Вы тут

Электронная база рэзюмэ выпускнікоў запушчана ў БДУ


— Праект «Cv.bsu.by» уяўляе сабой інтэрнэт-платформу з базай рэзюмэ студэнтаў выпускнога курса. Яго мэта — аптымізаваць пошук першага працоўнага месца, а таксама максімальна спрасціць працэс узаемадзеяння паміж наймальнікам і кандыдатам, — расказала начальнік упраўлення кадраў БДУ Наталля НЯПЕЎНАЯ. — Электронны рэсурс мае зручную навігацыю і складаецца з раздзелаў «Рэзюмэ» і «Дакументы». Усе размешчаныя на ім анкеты змяшчаюць апісанне навуковай дзейнасці, узровень валодання замежнымі мовамі, камп'ютарнымі і прафесійнымі навыкамі, а таксама дадатковую інфармацыю пра захапленні, хобі і кантактныя звесткі выпускніка. Натуральна, што размяшчэнне заявак ажыццяўляецца толькі па жаданні самога студэнта. База штодня папаўняцца новымі анкетамі.


А навігацыя сэрвісу дазваляе наймальнікам, у якіх няма часу прыязджаць ва ўніверсітэт, хутка азнаёміцца са звесткамі пра прэтэндэнтаў, падабраць кандыдата з улікам уласных патрабаванняў і запрасіць яго на гутарку.

Праект распрацаваны пры ўдзеле супрацоўнікаў факультэта радыёфізікі і камп'ютарных тэхналогій БДУ, упраўлення кадраў, Цэнтра інфармацыйных тэхналогій і кампаніі Abіatec.

Трэба мець на ўвазе, што сёлета адбудзецца падвоены выпуск спецыялістаў з ВНУ, якія навучаліся па чатырох- і пяцігадовай праграме вышэйшай школы.

— Таму ўсім службам, якія займаюцца размеркаваннем выпускнікоў, даводзіцца прыкладаць значна больш намаганняў, чым у папярэднія гады, — канстатавала Наталля Няпеўная. — З кожным работадаўцам вядзецца амаль персанальная работа. Пакуль што прагназаваць праблематычна, але мы разлічваем на добры вынік. Між іншым, улічваючы актуальнасць праблемы, яшчэ ў сярэдзіне лютага Белдзяржуніверсітэт правёў адкрыты Рэспубліканскі кар'ерны форум, які наведалі больш як 1200 студэнтаў з усіх універсітэтаў краіны. Яны пазнаёміліся з рэаліямі сучаснага рынку працы, атрымалі каштоўныя рэкамендацыі наконт пошуку працы і набылі, як мы спадзяёмся, карысныя прафесійныя кантакты. Студэнтам трэба зразумець, што знайсці цікавую высокааплатную работу — звышскладаная задача. Займацца пабудовай кар'еры неабходна не за два месяцы да выпуску, а пачынаючы з другога-трэцяга курса. Акрамя таго, неабходна вучыцца правільна сябе прэзентаваць.

Вось толькі адзін нюанс. Што можна запісаць у графу «Вопыт працы», калі працоўнага досведу пакуль няма? Карыснай для наймальніка інфармацыяй можа аказацца, напрыклад, тэма дыплома, курсавой ці навуковай работы студэнта, калі яна, вядома, адпавядае вакансіі. Досвед фрылансу або ўдзел студэнта ў цікавых праектах... Міма пэўных дасягненняў, згаданых студэнтам, прайсці будзе проста немагчыма.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Загаловак у газеце: За крок да размеркавання

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.