўтарствам Барыса Мікуліча. Творчы шлях у 85 гадоў — трывалая лесвіца сталення, узыходзячы па якой раскрываліся таленты, шліфавалася майстэрства… Прайсціся па прыступках лімаўскай лесвіцы, прасачыць развіццё аднаго з найстарэйшых выданняў краіны, прапанавала Брэсцкая абласная бібліятэка імя Горкага, арганізаваўшы да юбілею «ЛіМа» ў рубрыцы «Падзея года» выстаўку «Газеце “Літаратура і мастацтва” 85 гадоў».

Пашанотны спадарожнік творчасці, люстэрка эпохі, «ЛіМ» паўстаў у экспазіцыі квяціста і па-святочнаму. Колькі ж юбілейных нумароў назбіралася: 60, 65, 75!.. Цягам доўгага творчага шляху, асвятляючы літаратурнае, культурнае, грамадска-палітычнае жыццё краіны, з самага пачатку курс быў на захаванне нацыянальнай культурнай спадчыны, развіццё народнай творчасці.

Загалоўкі публікацый першага нумара даюць магчымасць уявіць зместавую накіраванасць тагачаснага культурнага жыцця. Акрамя агульнага палітычнага настрою, насычаная палітра тэм: артыкул Ал. Салагуба «Літаратурны фронт Заходняй Беларусі», Ал. Кучара «Пра п’есу Андрэя Александровіча “Напор”», вершаваны твор «Профэсар і стэнографістка» (новыя раздзелы з «Ценяў на сонцы») Андрэя Александровіча, матэрыялы па пытаннях тэатра: «Над чым працуе БДТ-1», «Хроніка БДТ-2», «Перамога Бел. Дзярж. Яўр. тэатру (паказ “Штурм”)», артыкул В. Вольскага «5 год Беларускага Другога Дзяржаўнага Тэатру», «Хроніка выяўленчага мастацтва», урывак з п’есы Ільі Гурскага «Новы горад». Іншыя нумары газеты раскрываюць тэмы выяўленчага мастацтва, музыкі і кіно, архітэктуры, самадзейнай творчасці.

Сярод аўтараў «ЛіМа» 1940-х гадоў — М. Волгіна, Ю. Равіч, Е. Ігараў, Б. Смольскі, І. Рубінштэйн («Партыйная арганізацыя мастакоў перад справаздачна-выбарчым сходам»), Г. Бярозкін, Н. Сурначоў. Публікаваліся вершы Міхася Слівы, Пятра Глебкі. Друкаваліся мастацкія творы: урыўкі з паэм, аповесцей, раманаў, п’ес, вершы, апавяданні, прэзентаваліся новыя творы сучасных аўтараў. Пісалі: «Аб канцэртах філармоніі», «Аб перакладах п’ес», «Творчыя вечары кампазітараў», «Больш увагі абароннай літаратуры».

Аналізуючы нумары-ветэраны, можна прасачыць, якія праблемы і на якім узроўні вырашалі пісьменнікі і мастакі ў розныя гады. Дарэчы, у «ЛіМе» ўпершыню апублікаваны многія творы Я. Купалы, Я. Коласа, К. Чорнага, К. Крапівы, П. Броўкі, А. Куляшова, М. Танка, І. Мележа, В. Быкава, П. Панчанкі, І. Шамякіна, Я. Брыля, А. Макаёнка, І. Чыгрынава, Н. Гілевіча, Р. Барадуліна, Б. Сачанкі, І. Пташнікава, Я. Сіпакова ды іншых класікаў.

— «ЛіМ» выпісваем з 1946 года, за гэты перыяд і прадставілі нумары розных гадоў, у факсімільным выглядзе — першы нумар, — каментуе бібліятэкар чытальнай залы бягучых перыядычных выданняў Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага Людміла Смялова. — Задача выстаўкі — паказаць, што друкавалася за розныя гады, каб чытачам было цікава. І прывабіць атрымалася: разгортвалі старыя нумары, праглядалі артыкулы. Пенсіянеры, да прыкладу, памятаюць савецкі перыяд, а тым, хто маладзейшы, цікава было паназіраць савецкую прапаганду і параўнаць з тым, што друкуюць зараз.

— Сённяшні «ЛіМ», нумары якога таксама экспанаваліся на выстаўцы, верны традыцыі і зберагае лепшае, што напрацавана ў мінулым, і ў той жа час шукае падыходы ў прафесійным і творчым жыцці, — адзначае Любоў Трубіцына, загадчык чытальнай залы бягучых перыядычных выданняў. — Менавіта гэтым газета прываблівае нашых чытачоў: студэнтаў, настаўнікаў, школьнікаў, бібліятэкараў і ўсіх, хто цікавіцца літаратурай і культурным жыццём Беларусі. За люты, падчас экспанавання выстаўкі, зафіксавана больш як 1000 наведванняў, у тым ліку ў складзе экскурсій.

Чытальная зала бягучых перыядычных выданняў — актыўнае падраздзяленне Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага (адкрыта 4 студзеня 1940 г.). На 1 студзеня 2017 года агульны фонд бібліятэкі склаў 883 525 экз. дакументаў, адпаведна фонд перыядычных выданняў — 196 224 экз. часопісаў і газет. Усяго ў 2016 годзе бібліятэка атрымала 66 назваў газет і 453 назвы часопісаў.

Каб раскрыць багацце свету перыёдыкі, аддзел вядзе выставачную работу. Ці не гэта прыцягавае ў чытальныя залы? Бо агульнавядома, што зараз усё больш актывізуюцца аддаленыя карыстальнікі… Многія лічаць за лепшае адсочваць інфармацыю на пастаянна ўзнаўляемых сайтах, анлайн, чым гартаць выданні ў друкаваным выглядзе. Традыцыйная прэса прыйшла ў інтэрнэт у сярэдзіне 90-х гадоў ХХ ст.

Інфармацыя стала даступнай, можна пачытаць электронную версію газеты дома. Ці не губляе бібліятэка запатрабаванасць у чытанні перыёдыкі, увогуле ў чытанні? Бібліятэкар Людміла Смялова распавядае: «Калі я прапанавала адной нашай чытачцы хуценька знайсці адказ на яе пытанне па інтэрнэце і раздрукаваць, яна запярэчыла: “Не, не трэба, я лепш пагартаю газеты і перапішу ў сшытак”. Інтэрнэтам карыстаешся, калі патрэбна інфармацыя хутка, студэнтам, напрыклад. А тыя, хто не спяшаюцца, хто жадае разважлівага чытання, асэнсавання інфармацыі, выбіраюць газету. Пагартаць — і ўзважыць, пафіласофстваваць». Нягледзячы на тое, што некаторыя даследчыкі канстатуюць скарачэнне прасторы кніжнай камунікацыі, высокі статус кнігі захоўваецца. Лічыцца, што інтэрнэт садзейнічае ўзмацненню аўтарытэту традыцыйнай бібліятэкі, асабліва калі яна ўключана ў інтэрнэтпрастору.

Новыя інфармацыйныя тэхналогіі даюць магчымасць павялічыць аб’ёмы інфармацыі, паскараюць пошук — знікаюць праблемы захоўвання інфармацыі і абслугоўвання. Сціраюцца часавыя і прасторавыя бар’еры. Калі раней бібліятэкар мог лічыць сябе асветнікам, то сёння ён, атрымліваецца, больш навігатар інфармацыі, пасрэднік паміж карыстальнікам і інфармацыйным рэсурсам?

У далёкім мінулым бібліятэкай карыстаўся чытач, які праглядаў кнігі з фонду ў памяшканні бібліятэкі. Потым кнігі пачалі выдаваць на дом па абанеменце. У ХІХ стагоддзі чытача, які браў кнігі на дом, называлі падпісчыкам. Наведваў бібліятэку падпісчык радзей, чым карыстальнік чытальні (чытальнай залы). Сёння з’явіліся віртуальныя карыстальнікі, здавалася б, якія могуць выцесніць рэальных наведвальнікаў. Але ўсё ж у бібліятэку ідуць. Што ж вабіць чытаць «наяве»? Што цягне ў бібліятэку? Атмасфера, зносіны, бібліятэчнае асяроддзе. Адна справа — атрымаць да электроннай газеты доступ, а іншая — разгарнуць яе ў чытальнай зале, абмеркваць — больш паўнацэнны працэс. Атмасфера, якая садзейнічае чытанню як духоўнаму акту, паглыбленню ў працэс мыслення, — у гэтым перавага рэальнага чытання над электронным. Электроннае чытанне — імгненнае атрыманне інфармацыі, часам без смакавання. А рэальнае чытанне — нетаропкасць, удумлівасць, рэфлексаванне. Адпаведна, бібліятэкі — месца адпачынку, вольнага часу, задавальнення эстэтычных патрэб, вось чаму актуальныя сёння выстаўкі.

На жаль, ва ўмовах новых інфармацыйных тэхналагій зносіны ўсё больш залежныя ад тэхнічных прылад. Камунікацыя становіцца спецыфічнай — чалавекамашыннай. Можа, якраз экспазіцыі, выстаўкі, жывое чытанне ў залах выправяць гэту праблему. Навідавоку тэхнізацыя бібліятэчнай прафесіі. Бібліятэчная дзейнасць ускладняецца, становіцца шматграннай. Але пры любых інавацыях і змяненнях нязменнай застаецца цяга да жывога слова, што грэе, што захоўваюць клапатліва арганізаваныя экспазіцыі. Прыйсці, разгарнуць газету «Літаратура і мастацтва», адчуць непаўторную эстэтыку…

Наталля СВЯТЛОВА

Загаловак у газеце: Настальгіраваць з «ЛіМам»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».